Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

То́рак (то́рок) ’праход’, ’троп звера’ (ТС), сюды ж торокова́ць ’снаваць, рабіць праходы (пра звера)’ і, магчыма, торокова́цца ’такаваць (пра цецерукоў)’ (ТС). Дэмінатыўнае ўтварэнне з суф. *‑ъkъ ад тор1 (гл.). Няясныя адносіны да таро́к ’кладка з калодаў праз рэчку’ (гл.), што бліжэй да тар, та́ра ’плыток для пераезду’ (ТС), гл.

То́рап ’страх, перапуд’ (Нас.). Укр. то́роп ’замяшанне, разгубленасць’, рус. о́торопь ’збянтэжанасць’, ц.-слав. утрапъ ’зрушэнне, ссоўванне’, ’вар’яцтва’; славен. trȁp ’дурань, ёлупень’, балг. тра́пен ’збіты з панталыку’. Прасл. *torpъ ад *torpiti ’рабіцца адубелым, скарчанелым’ (гл. тарапіцца2), якое праз чаргаванне галосных звязана з прасл. *tьrpěti (гл. цярпець) (Фасмер, 4, 85; Бязлай, 3, 213; Сной₂, 777–778; Махэк₂, 391; ЕСУМ, 5, 607). Сюды ж тарапа́ны ’страх’, гл.

То́рба ’кайстра, невялікі мяшок з даматканай тканіны’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ’сумка’ (Сл. Брэс., Растарг.), ’паляўнічая сумка’ (Сцяшк.), ’жаночая сумка’, ’школьная сумка’ (Ян.), ’клінок для вырабу сыру’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), ’мяшэчак з палатна для рыбы’ (нараўл., З нар. сл.), ’чарговы дзённы харч, які належыць пастуху за кожную карову’ (Гіл.; барыс., Антропаў, вусн. паведамл.), ’сявенька’ (бых., ЛА, 5), ’мяшок з аўсом, што адзяваецца каню на галаву’ (ТСБМ), ’мяшок старца’ (Нас.), ’сумка з тканіны ці скуры для курэцкіх прылад’ (ЛА, 5), ’непаваротлівая, тоўстая жанчына’ (Нас., Шат., Мат. Гом., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел. торба ’торба’ (з 1555 г.) запазычана з цюркскіх моў (Булыка, Лекс. запазыч., 105), параўн. тур., крым.-тат., азерб. torba ’мяшэчак, кайстра’, відаць, у перыяд найбольш інтэнсіўных сувязей ВКЛ з Крымскім ханствам у XVI ст. (Жураўскі, Тюрк. лекс. элем., 84, 88–89). Лексема пашырана ў многіх славянскіх мовах і дыялектах і лічыцца агульнаславянскай (Голуб-Ліер, 485; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602). Сюды ж тарбе́шка ’торбачка’ (Нас., ТС), тарбано́шый ’механоша’, тарбаношка ’скураная сумка, якую сяляне насілі каля пояса паверх кашулі’ (Нас.), то́рбачнік ’жабрак’ (ТСБМ, Бяльк., Нар. Гом.), то́рбачнікі ’сумчатыя’ (Байк. і Некр.).

То́рбачнік ’травяністая жоўта-зялёная з непрыемным пахам расліна Thlaspi (Towrn.) arvense L.’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Кіс.), то́рбачка ’тс’ (Байк. і Некр.). Да то́рба (гл.). Названа паводле падабенства пладоў (каробачкі з дробным семем) да торбачкі; аналагічна да назваў розных раслін у чэш. tašky, польск. tobółka, tasznik ’тс’ (Махэк, Jména, 62).

