Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

То́е1 — указальны займеннік н. р. ад той (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Федар. 4, Вруб., Бяльк.), то́я ’тс’ (Цых.), то ’тс’ (Бяльк.), тэ ’тс’ (ТС), тэ́е ’тс’ (Нас., ТС, Бяльк.), можа выступаць і ў якасці злучніка то (Нас.). Параўн. таксама сумеснае ўжыванне з часціцай то ў niby to tóje ’як бы нічога’ (Федар. 4), як па татэ́ ’як на зло’ (ТС), натото́е ’наўмысна, на зло’ (драг., З нар. сл.), аналагічнае спалучэнню з ж (гл.): jak tojeż, tak tojeż ’нібы на зло’ (Федар. 4). Да той, гл.

То́е2 ’званочак, Campanula persicifolia L.’ (Бейл.). Магчыма, табуізаваная назва ад той (гл.) або *то е ’гэта ёсць’, параўн. польск. toje, tojeść (< to jest) як назвы чарадзейных і атрутных раслін (Брукнер, 362). Параўн. тоя, гл.

Тоежса́масьць ’тоеснасць’ (Ласт.), тоеса́масьць, тожса́масць ’тоеснасць, ідэнтычнасць’ (Байк. і Некр.), тожса́масць ’ідэнтычнасць, саматоеснасць’ (Некр. і Байк.), сюды ж тоежса́мы ’тоесны’ (Ласт.), тоеса́мы, тожса́мы ’тоесны, ідэнтычны’ (Байк. і Некр.). Утворана для перадачы лац. identitās ’ідэнтычны’ ад īdem ’той самы, той жа’, па тыпу польск. tożsamość, у аснове спалучэнне то́е са́мое ’адно і тое ж’ (вілен., Сл. ПЗБ), то́я‑са́мая ’тое, што было’ (Варл.), формы н. р. суадносныя з той са́мы ’той жа’ (Некр. і Байк.), той‑са́мы ’тс’ (Байк. і Некр.), тоj сам ’тс’ (Вруб.), гл. той, тое, самы. Формы з тож, мажліва, непасрэдныя запазычанні з польскай мовы. Гл. таксама тож.

То́есны ’зусім падобны, аднолькавы, такі яе’ (ТСБМ). Новаўтварэнне ад о́есць, параўн. народнае то́ісь ’дакладна значыцца’ (гл. тоісь-то), рус. то́ есть ’гэта значыць’, польск. to jest ’тс’, па тыпу рус. тождественный ’той самы, аднолькавы, такі ж’.