Лён, лянок ’валакніста-алейная расліна Linum usitatissimum L.’ (Нас., ТСБМ, Касп., Кл., Бес., Сцяшк., Бяльк., Шат., Яруш., Сл. паўн.-зах.), ’пража з ільну’ (Бяс., ТСБМ, КЭС, лаг.), ’кужаль’, ’льняное валакно на розных стадыях апрацоўкі’, ’гатаванае льняное семя, якое ўжываецца для прапіткі асновы’ (Уладз., Сл. паўн.-зах.). Укр. льон (лен, закарп. льон), рус. лён, польск. len (lan, lyn, lin, lyjn, lęn, ląn), палаб. lʼån, н.-луж. lan, в.-луж. len, чэш. len, славац. ľan, славен. lȃn, серб.-харв. ла̏н, макед. лен (lʼen, lъn), балг. лен, ле́нът, ц.-слав. льнъ ’тс’, ст.-слав. льнѣнъ ’льняны’. Прасл. lьnъ, якому адпавядаюць: літ. lìnas, linaĩ, лат. lins, lini, ст.-прус. linno, ст.-грэч. λίνον, алб. гег. lįni, ірл. līn ’сетка’, лац. līnum ’тс’, гоц. lein ’палатно’. Паводле Шрэдэра (Reallex, 1, 323) і Кастшэўскага (Sł. staroż. sł., 3, 42), ільнаводства было вядома індаеўрапейцам. Тое ж Слаўскі, 4, 150; Скок, 2, 266; Бязлай, 2, 123. Фасмер (2, 481) не выключае таксама і старажытнага культурнага запазычання. Махэк₂ (326) бачыць у гэтай лексеме рэшткі праіндаеўрапейскага субстрату. Сюды ж лённый ’ільняны, з ільну’ (Бяльк.), лёнішча ’поле, на якім рос лён’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), лёнок ’лянок, зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (Маш.), лёнок ’макрыца’ (ТС), бяроз. лёнык ’праснак з тоўчанага льнянога семя і мукі, які пяклі на Івана Купалу’ (Слав. і балк. фальклор, 141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)