Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тон1 ’гук пэўнай вышыні’, ’характар гучання’, ’стыль паводзін’, ’колер, афарбоўка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Ton, франц. ton, англ. tone, якія паходзяць ад лац. tonus ’тон, гук’ < грэч. τόνος ’тон, лад; націск’ (Фасмер, 4, 76; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 484; ЕСУМ, 5, 596).

Тон2 ’вір, затон’ (ТС): як у тон утанула ’прапала’ (калінк., Арх. ГУ; ТС), сюды ж то́на ’адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай’ (Мат. Гом.). Зваротны дэрыват ад тануць (гл.) з наступнай канкрэтызацыяй значэння, гл. тонь1, тоня.

Тона ’адзінка вагі, роўная 1000 кілаграмаў’ (ТСБМ, Сцяшк., Вруб.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Tonne, англ., нідэр. ton ’тс’ < франц. tonne ’тс’, першапачаткова ’вінная бочка’ < гальск. tŭnna ’мех для віна’. (Фасмер, 4, 77; ЕСУМ, 5, 597; Чарных, 2, 520; Голуб-Ліер, 493).

То́нба ’завала, засоў’ (Рам. 1, Нар. Гом.). Няясна.

То́нкі ’невялікі па шырыні, нятоўсты, вузкі’, ’далікатны’, ’дасціпны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Вруб., Федар. 4), то́нкій ’тонкі’ (Бяльк.), то́нкый (то́нкий) ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), то́нак (то́нък) — кароткая форма прым. (мёрск., Нар. сл.), ст.-бел. то́нкий ’тонкі’ (XV ст., КГС). Укр. тонки́й, рус. то́нкий, стараж.-рус. тънъкыи, тьнъкыи, польск. cienki, в.-луж. ćeńki, н.-луж. śańki, чэш., славац. tenký, славен. tánek, tènek, серб.-харв. та̀нак, та̀нан, балг. тъ́нък, макед. танок, дыял. тонок, ст.-слав. тьнъкъ. З прасл. *tьnъkъ (усх.-слав. *tъnъkъjь з асіміляцыяй рэдукаванага ў першым складзе), першапачаткова *tьnъ ’тонкі’. Роднаснае да ст.-інд. tanúḥ (tánukaḥ) ’тонкі’, асец. t‘œnœg ’доўгі’, літ. tę́vas ’тонкі’, ст.-в.-ням. dunni ’тс’, ст.-англ. þynne ’тс’, нова-в.-ням. dünn ’тс’, англ. thin ’тс’, ст.-ірл. tan(a)e ’тс’, лац. tenuis ’тс’, грэч. τανύς ’доўгі’, ταναός (< ταναϝός) ’выцягнуты’. І.‑е. *tenus з першасным значэннем ’расцягнуты, падоўжаны’ ўтворана ад кораня *ten‑ ’напінаць, цягнуць’ (Фасмер, 4, 76–77; ЕСУМ, 5, 596–597; Чарных, 2, 250; Брукнер, 62; Махэк₂, 640).

То́нчыць ’патанчаць’ (Нас.), тонча́ті ’худзець, марнець’ (беласт., Сл. ПЗБ), то́нчаті ’тс’ (Вруб.), сюды ж то́нчык, то́ньчык ’тонкі канец бервяна, жардзіны і інш.’ (ТС). Да то́нкі, гл.

Тонь1 ’тоня’ (Сцяшк.), ’затон, вір’ (ТС), ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС), ’адзін заход з рыбнай снасцю і адзін улоў’ (паст., Сл. ПЗБ), ’вялікі невад’ (трак., Сл. ПЗБ), ’частка вуды, лескі’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’сетка (на рыбу)’ (Барад.). Гл. то́ня, лічыцца больш позняй формай, што ўзнікла ў выніку трансфармацыі канца слова, параўн. польск. woń ’пах, смурод’ < прасл. *vonʼa ’тс’ (Крытыкі, PF, 7, 228; Борысь, 708) і пад.