Торг ’здзелка, гандаль’, ’кірмаш’, ’базар, рынак, месца гандлю’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Шат., ТС, АБ, 7, Скарбы; ашм., Стан.; воран., Сл. ПЗБ), таргі́ ’аўкцыён’ (ТСБМ), ’гандаль; пакупнікі’ (Ян.). Укр. торг ’здзелка’, ’дагавор аб куплі-продажы’, ’гандлёвая плошча’, рус. торг ’прывоз, рынак, месца куплі і продажу’, ’гандаль’, ’гартаванне’, стараж.-рус. търгъ, польск. targ ’продаж і купля тавараў’, ’гандлёвая плошча’, ’гандаль, абарот’, ’выручка’, старое н.-луж. terg ’месца гандлю’, в.-луж. torhošćo ’рынак’, чэш., славац. trh ’рынак’, ’базар, кірмаш’, славен. tȓg ’тс’, ’плошча’, ’сквер’; серб. тр̑г, харв. tȓg ’тавар, якім гандлююць’, ’гандлёвая плошча’, балг. търгови́я ’гандаль’, търг ’тс’, търгъ́т ’аўкцыён’, макед. тргови́ја ’гандаль’, ст.-слав. тръгъ ’гандлёвая плошча’. Прасл. *tъrgъ. Пэўным чынам знаходзіцца ў сувязі з алб. treg(ë) ’рынак’, ’базар’ (> Trst), ілір. tergitio ’гандляр, купец’, з венецкімі тапонімамі Tergeste > Trzst > Trst ’рынак’, Opitergium ’хлебны або таварны рынак’, лігур. terg‑ ’купец’, Tergolape, Tergilam і інш. Рыбеца (Archivio glottologico italiano, 35, 51) сцвярджае, што *terga, якое дало алб. tregë, з’яўляецца міжземнаморскім словам і яго можна звязаць генетычна з асір.-вавіл. tamgaru ’купец’ > арамей. taggara > араб. tadžir, з якога выйшлі tiġaret ’барыш, заробак’, tüccar ’купец’, прынесеныя туркамі на Балканы (Скок, 3, 499). Ён мяркуе, што балканска-лац. terg‑ у Дунайскай зоне ў V ст. н. э. увайшло ў праславянскую мову. Літ. tur̃gus, лат. tìrgus ’рынак’, а таксама ст.-сканд. torg, швед. torg, дац. torv, фін. turku запазычаны ва ўсходніх славян (Махэк₂, 651; Брукнер, 566; Мікала, Berühr., 170; Скарджус, Slav., 226; Петрыч–Гольмквіст, JS, 8, 1962–1963, 146). Спробы вывесці паходжанне слав. *tъrgъ з цюрк., манг. torga, torgu ’шоўк’ ці са ст.-цюрк. turɣu ’стаянка’ не пераконваюць (Фасмер, 4, 82). Ондруш (Этимология–1984, 179) сцвярджае, што прасл. *tr̥gъ генетычна звязана не толькі з харв. trážiti, *s‑terg‑: *s‑torg‑ ’сцерагчы’, але і з балг. тъ́рси ’шукае’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 603. Сюды ж таргава́ць ’прыцэньвацца; гандляваць’ (ТСБМ), торгава́цца (ТС), то́ржышча ’рынак, гандлёвая плошча з народам’ (Нас.), тарго́віца ’базар’ (АБ, 7 (3)), таргаўшчы́ца, тарго́ўка ’гандлярка’ (там жа).

