Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скамы́ ‘драўляныя ціскі (выціскаць мёд)’ (іўеў., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ‘тое, чым адціскаюць сыр’ (Інстр. 1). Нульсуфіксальны дэрыват ад *скаміць (гл. аскома), якое да прасл. *skomiti, што звязана чаргаваннем галосных з *ščemiti, гл. шчаміць. Не выключана захаванне архаічнай семантыкі ‘прышчэмліваць’, адкуль потым развіліся пераносныя значэнні, якія ўказваюць толькі на чалавечыя адчуванні. Параўн. скем.

Сканазо́біцца ‘скрывіцца’ (Ян.). Да кано́зіцца ‘капрызнічаць, крыўляцца’ (гл. каназа) шляхам збліжэння з каназо́бка ‘пасудзіна, сплеценая з лазы і саломы’ (Касп.), параўн. конозо́біцца ‘капрызнічаць, куксіцца’, коно́зіцца ‘фанабэрыцца’, коно́за ‘капрызная фанабэрыстая асоба’ (ТС).

Скандава́ць, скандзі́раваць ‘выкрыкваць, выдзяляючы склады ці словы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). З польск. scandować ‘тс’ або з ням. scandieren праз рус. скандировать ‘тс’; параўн. і старое рус. скандова́ть ‘тс’. Крыніца слова ў лац. scandere ‘паднімаць, павышаць (голас)’.

Сканда́л ‘непрыстойная падзея’, ‘сварка з крыкам, бойкай’ (ТСБМ, Ласт., Др.-Падб.). Запазычанне з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Skandal, франц. scandale, якія ад лац. scandalum ‘непрыстойнасць, непрыстойныя паводзіны’, магчыма, праз рускае ці польскае пасрэдніцтва. Ст.-слав. сканъдалъ, сканъдѣлъ ‘пастка, сетка’, ‘спакуса’, ц.-слав. скандалъ ‘спакуса’ непасрэдна з грэч. σκάνδαλον ‘пастка’ (Праабражэнскі, 2, 294; Фасмер 3, 632; ЕСУМ, 5, 264).

Скандзя́біцца, скондзя́біцца ‘сагнуцца зніякавець’ (ТС). Гл. скундзябіцца. Кантамінацыя скундзябіцца і *скандзюбіцца, параўн. укр. скандюбити ‘сагнуць’.

Скандры́чыцца ‘памерці, здохнуць’ (Бяльк., Юрч. Вытв.), таксама сканды́чыць ‘звесці са свету, замарыць’, сканды́чыцца ‘кончыць жыццё ў муках’ (Нас.). Рус. смаг., бранск скандры́читься ‘акалець (памерці)’; параўн. таксама рус. пск., цвяр. кандрычить ‘біць’, смаг. ‘здзекавацца, мучыць’ (гл. кандрычка). Фасмер (3, 632) ставіць пытанне аб магчымай сувязі з кондрашка ‘апаплексічны ўдар’, якое, відаць, па прычыне табу ад уласнага імя Кондратий (Фасмер, 2, 310).

Скані́ ‘спакой’ (Нас., Бяльк.). Хутчэй з рус. искони́, чым працяг стараж.-рус. искони, ст.-слав. искони. Апошнія з из‑кон‑, гл. канец (Праабражэнскі, 2, 274; Фасмер, 2, 140).

Ска́нцы ‘бульбяныя піражкі, начыненыя капустай’ (круп., Жд. 2), ‘бліны, начыненыя тварагом (брасл., Нар. словатв.). Рус. наўг., алан. ска́нец, ска́нцы ‘тонка раскачаная пражаная ляпёшка’, ска́нцы ‘сачні, вялікія, тонкія ватрушкі з “сканого” цеста’. Даль (4, 193 і наст.) адносіць да скать (тесто) ‘раскачваць у сачэнь, слаіць, рабіць слаёнае, здобнае цеста’. Іншая ступень чаргавання галосных у сука́ць. Няма падстаў лічыць запазычаннем (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 131) з літ. skanēsis, skanēstas ‘ласунак, далікатэс’ (Анікін, Опыт, 279).

Скапа́ ‘буйная драпежная птушка сямейства ястрабавых, якая жыве каля рэк, азёр і харчуецца рыбай’ (ТСБМ), у форме “скопа тѣмно-дымчатая, Fischaar” адзначана сярод птушак Крычаўскага староства ў XIX ст. (Меер Крыч.). Народныя назвы рыбалоў і скаба́ (гл.). Запазычанне, параўн. рус. скопа́ ‘тс’, укр. скопа́ ‘тс’; у іншым значэнні ‘ястраб-перапёлачнік’ адзначана польск. дыял. skop і славен. skȏpəc, skobec. Бернекер (1, 535), Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, 7, 120), Сной₁ (574) лічаць тоесным з прасл. *kobьcь ‘драпежная птушка’ (рус. ко́бец, польск. kobiec і г. д.), але супраць Фасмер (3, 649) на падставе наяўнасці ст.-прус. warnagcopo ‘від ястраба’, што збліжаецца з літ. kapōti ‘секчы’.

Скапава́ць ‘зразумець, уцяміць, скеміць’ (Скарбы). Да капаваць (гл.). Паводле Волкавай (БЛ, 60, 137), вытворныя ад ст.-бел. копа, капа ‘сход сялян, што разглядаў судовыя спрэчкі’.