Такава́ць ’падклікаць спевам і рухамі самку ў перыяд спарвання (пра глушца і цецерука)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; віц., Яшк. Мясц.), токова́ць ’тс’ (ТС). Укр. токува́ти, рус. токова́ть, польск. tokować ’тс’ (з XVIII ст.), каш. tokowac ’праяўляць жаданне супакоіць праявы хцівасці (пра суку)’, в.-луж. tokać (з чэшскай мовы: Шустар-Шэўц, 1512), чэш. tokat ’прывабліваць самку (пра цецерукоў)’, старое tokovati, славац. tokať ’тс’. Выводзіцца паходжанне слова ад гукаў, якія самцы ўтвараюць падчас любоўнай узбуджанасці (Міклашыч, 358; гл. таксама Махэк₂, 646; Рэйзак, 665); гукі самца-глушца параўноўваюць са шчоўканнем пазногця аб няпоўны пачак запалак (Федз.–Доўб., 37–38, 44). Параўн. акрамя чэшскіх і славацкіх дзеясловаў рус. пск. то́кать ’тукаць, стукаць, пастукваць’, таксама ’(пра цецерукоў) такаваць’, укр. то́кот ’сэрцабіццё’, токота́ти, токоті́ти ’мерна і часта стукаць’ і н.-луж. пераноснае tokotaś, tokontaś ’увесь час спатыкацца, хістацца’. Словаўтварэнне, як у кукаваць (гл.); адносіны да ток 5 ’такаванка, такавішча (птушак)’ (гл.), з якога выводзілі дзеяслоў Брандт (РФВ, 25, 29–30) і Брукнер (573), застаюцца нявысветленымі. Гл. таксама Борысь, 637.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)