Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ме́льня1 ’млын’ (палес., КЭС). Да малоць (гл.). Той жа суфікс ‑ня ў пі́льня, ста́йня, бойня (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 59).

Ме́льня2 ’малая ўкладка снапоў’ (валож., Сл. ПЗБ). З мэндля (гл.) у выніку выпадзення ‑д‑ і перастаноўкі нлʼлʼн.

Ме́льстынь, мяльстыня́ ’мель, доўгая каса ў рацэ, возеры’ (нясв., Яшк.). Утварэнне з суфіксамі ‑ынь (‑ыня) прасл. ‑ynʼi ад прыметніка мелісты (як пустыня ад pustъ і ‑ynʼi).

Мельхіёр ’сплаў медзі, цынку, жалеза з марганцам або з нікелем’ (ТСБМ). Запазычана праз рус. ці польск. мову з ням. Melchior, якое з’яўляецца скажоным франц. maillechort, утвораным ад прозвішчаў вынаходнікаў Maillot і Chorier (XIX ст.) (Ин. сл., 1988; SWO, 464).

Ме́льшы ’малодшы’, ’меншы’ (маст., Сл. ПЗБ; Сцяц.). Паводле Карскага (1, 324), гэта ўтварэнне ад прыметніка мелкі (< мѣлъкъ).

Мелюзгва́, мілюзге́ча, мілюзня́ ’малеча (дзеці)’, ’дробязь, глупства’. Рус. мелюзга́, мелузга́ ’мальга’, цвяр. мелюза ’дробны акунь’, пск., цвер. мелю́зговатый ’дробны’, цвяр. мелюно́к ’дробная рыба’. Балтызм. Параўн. лат. maĩle ’малеча моль-рыба’, літ. máila, zmaila ’тс’, maĩlius ’дробная рыба драбната’, а таксама рус. мель ’тс’, мелёк, мели́к ’дробна акунь’, укр. мілька ’тс’ (Буга, Rinkt., 1, 464). Аднак Фасмер (2, 596) суадносіць з рус. мелкий, мелю, што можна разглядаць як народную этымалогію. Нарашчэнне асновы ‑ʼуз‑ надае аснове дадатковае адценне ’дрыжаць, мільгаць’ (параўн, рус. арханг. мельзить ’здавацца дрыготкім’, ’мільгаць ва ўяўленні’, пск., цвяр. мелюзить ’мітусіцца, надакучліва мільгацець перад вачыма’. Зборныя суфіксы ‑г‑в‑а, ‑ня, ‑еча параўн. у мальга́ (гл.).

Ме́люс (арго) ’мёд’ (Рам. 9), ’цукар горшага гатунку (Нас.), рус. ме́люс, ме́лис ’тс’. З новав.-ням. Melis, якое з франц. mélis < лац. melitium (Фасмер, 2, 597), mellītus ’салодкі, як мёд’ < mel ’мёд’.

*Ме́люх, мэ́люх ’вельмі рухомы хвост’, ’балбатун, пустаслоў’ (Клім.). Да малоць (ад асновы мел‑). Аб суфіксе ‑uchъ гл. Слаўскі, SP, 1, 74; Сцяцко, Афікс. наз., 70.

Меляя́ ’той, хто меле языком’ (Янк. 3.). Рус. пск., цвяр., валаг., вяц. мелея ’тс’, ’млён’, ’млын’, ’млынар’, серб.-харв. мељаја ’мліва’, ’млын, кола якога круціць конь або асёл’. Прасл. melěja. Да малоць (гл.).

Мемарыя́л ’гандлёвая кніга для запісаў’, ’скульптурнае збудаванне — помнік на месцы якой-небудзь падзеі’, ’спартыўнае спаборніцтва ў гонар падзеі, асобы’ (ТСБМ). З рус. мемориал ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 82), якое праз новав.-ням. Memorial ці франц. mémoriał (Фасмер, 2, 597) або праз італ. (Ин. сл., 1988) з лац. memoriālis ’памятны’ < memōria ’памяць’.

Мембра́на ’тонкая пласцінка, здольная вагацца’ (ТСБМ). З рус. мембрана ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83), якое з лац. membrāna ’скурка’, ’тонкі пергамент’. З апошняга праз ст.-польск. мову ст.-бел. мембранъ, мамрамъ, мамранъ, мембрамъ, мемранъ ’пергамент, дакумент на пергаменце’ (XVI ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 57).