То́ргаць1 ’цягнуць не роўна, а рыўкамі, рэзкімі рухамі’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.): то́ргаў трактор трактора з ямы (ТС), ’тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці’ (ТСБМ), то́ргыць ’чапаць’ (Бяльк.), тарга́ць ’цягаць, валачы ў розныя бакі’, ’тузаць, шморгаць’ (Нас.), то́ргаті ’тузаць аснову красён’ (лун., Шатал.), то́ргаць ’кляваць, прыводзіць у рух паплавок’ (ТСБМ, ТС), ’дрыжаць, пацепвацца, перасмыквацца’ (ТСБМ), ’торгаць пры нарыванні (з болем), балець праз аднолькавыя прамежкі часу, тузаць пры нарыванні’ (ТСБМ, Шат., Жд. 2, Жд. 3, Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), то́ргаты ’нарываць’ (бяроз., ЖНС), ’шморгаць, часаць лён’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. торгати ’тузаць, церабіць, рваць’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ргацца ’тузацца’ (Касп.), выклічнік торг: торг‑торг ’тык-мык’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. харк. то́ргати ’тузаць’, рус. то́ргать ’штурхаць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’цягаць, скубці’, ’ірваць (лён)’, ’вымотваць нервы’; польск. targać ’тс’, ст.-польск. tergać, н.-луж. tergaś ’ірваць, раздзіраць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’шчыпаць’, ’цягнуць’, ’перакідаць, зносіць’, ’разбіваць’, в.-луж. torhać ’тс’, ’драць’, ’вырываць’, чэш. trhati ’тс’, ’зношваць (адзенне, абутак)’, ’падрываць (скалу)’, ’пацепваць (плячом)’, славац. trhať ’тс’, ’торгаць пры нарыванні’, ’зрываць (адзенне)’, ’рэзаць (слых)’, славен. tŕgati ’рваць, зрываць’, ’расхопліваць (тавар)’, ’разрываць (адносіны)’, ’раздзіраць (адзежу)’, ’адломваць, адрываць’, харв. tȑgati, серб. тр̏гати ’рваць’, ’зрываць (плады)’, ’тузаць пры нарыванні раны’, макед. трга ’торгаць, цягнуць рыўкамі’, ’ад’язджаць’, ’піць з бутэлькі’, ’цярпець, пакутаваць, мучыцца’, балг. тъ̀ргам (Младэнаў, 640), тръ̀гвам, тръ̀гна ’ад’язджаць, рухацца ў дарогу, адыходзіць’, ’лахаць па розных месцах’, ст.-слав. истръгати ’разрываць, перарываць’, истръгнѫти ’вырваць, выцягнуць’, ’адабраць ад каго-небудзь’. Прасл. *tъrgati, звязанае чаргаваннем галосных з *tьrg‑ (Фасмер, 4, 83), *tr̋gati або *trgãti (Сной₂, 782; Рэйзак, 673) ці *tr̥gati (Борысь, 627), роднасныя лац. tergēre ’выціраць, асушаць, чысціць’, ’казытаць’, ст.-грэч. τρώγω ’грызу, хрумстаю, ем’, арм. tʼurc ’сківіца’, тахар. A і тахар. B trask ’жаваць’. Махэк₂ (651) прасл. *tъrgati супастаўляе з лац. stringere ’зрываць з паверхні, абрываць’, ’жаць, касіць’, ’злёгку драпаць, раніць’, ’датыкацца’ (з s‑mobile, якое ў *tьrgati страцілася), сцвярджаючы, што ‑r‑ тут не з’яўляецца каранёвым, звязвае яго з прасл. *tęg‑ ’цягнуць’, а Фасмер (там жа) — са ст.-інд. tṛṇḗḍhi ’расколаты, раздроблены’. Тым не менш Скок (3, 499), як і Борысь, Рэйзак і Сной, мяркуе, што прасл. лексема ўзыходзіць да і.-е. *ter‑ ’церці’, пашыранага фармантамі ‑gh‑ і ‑g̑h‑. Блізкім да то́ргаць (варыянт з азванчэннем пачатковага зычнага?) з’яўляецца до́ргаць ’торгаць’, ’патузваць чым-небудзь’, ’прагна хапаць ежу’, ’ванітаваць’, раздо́ргаць ’стан, калі нападае лютасць, ашалеласць, раз’юшанасць’ (Нас.), дэ́ргаты, да́ргаты ’часаць лён на грэбні’ (Уладз.), якое да прасл. *dьrgati, параўн. укр. де́ргати ’тузаць, торгаць’, дыял. де́рʼгати ’часаць (валакно)’, рус. дёргать ’торгаць’, ’рваць, выцягваць’, ’цягнуць’, ’рабіць рэзкі рух’, смал. дарга́ть ’раздзіраць’, стараж.-рус. дьргати ’торгаць’, польск. dziergać, старое dzierzgać ’фастрыгаваць’, ’вязаць’, н.-луж. źergaś ’часаць лён’, чэш. drhati, ст.-чэш. držěti se ’трэсціся’, drhat ’калыхаць’, dŕhat ’шчыпаць курыцу’, славен. dŕgati ’церці, месці’, dŕzati ’часаць’, ’шчыпаць траву’, балг. дъ́рзам ’мяць лён, трапаць яго’, якія суадносяць з *dьrati пашыраным на ‑g‑ < і.-е. *derH‑gh‑ ’цягнуць, ірваць, торгаць, здзіраць скуру’ (Фасмер, 1, 500–501; ЭССЯ, 5, 221; Сной₂, 124; Махэк₂, 127; ЕСУМ, 5, 603).

