Калмы́к ’касмыль’ (стаўб., З нар. сл.). Дакладных адпаведнікаў няма. Фармальна суадносіцца з смал. калмык ’чараўнік’ і, магчыма, укр. калмичити ’змочваць снапы ў вадкай гліне перад пакрыццём даху’ (адносна ўкр. слова параўн. яшчэ калматы). Што датычыць семантыкі, можна думаць, што супастаўленне бел. і смал. слова цалкам магчымае. Сувязь семем ’касмыль’ і ’чараўнік’ уяўляецца натуральнай, параўн. валаг. космачиха ’ведзьма’ (параўн. таксама падобныя семантычныя паралелі пад калдун 1). У любым выпадку калмык ’касмыль’ неабходна кваліфікаваць як беларускую інавацыю з няясным статусам, паколькі смал. прыклад неістотны з пункту погляду лінгвагеаграфіі. Цікава, аднак, дапусціць, што гэтыя прыклады, магчыма, сведчаць аб даўнейшай актыўнасці асновы калм‑, а таксама актыўнасці семантычнай мадэлі ’кудлаты’, ’чараўнік’ або падобнай да гэтай. Словаўтваральна лексема не вельмі зразумелая. Дакладны суфіксальны адпаведнік у бел. касмык і, магчыма, ва ўкр. космик ’тс’, адносна ўтварэння параўн. космак, космок, памянш., паводле Грынчэнкі, ад косом ’касмыль’. Няясна, як суадносіцца разглядаемае слова і полац. хамлы́к, хамла́к ’тс’ (Суднік, вусн. паведамл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)