Раўні́на ’роўная, без гор, пагоркаў і паніжэнняў зямная паверхня’, ’роўнае месца, роўнядзь, роўнае поле’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), раўніна́ ’тс’ (ваўкав., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), роўніна́ ’нешта выключна роўнае; роўная мясцовасць, роўнядзь’ (ТС); ст.-бел. ровнина (1616 г., Карскі, 1, 415). Параўн. укр. рівнина́ ’тс’, рус. равни́на (з ц.-слав.) ’тс’, польск. równina ’тс’, серб.-харв. равнѝна ’тс’, славен. ravnína ’тс’, балг. равнина́, ц.-слав. равьнина ’тс’. Дэрыват ад прасл. *orvьnъ са значэннем ’роўны’ (гл. роўны) з далейшым утварэннем пры дапамозе суф. ‑in(a) са значэннем ’месца, прастора’, падобна як цесны — цясніна і інш. (БЕР, 6, 140). Меркаванні пра запазычанне гл. Кохман, Зб. Бархудараву, 160.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)