Мальга́ ’дробная рыбка’ (брасл., бярэз., докш., Сл. ПЗБ), мальгва́, мыльгва́, мальгве́ча ’рыбныя маляўкі’, ’маладняк увогуле’, ’дробная неўрадлівая бульба, плады, ягады’, ’малеча, дзеці’ (Нас., Бяльк.; Яшк., З жыцця; слаўг., Яшк., Мат. Маг.), мальгоўка ’маляўка’ (Нас.), мальва́ ’тс’ (Ян., Растарг.), ма́льгва ’дробязь, глупства’ (Бяльк.). Укр. мільга́, паўн.-жытомірск. мо̂лʼга́ ’верхаводка, Alburnus alburnus L.’, ’малькі’. Рус. мальва́, мальга́ ’дробная рыба’, ’дзеці, малеча’, ’малодшы сын’, ’дробныя грошы’, мальга́вка, мальгва́ ’дробная рыба’. Усходнеславянскі балтызм. Параўн. літ. malė ’дробныя рыбкі’, лат. male ’рыба Blicca argyroleuca’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 557). Утвораны пры дапамозе суфікса ‑ʼга (напр., сіньга́ ’від рыбы’) і суфікса ‑ва (напр., дзятва́, братва́) або ў выніку кантамінацыі лексем мальга́ і мальва́. Параўн. таксама бел. моль 3, молька, рус. моль, мольва, мольга́, молява ’малькі’, ’дробная рыбка’, моль ’моль’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)