Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тол ’выбуховае рэчыва, дынаміт, тратыл’ (ТСБМ, БРС). Запазычана з рус. тол ’тс’, якое з’яўляецца скарачэннем тринитротолуо́л ’тратыл’, што ад толуо́л ’хімічнае рэчыва для вытворчасці выбуховага рэчыва, лекаў і інш.’, гл. КЭСРЯ, 444; ЕСУМ, 5, 593–594.

То́лаг ’падонкі, буза’ (Ласт.). Няясна; відаць, звязана са славац. talug ’гной у ране’, н.-луж. taług, tałog ’гной, гнойная маса’, серб.-харв. та́лог, tolȏg ’асадак, падонкі’, балг. та́лог ’асадак, ціна, іл’, макед. талог ’тс’. Прасл. *talogъ ’асадак’, якое звязваюць з *talъ ’талы, бясснежны’ (Шустар-Шэўц, 1496, гл. талы) і, магчыма, з *toliti ’паміраць; супакойваць’ (Бязлай, 4, 151), параўн. таліць1, гл.

*То́лак, то́лок ’трамбоўка’: толоком збівалі ток (ТС). Параўн. укр., рус. то́лок ’прылада для трамбавання; поршань’, дыял. ’таўкач’, польск. tłok ’поршань, штэмпель, пячатка’. Ідэнтычнае польск. tłok ’ціск, ціжба’, чэш. tlak ’ціск, націск’, ’вытаптаная зямля’, славац. tlak ’ціск’, в.-луж. tłok ’цвёрдая перамешаная са жвірам зямля’, славен. tlàk ’добра ўтрамбаваная зямля; ціск’, харв. tlȃk ’ціск’. Сюды ж балг. тлак ’нанос’ (Бярнар, Бълг. изсл., 252), што да прасл. *tolkъ ад *telkti ’таўчы’ (Фасмер, 4, 72; Бязлай, 4, 186; Шустар-Шэўц, 1509). Тэхнічныя тэрміны позняга паходжання (Борысь, 634).

То́лака ’паншчына’ (капыл., ЛА, 3). Да талака1, гл.

То́лапень ’дурань’ (Мат. Маг., Сцяшк. Сл.), ’таўкач’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Утварэнне з суф. ‑ень ад тало́піць, гл. талопіцца2; параўн. славен. tlápiti ’балбатаць, трызніць’, харв. tlápiti ’тс’, для якіх рэканструюецца прасл. *tolpiti (Скок, 3, 187), звязанае, хутчэй за ўсё, з тоўпіцца (гл.). Параўн. талабень, гл.

То́лезны ’такі вялікі, такі шматлікі’ (Ласт., Некр. і Байк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з суф. ‑(е)зн‑, параўн. велічэ́зны, вялі́зны (гл. вялікі), што ўзыходзіць да прасл. *toli, *tolě ’так, столькі’, параўн. укр. дыял. толь ’тс’, тіль ’трохі, не надта многа’, рус. дыял. то́ли, толь ’столькі, настолькі’, стараж.-рус. толи ’потым, і, а’, польск. tyle ’так многа’, дыял. toli ’вось, толькі, а як жа’, чэш. дыял. toli ’столькі, так многа’, н.-луж. toli ’таму што’, a toli ’ўсё ж, аднак, тым не менш’, славен. toli ’так, столькі’, старое серб.-харв. toli, tolje ’настолькі, так’, ст.-слав. толи, толь ’столькі, настолькі’. Спалучэнне дэманстратыўнага займенніка *to з часціцай *li, суадноснае з літ. tõlei ’да таго часу’ і роднаснымі tõl, tolì ’далёка’ (ESSJ SG, 2, 675; Фасмер, 4, 70; Шустар-Шэўц, 1514).

То́лесь ’нядаўна’ (Сцяшк. Сл.). Спалучэнне формы, што ўзыходзіць да *tolě (гл. папярэдняе слова) з дэманстратыўнай часціцай -сь (гл. сей).

Толк ’сэнс, значэнне, сутнасць’, ’кемнасць’, ’карысць’ (ТСБМ, Сцяшк., Вруб.), ’сэнс, лад, парадак’ (Касп., Бяльк., Федар. 4, Некр. і Байк.), ’карысць, сэнс’ (ТС, Сл. ПЗБ), ’розум, развага’ (Ян.): стары воўк знае толк (Пятк. 2; брасл., Рабк.), тоўк ’карысць, сэнс, парадак’ (Бяльк.; воран., Сл. ПЗБ), ’розум, сэнс’, таўко́вы ’разумны’ (Пятк. 2), ст.-бел. толкъ ’размова’ (XV ст., КГС). Укр. дыял. товк ’глузд, розум’, толк, то́лок ’тс’, рус. толк ’думка, развага, тлумачэнне’, польск. дыял. tołk ’розум, сэнс, логіка’, чэш. tolk ’сэнс, значэнне’; ст.-слав. тлъкъ ’перакладчык; тлумачэнне’, сюды ж талкаваць (гл.), параўн. укр. дыял. товкува́ти ’высвятляць, гаварыць’, рус. толкова́ть ’тлумачыць, даводзіць, гаварыць’, макед. толкува ’тлумачыць, разгадваць’, балг. тълку́вам ’тс’. З прасл. *tъlkъ ’думка, тлумачэнне’, узводзяць да і.-е. *tolk​ казаць, выкладаць’. Роднаснае да ст.-ірл. ad‑tluch‑ ’дзякаваць’, to‑tluch‑ ’прасіць’ (ЕСУМ, 5, 587; Фасмер, 4, 71; Чарных, 2, 248). Адсутнасць пераходу л > ў у літаратурнай мове і некаторых гаворках тлумачаць пазнейшым (XVIII–XIX стст.) аднаўленнем л па ўзору рус. толк (Векслер, Гіст. 125).

То́луб. Гл. ту́луб.

Толь ’воданепранікальны тоўсты кардон’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк.). Запазычана праз рус. толь ’тс’ з франц. tôle ’дахавыя лісты, дахавае жалеза’ (ЕСУМ, 5, 594).