Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мыслён ’паўбатыст’ (Шпіл.). Да муслін (гл.). Канец слова аформлены паводле бел. лён.

Мыслі́вец, мысліве́ц ’паляўнічы’ (Сцяшк.), мысліўца ’паляўнічы з гончымі’, мысліўства ’паляванне з сабакамі’ (Нас.), мыслівы ’паляўнічы’ (Янк. БП), ст.-бел. мысливецъ, мысливство ’тс’ (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. myśliwiec, myśliwstwo (Булыка, Лекс. запазыч., 90; Кюнэ, Poln., 79), якія ад myśleć, myśl. Да мысль (гл.).

Мыслі́вы1 ’кемлівы’ (нараўл., Мат. Гом.). Укр. мисли́вий ’разумны, кемлівы’, рус. тамб. мысливый ’тс’, ст.-польск. myśliwy ’чалавек, які думае, задумваецца’, чэш. myslivý, серб.-харв. misliv, mišļiv. Прасл. myslivь. Да мы́сліць (гл.).

Мы́слік ’ручны інструмент для прабівання невялікіх дзірачак у метале, камені, скуры і г. д. (ТСБМ, Сцяшк., Шат., Касп.; КЭС, лаг.; беш., Сл. Эп.-Шып.). З польск. myślik ’тс’, якое з ням. Meissel ’далато’ (Варш. сл., 2, 1088).

Мыслі́цель ’мудрэц, філосаф’ (ТСБМ). З рус. мысли́тель (Крукоўскі, Уплыў, 38 і 57). Аналагічна мыслі́цельны, мы́сліцца, мы́слімасць, мы́слімы (Крукоўскі, там жа, 58).

Мы́сліць ’разважаць, супастаўляючы думкі або з’явы рэчаіснасці і робячы з іх вывады’, ’уяўляць у думках, жадаць’ (ТСБМ, Нас., Яруш.), мыслява́ць ’разважаць’ (мазыр., Нар. Гом.). Укр. мислити, рус. мыслить, польск. myśleć, н.-луж. mysliś, в.-луж. myslić, чэш. mysliti, славац. myslieť, славен. mísliti, серб.-харв. ми̏слити, макед. мисли, балг. мисля, ст.-слав. мыслити (мышлѫ). Прасл. mysliti, якое з myslь > мысль (гл.).

Мысль ’думка’, ’дума’ (ТСБМ, Яруш.), мыслі ’думкі’ (мядз., іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. мисль, мисля, рус. мысль, польск. myśl, н.-, в.-луж. mysl, чэш. mysl, славац. mysel, славен. mȋsel, mísel, серб.-харв. ми̑сао, макед. мисла, балг. мисъл, ст.-слав. мысль. Прасл. myslь традыцыйна выводзяць з mud‑tlь (Трубяцкой, ZfslPh, 2, 117) і падаюць роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. maũsti (maudžiù) ’ныць’, ’сумаваць’, ’вельмі жадаць’, ãpmaudas ’прыкрасць’, гоц. gamaudjan ’прыгадваць’, ufarmaudei ’забыццё’, ст.-грэч. μύθος ’мова, слова’, у Гамера ’думка’ μυθέομαι ’гавару, размаўляю, абмяркоўваю’, новаперс. mōye ’скарга’, магчыма, ст.-ірл. smūainim ’думаю’ (< *smoudniō). (Міклашыч, 208; Траўтман, 171; Мее, 416; Фасмер, 3, 25; Махэк₂, 385; Бязлай, 2, 185). Фрэнкель (420) адхіляе роднаснасць паміж слав. myslь і літ. maũsti і суадносіць з мудзіць (гл.). Тапароў (Этимология–1963, 5–43) пераканаўча сцвярджае, што прасл. myslь — стары аддзеяслоўны назоўнік *monslĭ‑ (< і.-е. *men‑), роднасны да mǫdrъ (гл. мудры), і параўноўвае з літ. mąslùs ’удумлівы, кемлівы, разважлівы’, mąstýti ’мысліць, меркаваць, разважаць’ (< і.-е. *man‑ < *men‑), звязваючы прасл. myslь з mьnitъ. Ва ўсх.-слав. мовах у лексемы myslь завужана семантыка, і яна амаль выцеснена прасл. duma > ду́ма (гл.) (Мартынаў, Лекс. взаимод., 84).

Мысок ’насок’ (ТСБМ, Нас.; добр., Мат. Гом.). Да мыс (гл.).

Мыт1, мы́та ’падатак за правоз тавараў цераз граніцу ці на тэрыторыі дзяржавы’ (ТСБМ, Гарб., Гарэц., Груш., Др.-Падб., Касп.). Укр. мито, рус. мыто, ст.-рус. мытъ, мыто, польск., н.- і в.-луж. myto, чэш., славац. mýto, славен. míto, серб.-харв. ми́то, ми̑т; макед., балг. мито, ст.-слав. мыто. Прасл. myto. Запазычана са ст.-в.-ням. mûta ’пошліна; мыта’ (Міклашыч, 208; Уленбек, AfslPh, 15, 489; Фасмер, 3, 26; Скок, 2, 434; Атрэмбскі, Sprache, 12, 1966, 61–62; Германовіч, Лекс. і грам., 3). Сюды ж мы́тнік ’служачы мытніцы, чыноўнік’ (ТСБМ, Груш.).

Мыт2 ’глыбокае месца ў рацэ з вірам’ (паўн.-усх., КЭС). Да мыць (гл.): ад дзеепрыметніка ⁺мытъ ’вымытае вадою месца’.

Мыт3, мыту́ха ’панос у парасят’ (драг., З нар. сл.), ’панос’ (усх., КЭС; Грыг., Касп.), ’дызентэрыя’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), магчыма, ’хвароба скаціны’ (Анік.). Вярэніч (Бел.-рус. ізал., 25) адносіць сюды і мыт ’інспекцыйная хвароба коней: запаленне слізістай абалонкі насаглоткі і падсківічных залоз’ (ТСБМ; стаўбц., валож., КЭС), укр. мит ’тс’, рус. калуж. мыти́ца ’тс’. Рус. мыт ’панос’ (паўсюдна) Фасмер (3, 25) супастаўляе са ст.-інд. mū́tram ’мача’ і выводзіць з мыть ’мыць’. Параўн. таксама і польск. mycić się, nicić się ’хварэць на панос’.

Мытава́ць ’спрабаваць, прымушаць, рабіць што-небудзь’ (Кос.). Да мыта (> ⁺мытаваць ’прымушаць плаціць мыта’).