Мех, міх, міех, мяшок, мішок, машок ’мех — мера, роўная 3–5 пудам’, ’сярэдняя частка невада’, ’сяннік’, ’кавальскі мех’, ’лічынка мурашкі’, ’непаваротлівы, нязграбны чалавек’ (ТСБМ, Нас., Булг., Грыг., Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Тарн., Яруш., Бес., Сцяц.), мяшочак ’плавальны пузыр’ (нараўл., З нар. сл.). Укр. міх, рус. мех, польск. miech, палаб. mech, н.-, в.-луж., чэш. měch, славац. mech славен. mȇh, серб.-харв. ми̏јех, ме̑х, макед. мев, балг. мях, ст.-слав. мѣхъ. Прасл. měxъ ’аўчына’ > ’мех’. І.‑е. адпаведнікі: літ. maĩšas, лат. màiss ’мех’, літ. máisė ’раптух’, ст.-прус. moasis ’кавальскі мех’, магчыма, таксама ст.-інд. mēšá ’баран, шкура’, mēšī́ ’авечкі’, авест. maēša ’авечка’, ст.-ісл. meiss ’кошык’, нарв. meis ’тс’, ст.-в.-ням. meisa ’прыстасаванне для ношы на спіне’, і.-е. *moisos (Бернекер, 2, 46; Брукнер, 311; Траўтман, 165; Фасмер, 2, 612; Махэк₂, 356; Скок, 2, 421; Бязлай, 2, 176; Шустар-Шэўц, 12, 896). Аб развіцці семантыкі гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 201. Абаеў (Этимология, 1984, 13) выводзіць і.-е. *meiso.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)