То́ргаць2 ’крычаць (пра драча)’ (ТСБМ). Слова пабудавана на гукаперайманні крыку гэтай птушкі, падобнага да дорг! (рус. дёрг!, польск. der‑der!), якое паўтараецца да 15 разоў (Праабражэнскі, 1, 179; Фасмер, 1, 501; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 103; Струтынскі, Nazwy, 114).

То́ргнуць ’хутка пабегчы’ (Ян.). Фармальна суадносіцца з торгаць1 (гл.), параўн. таргануць, гл.

То́рзаць ’торгаць, тузаць (пра боль)’ (ТС), ту́рзаць ’тс’, ты́рзаць ’тс’, торзуну́ты ’тузануць, таргануць’ (пін., Сл. Брэс.; стол., Нар. лекс.). Укр. дыял. то́рза́ти, то́рсати ’трэсці, рухаць, штурхаць, тузаць, торгаць’. Карэннае ‑о‑ пад уплывам лексемы торгаць1 (гл.). У іншых славянскіх мовах te‑ < прасл. *tьrzati, у якім *‑z‑ развілася ў выніку 3‑й палаталізацыі (Сной у Бязлай, 4, 242; Сной₂, 790): рус. терза́ть ’раздзіраць’, ’мучыць’, укр. терза́ти ’тс’, ст.-слав. трьсати ’тузаць, ірваць, раздзіраць’, ц.-слав. трѣзати ’тс’, харв. tȑizati, серб. тр̏зати ’рваць, вырываць, тузаць’, ’кляваць’. Да і.-е. *ter‑g̑(h)‑ (Покарны, 1073; Міклашыч, 354; ЕСУМ, 5, 604). Генетычна блізкае да торгаць1, гл.