Тонь2 ’ход, рух’ (Сцяшк.). Рэдкае слова, адносна якога выказваецца меркаванне, што яно звязана чаргаваннем галосных з цягнуць (гл.), што, магчыма, узыходзіць да *tęti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ ’тс’ з зыходным значэннем ’цяга’, параўн. рус. тять ’ісці’, укр. стена́тися ’кінуцца (пачаць рух)’, якія маюць адпаведнікі ў лац. tenor ’раўнамерны рух’, ст.-ірл. tēit ’ідзе’ (Мяркулава, Этимология–1975, 54–55). Хутчэй за ўсё, аналагічнага паходжання з аманімічным яму папярэднім словам, падрабязней гл. тоня.

То́ня ’ўчастак вадаёма, прызначаны для лоўлі рыбы закідным невадам’, ’адзін закід невада, а таксама ўлоў ад аднаго закіду’ (ТСБМ), ’глыбокая яма на рэчцы’ (кам., ЛА, 2), ’мачулішча’ (докш., ЛА, 4), ’вір’ (Ласт.; кам., ЛА, 2), ’месца, праз якое за адзін раз працягнуты невад’ (Арх. Вяр.), ’разавы прагон рыбалоўнай сеткі, невада’ (Крыв.), ’глыбокае месца ў рэчцы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ’затон, вір; адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай; колькасць рыбы, злоўленай сеткай за адзін заход’ (ТС), ’адзін заход з сеткай (закідванне і выцягванне сеткі); найбольш глыбокі ўчастак возера, дзе водзіцца рыба’ (в.-дзв., Нар. сл.), ’колькасць рыбы, злоўленай за адзін раз’ (івац. ЖНС), ’месца, дзе водзіцца рыба, затон; адзін запуск невада ў раку’ (ушац., Нар. сл.), ’месца, дзе можна закінуць невад; адна закідка невада’ (полац., З нар. сл.), ’глыбокае месца на рацэ ці возеры, дзе закідваецца невад; вір’ (навагр., свісл., лід., стаўб., Сл. ПЗБ), то́ня, то́нька ’старарэчышча, затока’ (докш., Сл. ПЗБ), таня́ ’невад’ (брасл., Рабк.), ст.-бел. тоня ’месца для лоўлі рыбы’ (Статут 1529). Гл. таксама тонь1. Укр. то́ня ’частка вадаёма для лоўлі рыбы невадам; невад з рыбай’, дыял. ’месца, дзе можна ўтапіцца’, рус. то́ня, тонъ ’адна працяжка невада’, ’прастора, якую ахоплівае невад’, ’месца, дзе можна закінуць невад’, ’месца, дзе ловяць рыбу; сетка’, польск. tonia, toń ’глыбокае месца; месца, дзе можна закідваць невад’, н.-луж. toń ’невад; балота, дрыгва’, чэш. tůně, tůň ’глыбокае месца’, славен. дыял. tonja ’тс’, ’лужа’, серб.-харв. то̀ња ’тарфянік, тарфяная глеба’, балг. дыял. то́на ’зручнае для рыбнай лоўлі месца’ (БЕ, 23, 5, 437). Прасл. *tonʼa ’глыбокае месца (дзе збіраецца рыба)’, *tonь ’тс’, традыцыйна звязваюць з *topiti ’тапіць, акунаць’, адпаведна з *topnʼa, *topnь (Фасмер, 4, 77; Махэк₂, 661; Брукнер, 573; Талстой, Геогр., 170), параўн. і то́пень ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС). Зубаты (Studie, 1, 2, 120) і Мяркулава (Этимология–1975, 52–58) разглядаюць праславянскія словы як звязаныя з *tęgnǫti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ на падставе таго, што ў шэрагу славянскіх моў пераважае семантыка, звязаная з працягваннем невада, параўн. таксама волак (гл.) і ст.-бел. озеро зволочити ’аблавіць возера’ (Статут 1529 г.). На думку іншых (Шустар-Шэўц, 1516; Фурлан у Бязлай, 4, 198), мае месца аманімія двух слоў з рознай этымалогіяй або дапускаецца аб’яднанне ў адным слове генетычна адрозных слоў (Борысь, 637). Параўн. тонь2.