Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Туры́ць ‘гнаць, прымушаць хутка рабіць што-небудзь, імчаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Гарэц., Бяльк., Яўс., Ласт., ТС, Варл., Волк., Растарг.), ‘гнаць, штурхаць’ (Вушац. сл.), ‘везці нешта грувасткае’ (ТСБМ, Кал.), ‘бязмэтна траціць, раскідаць’ (Растарг.), ту́рыць (ту́рытсь) ‘прымушаць, паганяць’ (Шпіл.), ‘гнаць (пра самагонку)’ (Зайка Кос.), ту́ріць ‘рабіць нешта непрыстойнае’: культура — дзе стаіць, там і туря (ветк., Palaeoslavica, 23, 1, 173), туры́ты ‘гнаць’ (Сл. Брэс., Арх. Вяр.; драг. З нар. сл.), туры́цца ‘гнацца, бегчы следам, даганяючы’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. ту́ри́ти ‘гнаць, выганяць’, рус. тури́ть ‘падганяць, гнаць, пудзіць’, польск. дыял. turać ‘абарочваць, каціць’, каш. tuřëć ‘хутка ехаць’, серб., харв. tȕřiti ‘штурхаць, піхаць, класці’, славен. túrati ‘піхаць, тузаць’, макед. тури ‘пакласці, паставіць’, балг. ту́рям ‘ставіць, класці’. Прасл. *turiti і *turati ‘піхаць, паганяць, гнаць’ без пэўнай далейшай этымалогіі (SEK, 5, 181); паводле Глухака (645), узыходзіць да і.-е. *tour‑, няпэўна.

Турыя́, турые́, тырые́, тырыя́, турʼé ‘пілавінне’ (кобр., ЛА, 1), тыруя́ ‘тс’ (драг., іван., Сл. Брэс.). З прасл. *ter‑ti ‘церці’, да асновы якога далучаўся суф. ‑ьje > *terьje, у якім ‑e‑, паводле заходнепалескага вакалізму, было заменена на ‑ы‑, а апошняе перайшло ў ‑у‑. Параўн. труя́ (гл.), укр. тури́ця ‘дробныя часцінкі дрэва, якія выпадаюць пры свідраванні’ (ЕСУМ, 5, 681).

Ту́ры-ту́ры (прыпеўка): Туры‑туры‑туры. / Пайшлі куры на хаўтуры (арш., Дзіц. фальклор). Гукаперайманне (імітацыя акампанементу на музычным інструменце?), параўн. тыры-тыры, гл.

Турэ́ц ‘звужанае рэчышча са шпаркім цячэннем вады’ (дзісн., Ластоўскі, Выбр. тв., 421), ‘быстрыня, струміна, хуткая плынь у рацэ’ (Ласт.), ‘прыспешаная плынь вады, сціснутая з двух бакоў каменнымі стромкімі лехамі’ (У. Дубоўка). Суфіксальнае ўтварэнне ад турыць ‘гнаць, імчаць’ (Пацюпа, Arche, 2007, 3, 195). Санько (Бел. гіст. агляд, 2007, 14, 1–2, 335) бачыць паралель у назве рэчкі Тур або Тураўлянка, якая, па паданні на Тураўшчыне, раней называлася Струмень, параўн. санскр. turá ‘хуткі’ і фрак. strumá, strumón ‘плынь, рака’.

Турэ́цкі ‘які мае адносіны да Турцыі або яе жыхароў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), туре́цʼкі ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. турецкий, турецский, туречкий ‘тс’ (1565–1566 гг.), ‘састаўная частка некаторых батанічных назваў’ (1599 г., ГСБМ), у пераносных значэннях таксама ‘чужы, незнаёмы’: Я адну дачку маю — / Тую замуж аддаю / Да ў турэцкую зямлю (бешанк., Песні нар. свят), ‘чужаземны’: turéckʼiĭe ôrý​exi ‘грэцкія (валоскія) арэхі’ (лун., Арх. Вяр.), часам у значэнні ‘дзікі, непрыемны, шкодны’: турэ́цкі баго́н ‘нейкая расліна, падобная на багон’ (ТС), або, наадварот, турэ́цкі рамо́нак ‘рамонак пахучы’ (лельч., Нар. лекс.), гл. спецыяльна пра ўжыванне т. зв. ксенонімаў Беразовіч, Язык и традиционная культура, 433–436 і інш. Ва ўсходнеславянскіх мовах лічыцца запазычаннем з польск. turecki (вытворнае ад Turek ‘турак’), як і сама назва краіны Турцыя (польск. Turcja з новалац. Turcia), гл. Фасмер, 4, 126; Гарбуль, Семант. полонизмы, 184; Арол, 4, 119; відавочна, пранікненне праз старабеларускую мову (Золтан, SSlav., 34, 1–4, 113–116). Аўтары ЕСУМ (5, 683) дапускаюць утварэнне непасрэдна ад ту́рки (< *турец), як і Туреччина, турьський, што да тур. Türk ‘турак, цюрак’, параўн. і ст.-бел. турский ‘турэцкі’ (1516 г., ГСБМ). Параўн. туркі-баркі, гл.

Турэ́чынка ‘крынічнік доўгалісты, Veranica longifolia L.’ (гродз., Кіс.). Магчыма, да Турэччына, турэцкі (гл.) з актуалізацыяй значэння ‘незвычайны, не падобны да іншых’. Пастусяк (Pogranicze, 266) звязвае з горкім смакам зелля, гл. папярэдняе слова. Лучыц-Федарэц (пісьм. паведамл.) дапускае народнаэтымалагічнае збліжэнне з урокі (гл.) з «прыстаўным» т‑ у лексеме *урэ́чынка, роднаснай чэш. úročník ‘Veronica officinalis’ < úřek ‘сурокі’, параўн. рус. урочная трава ‘трава ад сурокаў’.

Тур-р — пра свіст: нейкыя птушычка тур‑р, тур‑р у лазе (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманне; аналагічнага паходжання падзыўныя і адгонныя словы: тур-тур ‘падзыўныя для свіней’ (Мова Сен.), турр — пры гэтых словах свінні ўцякаюць дамоў з поля (Касп.).

Тур-тур ‘выгукі, якімі падзываюць свіней’ (Мова Сен.). Гукапераймальнае.