То́ркаць ’таўхаць кароткімі штуршкамі’, ’рэзкімі рухамі дакранацца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Юрч.), ’даваць, прапаноўваць’ (Нас., Юрч. Вытв.), ’тыкаць’ (Нас., Ласт.): то́ркаць у зубы ’груба падаваць, паказваць’ (Юрч. Фраз.), ’пратыкаць’ (Сцяшк.), ’штурхаць’, ’будзіць’, ’усоўваць, садзіць’ (ТСБМ, Нас.; калінк., Сл. ПЗБ), тарка́ць ’тс’ (Нас.), ’чапаць, кратаць’, ’кляваць’ (ТС; нараўл., З нар. сл.), то́ркаты ’тузаць; падсоўваць’ (драг., З нар. сл.), ’упікаць, дакараць, лаяць’ (Сл. Брэс.; малар., Нар. лекс.), ст.-бел. то́ркати ’бадаць, калоць рагамі’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ркацца ’варушыцца, калывацца’ (ТС), ’совацца, заходзіць’ (Юрч. СНЛ), то́ркнуцца ’даткнуцца’ (Ласт.), то́рнуць ’штурхаць, усадзіць, ткнуць, даць’ (Сл. ПЗБ, Юрч., Жд. 2), торкену́ць ’таўхануць, штурхануць’ (ТС), торк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (ТСБМ), ’тыц’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), торьк ’тс’ (мсцісл., Нар. лекс.; Бяльк.), торк‑торк — пра тузанне (Сержп. Прык.). Укр. то́рка́ти ’чапаць, зачапляць’, ’штурхаць’, ’рушыць’, торка́тися ’дакранацца’, рус. то́ркать ’штурхаць, грукаць’, ’ірваць’, ’выцягваць’, польск. torknąć ’ткнуць’, ’піхнуць, падштурхнуць’, ’ударыць’, ’зачапіць’, н.-луж. starkaś, starcyś ’штурхаць, піхаць’, в.-луж. storkać ’штурхаць’, ’таўчы’, чэш. trkati ’басці, калоць’, ’кідацца (у вочы)’, strkat ’штурхаць’, ’перакідаць з месца на месца’, ’падсоўваць’, славац. trkať ’басці’, славен. tŕkati ’грукаць, штурхаць’, otŕkniti ’зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым’, якое Бязлай (Linguistica, 8/1, 64), адносячы да ізаляваных славенскіх лексем, супастаўляе з літ. trìkti ’штурхаць’, ’быць перашкодай’, trė̃kti ’псаваць’, trãknys ’пацяруха’, харв. кайк. tȑkati ’грукаць у дзверы’, серб. тр́кати ’бегаць туды-сюды’, балг. тъ́ркам ’перашкаджаць’, ’церці’, ’расціраць’, ’драць’, дыял. то́ркам ’моцна калоць’, макед. трчка ’бегаць’, трча ’мітусіцца’. Прасл. *tъrk‑/*stъrk‑, роднаснае літ. tùrkterėti ’штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490), відаць, гукаперайманне (Фасмер, 4, 83). Да і.-е. *(s)ter(H)‑k‑ ’зацвярдзець’ (Шустар-Шэўц, 1361). Першаснае значэнне — ’біць па нечым цвёрдым’ (Сной₂, 784). Махэк₂ (651) у якасці роднаснай прыводзіць польск. trykać ’басці’. Аднак Скок (3, 504), разглядаючы лексему як анаматапеічную, звязвае яе з літ. treñkti ’грукаць, грымець, трэснуць, шпурнуць з сілай’, ’біць кулаком’, нова-в.-ням. Drang ’націск’, ’імкненне’ і адносіць да і.-е. асновы *trenq‑, якая ў славян без назалізацыі. Куркіна (Этимология–1974, 45–47) мяркуе, што іншаславянскія сувязі застаюцца не зусім яснымі.

То́рмаз ’прыстасаванне для запавольвання або спынення руху’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сюды ж тармазі́ць ’запавольваць, спыняць рух’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Цых.), тормозі́ті ’тс’ (Вруб.). З рус. то́рмоз ’тс’, якое звычайна тлумачыцца як запазычанне са ст.-грэч. τόρμος ’прасвідраванае, пракручанае’, позняе ’ўтулка, затычка’ (Міклашыч, 359; Фасмер, Этюды, 203; Чарных, 2, 251- 252; ЕСУМ, 5, 605), што малаімаверна (Трубачоў, Дополн.; Фасмер, 4, 84). Дзмітрыеў (Лекс. сб., 1958, 3, 45) дапускае, аднак, запазычанне з цюрк. turmaz ’ён не стаіць’, а таксама ’падкладкі для колаў арбы’. Аднак не выключана і славянскае паходжанне, параўн. тормозі́ць ’узбуджаць, хваляваць’, тормозова́ць ’штурхаць, будзіць’ (ТС), балг. тормо́зя ’прыгнятаць (маральна); перашкаджаць, затрымліваць’, што могуць разглядацца як варыянты з азванчэннем у інтэрвакальным становішчы зыходнага с, параўн. тармасіць, гл.