Ме́лкі, ме́лкій, ме́ленькі, віл. мялкі́ ’які мае невялікую глыбіню’, ’невысокі, з нізкімі краямі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣлкий ’дробны’, ’неглыбокі’, ’неістотны, малазначны’ (Булахаў, Гіст., 128); укр. мілки́й, рус. ме́лкий, ст.-рус. мѣлкий ’невялікі’, ’неглыбокі’, ’нязначны паводле колькасці’, ’бедны’, ’дробны’, польск. miałki, н.-луж. mjałki, měłki, в.-луж. niłki, чэш. mělký, славац. melký ’неглыбокі’, славен. mȋwka, mȋlka ’дробны рачны пясок’, ст.-серб.-харв. миоки ’плыткі’ (Бернекер, 2, 48). Прасл. mělъkъ. Далей няясна. Магчыма, ад melti ’малоць’ з падаўжэннем вакалізму асновы (Бернекер, там жа; Брандт, РФВ, 22, 356) і з дадаваннем фарманта і.-е. *‑qo‑, параўн. ст.-ісл. melr ’мель’ < mala ’малоць’. Буга (Rinkt, 1, 464; 2, 405), Мацэнаўэр (LF, 11, 169), Траўтман (165) і іншыя параўноўваюць прасл. mělъkъ з літ. maíla, maĩlius ’маляўкі’, лат. maĩle ’рыба ялец, Alburnus lucidus’, mailens ’сетка для малькоў’, ст.-ісл. mjór ’тонкі, дробны, вузкі, цесны’ і з прасл. mьnʼjь ’меншы’, — у чым Фасмер (2, 596) і Махэк₂ (359) сумняваюцца. Сюды ж віл. мелкаводзь ’мелкаводдзе’ (Сл. ПЗБ), мелкаслоіна, мелкаслойка ’драўніна з павівастым слоем’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)