Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мыр, мырк, мэр, мэрк ’пра бляянне авечкі, калі яна падзывае ягня’ (мсцісл., Нар. лекс.). Гукапераймальнае. Параўн. маркач, маркатиць (гл.).

Мы́рза, мырса ’морда жывёлы’, ’твар’ (дзятл., маст., беласт., шчуч., Сл. ПЗБ). Можна дапусціць кантамінацыю лексем мыса, мыза і морда (гл.).

Мы́рка ’нырка’ (Бест.). Да нырка (гл.). Аб мене н > м гл. Карскі, 1, 324.

Мы́ркаць ’гаварыць, запінаючыся, спыняючыся на паўслове’ (Мядзв.), ’наспеўваць праз зубы, сабе пад нос’, ’выказваць незадавальненне нараканнем’ (Нас.), ’мармытаць’ (Шат.), мыркун ’буркатун’, мыркуння ’гугнявая жанчына’, ’жанчына, якая на ўсялякую прапанову выказвае незадавальненне’ (Нас.), мырчэць ’бурчаць, муркаць; мармытаць’ (Юрч.). Укр. миркнути, рус. мыркнуть ’мармытаць’, ’наспеўваць сабе пад нос’. Гукапераймальнае (Шахматаў, ИОРЯС, 7, 2, 337; Фасмер, 3, 24; Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 72).

Мы́рма ’нелюдзень, сугней’, ’маўчун’ (клец., Нар. лекс.; капыл., Жыв. сл.), капыл. ’злосная асоба’ (Нар. словатв.). У выніку перастаноўкі мр > рм з мымра (гл.).

Мырня́к ’вялікі гліняны гаршчок, у якім варылі ежу’ (палес., малар., Сл. Брэс.; З нар. сл.). Да мера, мераць (гл.). Параўн. ст.-бел. мерникъ (Магілёўскія акты, Скурат, Меры, 87).

Мыру́н ’рамонак пахучы, Matricaria matricarioides (Less.)’ (бяроз., Нар. лекс.). З мірон, якое пад уплывам імя Мірон з назвы рамон ’рамонак’ у выніку перастаноўкі рм > мр.

*Мырча́ць, мырчяты ’імжэць (аб дажджы)’ (Клім.). Найбольш блізкім адпаведнікам з’яўляецца паўн.-рус. моро‑ чить ’станавіцца хмурным’, перм. ’імжэць’. Да морак (гл.). Параўн. таксама літ. mėrkėti ’мокнуць, намакаць’.

Мырызянка ’жыжка ад паліваемага вадой гною, змешчанага ў старым рэшаце’ (Нік. Очерки). Няясна. Відаць, генетычна звязана з літ. bliurzė ’жыжка’. На кансанантызм, магчыма, уплывала лексема мурза (гл.).

Мырэц ’нырэц, нырок’ (дзярж., Нар. сл.). Да нырэц, ныриць (гл.).