Мыт 1, мы́та ’падатак за правоз тавараў цераз граніцу ці на тэрыторыі дзяржавы’ (ТСБМ, Гарб., Гарэц., Груш., Др.-Падб., Касп.). Укр. мито, рус. мыто, ст.-рус. мытъ, мыто, польск., н.- і в.-луж. myto, чэш., славац. mýto, славен. míto, серб.-харв. ми́то, ми̑т; макед., балг. мито, ст.-слав. мыто. Прасл. myto. Запазычана са ст.-в.-ням. mûta ’пошліна; мыта’ (Міклашыч, 208; Уленбек, AfslPh, 15, 489; Фасмер, 3, 26; Скок, 2, 434; Атрэмбскі, Sprache, 12, 1966, 61–62; Германовіч, Лекс. і грам., 3). Сюды ж мы́тнік ’служачы мытніцы, чыноўнік’ (ТСБМ, Груш.).
Мыт 2 ’глыбокае месца ў рацэ з вірам’ (паўн.-усх., КЭС). Да мыць (гл.): ад дзеепрыметніка ⁺мытъ ’вымытае вадою месца’.
Мыт 3, мыту́ха ’панос у парасят’ (драг., З нар. сл.), ’панос’ (усх., КЭС; Грыг., Касп.), ’дызентэрыя’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), магчыма, ’хвароба скаціны’ (Анік.). Вярэніч (Бел.-рус. ізал., 25) адносіць сюды і мыт ’інспекцыйная хвароба коней: запаленне слізістай абалонкі насаглоткі і падсківічных залоз’ (ТСБМ; стаўбц., валож., КЭС), укр. мит ’тс’, рус. калуж. мыти́ца ’тс’. Рус. мыт ’панос’ (паўсюдна) Фасмер (3, 25) супастаўляе са ст.-інд. mū́tram ’мача’ і выводзіць з мыть ’мыць’. Параўн. таксама і польск. mycić się, nicić się ’хварэць на панос’.