Лянок ’павіліца звычайная, Galium verum L.’ (гродз., Кіс.), лельч. лёно́к ’чабор звычайны, Thymus serpyllum L.’, ц.-палес. лёно́к, лінок ’зоркаўка ланцэтападобная, Stellaria holostea L.’ (Бейл.) названы паводле падабенства сцябла з лісцем да льну, хаця матывацыя назваў застаецца не зусім яснай; лянок божы ’крапінец, Polygala L.’ (віл., Сл. ПЗБ) — паводле сіняватага колеру кветак і формы плоду — каробачкі, а прыметнік божы, магчыма, семантычная трансфармацыя польск. назвы крапіцца krzyżownica (krzyżownik, krzyzownia); ластоўчын лёнок ’казялец едкі, Ranunculus acer L.’ (пін., Бейл.) — назва, відаць, перайшла з казяльца пякучага (R. flammula), які пры дотыку да скуры выклікае яе пачырваненне накшталт вяснушак (параўн., драг. ластовэ́ньне ’вяснушкі’); польны лянок ’зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (гродз., Кіс.) — паводле падабенства лістоў да лісця льну. З гэтым жа коранем і славац. ľanovec ’тс’. Азначэнне польны з польск. polny ’палявы, дзікі, vulgaris’; лянок ’званочак раскідзісты, Campanula patula L.’ (гродз., Кіс.) — паводле каробачкі (плоду), якая нагадвае званочак. Да лён (гл.). Аналагічна ўкр. льонок ’зарніца звычайная’, ’лён слабіцельны’, рус. ленок ’зарніца’, ’грудніца звычайная, Linosyris vulgaris’, ’асака’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)