Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ток1 ’струмень, цячэнне, плынь’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’электрычны зарад у правадніку’; ’электрычная энергія’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. токъ ’плынь’ (1535 г., КГС); часцей у спалучэннях выток, паток, атока (гл.). Параўн. рус. ток старое ’цячэнне’, ’электрычнасць’, польск. tok ’цячэнне, ход’, чэш. tok ’цячэнне, струмень’, славац. tok ’цячэнне’, н.-луж. tok ’рэчка’, славен. tok ’плынь, цячэнне’, серб.-харв. то̑к ’цячэнне; ход, напрамак’, балг. ток ’электрычнасць’, рэдка ’цячэнне’, макед. ток, тек ’цячэнне, ход’, ст.-слав. токъ ’цячэнне, плынь, струмень’. Прасл. *tokъ, роднаснае літ. tãkas ’сцежка, дарожка’, лат. taks ’тс’, што да і.-е. *tek‑ ’ісці, рухацца’ (Фасмер, 4, 69; Бязлай, 4, 191; Борысь, 637; Шустар-Шэўц, 1512), гл. цячы.

Ток2 ’гумно’ (ТСБМ, Касп., Варл., Сл. ПЗБ; леп., Яшк. Мясц.; ПСл, ТС; астрав., Ск. нар. мовы), ’будынак, дзе малоцяць’, ’гумнішча’, ’прыгуменне’ (полац., віл., арш., талач., ельск., ЛА, 4), ’месца ў гумне для малацьбы’ (Нас., Шат., Некр. і Байк., ПСл, Ян., Сцяц. Сл., Сцяшк., Бяльк.; ашм., Стан.; Мат. Гом.), ’пляцоўка для абмалоту збожжа’ (ТСБМ; ст.-дар., Нар. ск.), ’свабоднае роўнае месца, пляц, плошча’ (Ласт.), ’глінабітная пляцоўка’ (ТС, ЛА, 4), ’земляная падлога (звычайна гліняная)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Мат. Гом., Ян., ПСл; палес., Шатал.), ’под у печы, чарэнь’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Сцяц., Гіл.; палес., Шатал.; ЛА, 4), істо́к ’тс’ (ЛА, 4), ток ’цвёрдае дно (вадаёма, ракі)’ (лун., Шатал.), тэк ’земляная падлога’ (там жа), тык ’пляцоўка для малацьбы ў гумне’ (кам., Сл. ПЗБ), тӥк ’тс’, ’глінабітная падлога’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тік ’тс’ (Сл. Брэс.), сюды ж токо́ваты, токо́васты ’цвёрды, утоптаны, выбіты’ (ТС), ст.-бел. токъ ’ток, пляцоўка для абмалоту збожжа’ (1559 г., КГС). Укр. тік ’памяшканне для малацьбы’, рус. ток ’расчышчанае месца, пляцоўка для малацьбы, ачысткі і прасушкі збожжа’, польск., славац. дыял. tok ’тс’, балг. дыял. ток ’гумно, месца малацьбы’, ст.-слав. токъ ’тс’. З прасл. *tokъ ’утаптанае для малацьбы месца’, а літаральна — ’месца, дзе бегаюць коні ці іншая жывёла, з дапамогай якіх малоцяць (пры старым спосабе малацьбы)’. Роднаснае (з чаргаваннем галосных) да прасл. *tekti ’бегчы, цячы’ (Фасмер, 4, 69, 70; Брукнер, 573; Махэк₂, 646; ЕСУМ, 5, 578).

Ток3 ’растоплены, вытаплены тлушч’ (Мат. Гом., ТС; брагін., Нар. словатв.; жытк., Жыв. сл.; мазыр., ГЧ), ’тлушч’ (Шатал., ПСл), ’тук’, ток, тук ’тлушч’, ’тлушч са смажанага сала’ (Сл. Брэс.). Укр. дыял. ток, тік ’растоплены тлушч’. З іншым вакалізмам роднаснае да цячы < прасл. *tekti. Параўн. тук, гл.

