Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раўге́ня ’запараная страва ці напітак з заквашанага цеста з жытняй мукі, саладуха’ (Сл. ПЗБ; докш., Янук.); сюды ж, магчыма, з метафарычным пераносам раўге́ша ’кулага’, ’няўклюдны чалавек; разявака’ (Касп.). Літуанізм з тыповым балтыйскім суф. ‑еня (літ. ‑iẽnė), ад літ. ráugas ’закваска’, ráugti ’квасіць’, параўн. rauginė/raugiẽnė ’гарох з кіслым цестам’, ’гатунак квасу’, ’каша на соладзе’. Падобнымі па ўтварэнні з’яўляюцца расаленя, крупеня, таўкеня (гл.). Гл. Лаўчутэ, Лекс. балтызмы, 20; Лаўчутэ, Балтизмы, 32; Анікін, Опыт, 261.

Раўда́нь, раўдо́нь ’нізкі, роўны і шырокі бераг ракі, абалонь’ (Ласт.). Няясна; магчыма ў выніку перастаноўкі зычных з раўнадзь ’раўніна’. Гл. раўнядзь, роўнядзь.

Раўдо́нік ’грыб падасінавік’ (воран., Сцяшк.; Сл. ПЗБ). Адаптаваны баптызм, параўн. літ. raudonìkis ’тс’ ад raudónas ’чырвоны’ (Цыхун, Лекс. балтызмы, 53; Лаўчутэ, Балтизмы, 72), параўн. чырвонагаловік ’тс’ (гл.).

Раўка́ты ’васпаваты, рабы’ (Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка параўноўваюць з літ. raukúotas ’маршчыністы’, што да літ. raukaĩ ’складкі, маршчыны’.

Раўка́ць ’квакаць’: жабы раўкаюць (шчуч., ДАБМ, камент.). Параўн. рус. ря́вкать ’гаркаць’. Гукапераймальнае.

Раўнава́га ’ўстойлівае становішча, спакой’ (ТСБМ, Нас.). Лічыцца запазычаннем з польск. równowaga ’тс’ або калькай з ням. Gleichgewicht ’тс’, што ў сваю чаргу калькуе лац. aequilibrium ’тс’, параўн. укр. рівнова́га ’тс’, рус. равнове́сие ’тс’ (Фасмер, 3, 428).

Раўна́ць (ровна́ць) ’раўняць, параўноўваць; даваць пароўну’ (Нас.), ’раўняць, параўноўваць’ (Ян.), стараж.-рус. ровнати ’тс’ (Смаленская грамата 1229 г.), параўн. укр. рівня́ти, рімна́ти ’раўняць; параўноўваць’, польск. równać ’тс’, чэш. rovnati ’тс’, славен. ravnáti ’раўняць; рабіць роўным’. Сюды ж ітэратыў раўнава́ць ’раўняць; параўноўваць’ (ТСБМ, Нас., Арх. Федар.), роўнава́ць ’тс’ (ТС). Ад ро́ўны (< *orvьnъ), гл. Параўн. раўняць (гл.).

Раўні́вы ’ахоплены зайздрасцю, недаверам, нявер’ем у каханні’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сюды ж раўні́ць ’раўнаваць’: раўніў ка ўсім (Ян.); рэўні́вы ’тс’ (ТС), ст.-бел. ревн​ѕикъ ’раўнівы’ (XVI ст., Карскі 2-3, 36). Параўн. укр. ревни́вий, рус. ревни́вый ’хто сумняваецца ў адданасці, шчырасці пачуццяў’, польск. rzewniwy ’расчулены, усхваляваны’, чэш. řevnivý, серб.-харв. ревнив, ревњив (з рускай, Глухак, 526), балг. ревни́в, ст.-слав. рьвьнивъ, ревнивъ ’хто падазрае ў нявернасці’. Прасл. *rьvьnivъ(jь) утворанае ад *rьvьnъ ’старанны, імклівы’, параўн. серб.-харв. ре́ван ’сумны’, славен. réven ’бедны, жалюгодны’, польск. rzewny ’чулы, чуллівы; шчыры, адданы’, якое звязваюць з раўці (гл. раўсці), гл. Фасмер, 3, 455; БЕР, 6, 199. У народнай мове звязваецца з дзеясловам раўнава́ць ’прыраўноўваць, супастаўляць’, параўн. раўнаваць (ровнова́ць) ’зраўноўваць; параўноўваць; даваць правільны кірунак, прымяняць; не давяраць у каханні’ (Нас.); роўнова́ць ’пытаць (?)’: До крыніцы побежала / Гей ліце свое раўнавала (Доўн.-Зап., Пін.), што да роўны (гл.). Гл. таксама рэўнасць.

Раўні́на ’роўная, без гор, пагоркаў і паніжэнняў зямная паверхня’, ’роўнае месца, роўнядзь, роўнае поле’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), раўніна́ ’тс’ (ваўкав., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), роўніна́ ’нешта выключна роўнае; роўная мясцовасць, роўнядзь’ (ТС); ст.-бел. ровнина (1616 г., Карскі, 1, 415). Параўн. укр. рівнина́ ’тс’, рус. равни́нац.-слав.) ’тс’, польск. równina ’тс’, серб.-харв. равнѝна ’тс’, славен. ravnína ’тс’, балг. равнина́, ц.-слав. равьнина ’тс’. Дэрыват ад прасл. *orvьnъ са значэннем ’роўны’ (гл. роўны) з далейшым утварэннем пры дапамозе суф. ‑in(a) са значэннем ’месца, прастора’, падобна як цесныцясніна і інш. (БЕР, 6, 140). Меркаванні пра запазычанне гл. Кохман, Зб. Бархудараву, 160.

Раўно́шчы ’рэўнасць’ (Сцяшк. Сл.). Абстрактны назоўнік на ‑ошчы, якім прыпісваецца ўкраінскае паходжанне, параўн. любошчы, радашча (гл.). Да рэўнасць (гл.).