Талакня́нка 1 ’вечназялёная паўзучая расліна з чырвонымі ягадамі’ (ТСБМ), ’расліна Arctostaphylos Adans.’ (Кіс., Бяльк.), ’расліна мядзведжыя вушкі, Arctostaphylos uva-ursi (L.) Spreng’ (Дары); іншыя назвы талакня́нік (Сл. ПЗБ), талако́ннік, талача́льнік (Шмярко). Параўн. укр., рус. толокня́нка ’тс’. Вытворныя ад талакно (гл.), паколькі плод расліны ўяўляе шарападобную мучністую касцянку, што адлюстравалася і ў іншай народнай назве мучаннік (гл. мучан), параўн. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 30–31. Спробы Штэйнгольд (Этимология–1994–1996, 135–140) вывесці назву расліны з рус. сіб. талага́нник (ад якуц. талах ’расліна гарчак’) не пераконваюць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)