Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Падко́льная ’злы дух, які жыве, па павер’ю простых людзей, пад колам млына’, падкдльнік ’чорт’ (Нас.). Да кола (гл.).

Падкру́чча ’топкая балоцістая мясціна, зарослая кустамі’ (Бяльк.). Канфіксальнае ўтварэнне ад круча (гл.), суф. ‑je (‑ja) Параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 234.

Падкузьмі́ць ’паставіць у няёмкае становішча, падкусіць’ (ТСБМ, Нас.). Рус. подкузьми́ть ’тс’. Ад уласнага імя Кузьма (параўн. яшчэ рус. объего́рить ’тс’ < Егор). Першапачаткова ’псаваць надзеі, якія былі звязаны з днём Кузьмы’, паколькі дзень св. Кузьмы і Дзям’яна (17 кастрычніка) лічыўся раней тэрмінам заканчэння сельскагаспадарчых пагадненняў (гл. Фасмер, 3, 297; там жа і інш. літ-pa). У бел., мабыць, з рус.

Падкула́чнік ’селянін, які дзейнічаў у інтарэсах кулака’. Да кулак2 (гл.). Калька (або запазычанне) з рус. подкула́чник (Крукоўскі, Уплыў, III).

Падкураваць ’пад’юдзіць, падбухторыць да чаго-н.’ (Федар. VII). Да курыць. Развіццё семантыкі, відаць, праз ужыванне гэтага дзеяслова ў пчалярскай практыцы: падкурыць (пчол) ’выгнаць з вулля, каб ляцелі шукаць нектар’.

Падку́чка ’падпечак’ (СТ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кучкай (гл.).

Па́дла ’труп жывёліны, мярцвячына; аб кім-, чым-н. вельмі дрэнным’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Грыг., Мядзв., Гарэц.), па́дліна ’тс’ (ТС), па́дло ’аб тым, хто благі’ (Сл. ПЗБ). З польск. padło ’тс’ (Карскі, Белорусы, 146), таксама як і па́дліна < польск. padlina (Кюнэ, Poln., 83). Да падаць (Брукнер, 390).

Падла́совік ’пеўнік стракаты (грыб)’ (Сл. ПЗБ). Да падласы з суф. ‑овік па бура-жоўтаму колеру грыба.

Падла́сы ’з белай поўсцю на жываце (звычайна пра карову)’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.), ’жаўтаваты, светла-руды’ (Гарэц., Некр., Мал.), ’аб сабаку: плямісты або з белай спіной ці белым жыватом’ (Федар.), подла́сы ’падласы’ (ТС), падла́сівенькі ’тс’ (Сл. ПЗБ). Рус. падла́сый ’цёмна-гняды з падпалінамі’, укр. підла́сий ’з белым жыватом’; далей рус. ла́са ’пляма прадаўгаватай формы, ільсняная пляма; паласа ад праса’, ла́сить ’пакідаць плямы’. Паводле Фасмера (2, 460), роднаснае літ. lãšas ’пляма’, лат. làse ’кропля, пляма, крапінка’ (гл. таксама Бернекер, 1, 691; Міклашыч, 160; Мацэнауэр, 9, 189). Збліжэнне з лат. lãpsa ’месца’ (Мее–Эндзелін, 2, 440); Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным.

Падле́глы ’які адносіцца да ліку асоб, аб’ектаў, з’яў, на якія распаўсюджваецца што-н. абавязковае, прымусовае; падуладны, падначалены’ (ТСБМ, Нас., Яруш.). З польск. podległy ’тс’.