Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Таль ’талія ў сукенцы’ (Сцяшк. Сл.). Гл. талія.

Тальва́ ’падгорле ў каровы’ (зах.-палес., Бел.-укр. ізал.). Паводле Дзендзялеўскага (там жа, 25), палескі рэгіяналізм няяснага паходжання.

Тальк, талька ’слаісты мяккі мінерал у тэхніцы і медыцыне ў выглядзе парашку’ (ТСБМ). Праз ням. Talk ’тс’ з франц. talc < ісп. talque < араб. ṭálaq, talq ’тс’, гл. Фасмер, 4, 16; ЕСУМ, 5, 510.

Та́лька1 ’маток пражы або нітак рознай велічыні’ (ТСБМ), ’маток нітак для вышывання’ (лях., Янк. Мат.; кобр., Жыв. сл.), ’тонка спрадзеныя ніткі’ (Нас., Касп.; чэрв., Нар. лекс.), ’самая тонкая пража’ (ТС, ЛА, 4), ’танюсенькая нітка, што пралі ў часы прыгону для двара’ (Варл.), ’фабрычныя ніткі’ (Сл. ПЗБ, Шат.; ЛА, 4), ’патаўшчэнне і патанчэнне на нітцы’ (баран., пух., івац., ЛА, 4), ’маленькі маточак вышывальных нітак’ (лях., Янк. Мат.), ’няроўна спрадзеныя ніткі’ (Сл. ПЗБ, Жд. 1), ’стоненая частка ніткі’ (івац., Нар. сл.), ’матавіла’ (Жд. 1), ’кужэльнае палатно’ (бых., слаўг., мсцісл., краснап., узд., клец., ЛА, 4), ’маток з дваццаці пасмаў тонкіх нітак’ (Сл. ПЗБ), ’маток нітак пэўнай меры’ (Ласт., Стан.), сюды ж ста́лька ’тонкая пража’ (пін., ЛА, 4). Укр. та́лька ’маток пражы, нітак’, дыял. ’шэрая нітка, з якой вырабляюць невад’, рус. та́лька ’матавіла; 10 пучкоў пражы’, польск. talka, tala, tal(e)k ’маток пражы’, каш. tal ’тс’. Паводле Фалінскай (Бел.-польск. ізал., 138, 141), запазычана з ням. прус. Tall ’маток пражы’, што, мажліва, з с.-н.-ням. tallige ’мера льняной пражы’ < іт. taglia ’зарубка; падатак’ (Фасмер, 4, 16; Трубачоў, Ремесл. терм., 104). Памылкова Горбач (Зах.-пол. гов., 55) выводзіць з (мо)талька, відаць, ад мотатні ’матаць’.

Та́лька2 ’кароткая жаночая вопратка з саматканага сукна’ (Ян.). Гл. талік.

Та́лька3 ’зараснік вярбы размарыналістай’ (рэч., Расл. св.). Укр. тал, та́льник ’вярба, вербалоз’, рус. тач, тали́на, тальни́к ’вярба Salix arenaria’. Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат., караім. tal ’вярба, вербалоз’ (Фасмер, 4, 14; ЕСУМ, 5, 506). З-за адзінкавай фіксацыі, відаць, запазычана праз украінскую або рускую мову. Спробы звязаць з талакнянка (гл.) у Штэйнгольд, Этимология–1994–1996, 139.

Та́льма ’жаночая доўгая накідка без рукавоў’ (ТСБМ). Відаць, праз рускую мову ад уласнага імя Та́льма — прозвішча французскага акцёра Francois-Joseph Talma (ЕСУМ, 5, 510; Фасмер, 4, 16).

Тальма́х ’палоска матэрыі для падтрымання параненай або пашкоджанай рукі’ (ТСБМ), тальма́к ’перавязь; прывязь, прычэп’ (Скарбы). Хутчэй за ўсё, з польск. temlak, temblak ’прывязь у халоднай зброі’, ’перавязь для падтрымання хворай рукі’ — у выніку перастаноўкі зычных у сярэдзіне слова (ml > lm), што выводзяць з цюркскіх моў, параўн. тат. tämlik ’партупея для шаблі’ (Фасмер, 4, 40; Брукнер, 568; ЕСУМ, 5, 543). Гл. цямляк.

Талья́нка ’аднарадны рускі гармонік’ (ТСБМ). Укр., рус. талья́нка ’тс’. З рускай мовы, дзе першапачаткова было италья́нка ’італьянка’, ’італьянкі гармонік’ < Италия (ЕСУМ, 5, 510; Фасмер, 4, 17).

Талэпа́ ’месца, крыху прыкрытае снегам’ (Сл. Брэс.). Магчыма, да тал, та́лы (гл.) з экспрэсіўнай суфіксацыяй, параўн. смал. талоба́: во за́иччая тылаба́ ’месца, дзе заўсёды водзіцца дзічына, якая пакідае сляды на снезе’ (Дабр.). Не выключала, што гэта гукапераймальнае ўтварэнне ад *талэ́п, параўн. укр. тала́п ’пра капанне ў чым-небудзь рэдкім’, дыял. таля́п ’тс’, ад якіх паходзяць тала́пати ’ўтвараць характэрныя гукі, ходзячы ў растаптаным або завялікім абутку’, дыял. ’каламуціць ваду, плюхаючыся ў ёй; брудзіць’, чэш. tlapati ’шлёпаць, ступаць, крочыць’, якое Махэк’2 (645) узводзіць да *telp‑ (гл. целяпаць), не зусім яснае польск. дыял. tałapać się ’плёскацца, хлюпаць у вадзе’ (магчыма, усходнеславянскага паходжання). Гл. таксама Фасмер, 4, 15; ЕСУМ, 5, 507–508.

Талябе́ніць (талебе́ніць) ’гаварыць адно і тое ж, балбатаць’ (ТС). Гл. талабаніць (з экспрэсным змякчэннем).

Талялёхаць ’калыхаць’ (Мат. Гом.). Імітатыў на базе гукапераймання, параўн. талалюкаць (гл.), танянёх і пад.