Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ко́лія ’каляя’ (Жд. 3). Гл. калявіна.

Ко́лмык ’кучаравы чалавек’ (Нар. лекс.). Гл. калмык і калматы.

Ко́льба1 ’вал з ручкай, пры дапамозе якога дастаюць ваду са студні’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Мат. Гом.). Гл. корба, кольба < польск. kolba ’тс’.

Ко́льба2; ’свердзел’ (ТС). Гл. кольба1.

Ко́лька ’колькі’ (Шат., ТС, Жд. 3). Гл. колькі.

Ко́лькі ’тс’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Бяльк., ТС, Ян.). Укр. колькі, рус. колько, ст.-рус. колько ’тс’, ст.-слав. колико, балг. колко, серб.-харв. коли̏ко, славен. kóliko, польск. kilka, kolko, чэш. kolik, славац. koľko, в.-луж. kelko, н.-луж. kelko ’тс’. Прасл. koli генетычна суадносіцца з літ. keli ’некаторыя’, ст.-грэч. πηλίκος ’такі вялікі’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 135).

Ко́лязно ’колькі’ (Сцяшк. Сл.). Першая частка гэтага складанага слова ўзыходзіць да kole (гл. калі), другая — да дзеяслова znati (гл. знаць). Магчыма, пад уплывам форм тыпу польск.kolwie (< z‑kolwiek) у дзе другая частка ўспрымаецца як звязаная па паходжанню з дзеясловам wiedzieć (гл. ведаць).

Ком1 ’круглаваты зацвярдзелы кавалак рыхлага рэчыва’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Ян., Нар. лекс., Яшк., Яруш.). Укр. кім, рус. ком ’тс’, польск. kom ’тс’, славен. kom ’круглаваты прадмет’, балг. комина, серб.-харв. ко̏м, ко̏мина ’жамерыны’, чэш. kominy ’тс’. Бліжэйшыя адпаведнікі: лат. kams ’ком’, літ. kamuolỹs ’клубок’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі больш праблематычныя. Калі прызнаць адзінае паходжанне для ўсіх славянскіх форм, то можна разглядаць прасл. komъ як рэгулярны апафанічны адпаведнік да незафіксаванага на славянскай моўнай глебе дзеяслова *kemti. Параўн. літ. kim̃šti ’напіхваць’ і прасл. čęstъ ’густы’ (Бернекер, 1, 557; Трубачоў, Эт. сл., 10, 180).

Ком2 ’бульбяная каша, камы’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Сл., Жыв. сл., З нар. сл.). Гл. ком1.

Ко́мбіца ’вяровачка, на якой трымаецца ў раўнавазе бязмен’ (Бяльк.). Гл. компіца.

Ко́мель ’дзяркач’ (Ян.). Гл. камель.

Ко́мельгом ’хутка, вельмі хутка’ (Нас.). Гл. ком і мяльком.