Ток4 ст.-бел. ’утулка з дном, у якую укладалі задні канец гусарскай дзіды, каб павялічыць сілу удару’ (Arche, 2008, 1–2, 85). Параўн. укр. точо́к ’похва для бруска ў касароў’, польск. tok ’трубчастая падстаўка, у якую ўстаўляецца канец дзіды’, ст.-польск. tok ’карыта, жолаб’, ’кадаўб’, славен. tok ’калчан’, серб.-харв. ток ’тс’, то̀чир ’пасудзіна з рога для бруска ў касароў’, ст.-слав. токъ ’калчан’. Этымалогія няпэўная. Борысь (637) лічыць аддзеяслоўным назоўнікам ад *tekti (гл. цячы) са значэннем ’тое, што робіць мажлівым цячэнне, напр., карыта’. Акрамя магчымага запазычання з венгерскай і румынскай моў (Скок, 3, 479), што цяжка давесці, прапануецца сувязь з *tъkati (Бязлай, 4, 148–149) (гл. тыкаць) або з *točiti ’вастрыць’ (ЕСУМ, 5, бі 1), гл. тачыць.

Ток5 ’шлюбныя гульні глушцоў, цецерукоў і іншых птушак, такаванне’, ’месца, дзе такуюць цецерукі, глушцы, бакасы’ (Некр.), на таку́ ’падчас такавання’ (Пятк. 1), ст.-бел. токъ ’такавішча (цецерукоў)’ (1663 г., КГС). Гл. такаваць.

То́ка ’толькі’ (Мат. Маг., Жд. 2, Жд. 3), сюды ж, відаць, ты́ко ’тс’ (астрав., трак., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ті́ко, тіку ’тс’, рус. дыял. то́ко ’тс’, харв. дыял. tȍko, tȕku, старое tuko ’тс’, балг. то́ку, дыял. то́ко, ту́ку ’тс’, макед. туку, дыял. токо ’тс’. Разглядаецца як вынік спрашчэння або кантамінацыі ў асобных славянскіх мовах зыходнага *toli, пашыранага часціцай *‑ko (ESSj SG, 2, 681), гл. толькі.

То́кар ’рабочы, спецыяліст па апрацоўцы металу, дрэва і пад. шляхам абточвання’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Арх. Вяр., Вруб.), такар ’тс’ (Стан.), ст.-бел. токар ’токар’ (1557 г., КГС). Укр. то́кар ’тс’, рус. то́карь ’тс’, польск. tokarz ’тс’, звязана з тачыць ’абточваць’ (Брукнер, 573; Фасмер, 4, 70).

То́клішча ’месца, дзе стаяў ток’ (баран., Сл. ПЗБ), ’вытаптанае месца, вытаптаны ўчастак (на полі, у агародзе)’ (пух., Сл. ПЗБ), ’пажарышча’ (баран., ЛА, 4), сюды ж то́кавішча ’месца, дзе быў ток’ (Касп.), то́кывішча ’гумнішча’ (талач., ЛА, 4). Да ток2.

То́кма ’толькі, столькі’: не токма пець, ён слова сказаць не можа (Мат. Гом.), насыпалі токма (пры продажы гаршкоў за збожжа, г. зн. за гаршчок давалі столькі зерня, колькі ў яго ўлазіла) (Вярэн., Арх. Вяр.), ст.-бел. токмо ’толькі’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. то́кма ’тым больш, больш за тое; без прыдачы’, рус. то́кмо ’толькі’, дыял. то́кма ’тс’, стараж.-рус. тъкъмо, тъкъма, тъкма ’тс’, славен. tekma ’спаборніцтва’, дыял. tekmà ’аднолькава, якраз’, харв. takmo, takmu ’толькі’, балг. ъ́кмо ’дакладна, роўна, якраз, менавіта’, макед. токму ’дакладна, якраз, своечасова, менавіта’, ст.-слав. тъкъмо, токъмо, токмо ’толькі’. Прасл. *tъkъmo звязана з *tъknǫti (параўн. тыкнуць, ткаць2), гл. ESSJ SG, 2, 712–714. Паводле Фасмера (4, 70), параўнанне з літ. tìkti ’надаецца, падыходзіць’, tiktaĩ ’толькі’ фанетычна недакладнае. Сной (у Бязлай, 4, 163) мяркуе пра прыслоўе ад *tъknǫti па тыпу міма (гл.), якое семантычна супадае з рус. то́чно ’дакладна’, што ўзыходзіць да таго ж дзеяслова (параўн. точ у точ ’дакладна’, гл. точ).