Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Махале́я ’доўгі, нецікавы расказ’ (Бяльк.), ’хлусня’, ’хлус’ (Юрч.). Да махлява́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ея гл. Сцяцко, Афікс. наз., 36–37. Гл. таксама і махале́й.

Маха́льнік ’чалавек, які падае сігналы’ (ТСБМ). Рус. маха́ло ’тс’. Да маха́ць.

Маха́льны ’тс’, паводле Крукоўскага (Уплыў, 118) — з рус. мовы.

Ма́хам, ма́хым ’па-ашуканцку’ (Нас., Бяльк., Растарг.). Да махаць, у якога І. Насовіч фіксуе значэнне ’хлусіць’.

Махаме́ла, мохаме́ла ’павольны, непаваротлівы чалавек’ (ТС). З укр. хаму́ла ’тс’ з прэфармантам ма‑. Параўн. укр. махаму́ла ’цяльпук, мяла’ (Нікан.).

Махамэ́т, мъхамэ́т, мьхамэ́ціна ’прайдзісвет’ (міёр., З нар. сл.). Параўн. рус. дан. махоме́т ’бандыт’, магоме́т — лаянка (у А. П. Чэхава). Паводле Фасмера (2, 556), у рус. мову прыйшло з Захаду. Узыходзіць да араб. Muḥammad ’Магамет’.

Маханоша ’чалавек, які ў час палявання носіць торбу’ (хойн., Шатал.). Пачатковае мах‑ да мех (гл.).

Ма́ханькі, ма́ханькій, ма́хенькі, ма́хонькі, махо́сенькі, махо́хоханькі, маху́сенькі, махоткі, маху́ткі, маху́тэнькі ’дробны, маленькі’ (Бяльк., Нас., Растарг., добр., Мат. Гом.). Прымыкаюць да рускамоўнага арэалу. Утвораны ад малы, рус. малый па аналогіі да легохонький, тихохонький (Фасмер, 2, 585) з выпадзеннем склада ‑ле‑ (‑лё‑), параўн. ст.-рус. малехонький ’тс’.

Ма́хар, ма́хер, ма́хір, ма́хер у выразе шахер‑махер ’хлус, ашуканец’ (Шат., Касп., Нас.) запазычана з ідыш macher, якое з новав.-ням. Macher ’камбінатар, дзялец’ (Вінэр, ЖСт, 1895, 1, 64; Карскі, О языке, 173). Сюды ж ма́хірыць ’хлусіць, маніць’ (Нас.).

Маха́ць, мыха́ць, маха́ты, маха́тэ ’рабіць узмахі, рухі ў паветры’, ’хутка ісці’, ’хутка рабіць’, ’матаць нагамі’ (ТСБМ, Федар. 6, Нас., Бяльк., ТС, Анох., драгічынскае, КЭС; Сл. ПЗБ), ’хлусіць’ (Нас.), махацца ’сноўдацца, матляцца, церціся, мазоліць вочы, жыць сабе патроху’ (Нас., ТС). Укр. маха́ти, рус. махать, польск. machać, н.-луж. machaś, в.-луж. machać, чэш. máchati, славац. máchať, славен. máhati, серб.-харв. ма́хати, макед. мава, балг. махам, ц.-слав. махати. Прасл. maxati, утворанае ў выніку пашырэння суфіксам ‑x‑ асновы majati, роднаснай з літ. móti ’махаць, ківаць’ (як jexati з літ. jóti ’ехаць на кані’). Да і.-е. *ma‑ рухаць’ (Міклашыч, 180; Бернекер, 2, 4; Бязлай, 2, 161). Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 584 і БЕР, 3, 692–693.