То́я ’рагулькі палявыя, Delphinum consolida L.’ (ТС, ПСл), ’званочак, Campanula persicifolia L.’ (лельч., Бейл.), ’сон, дрымотна, Pulsatilla pratensis Mill.’ (там жа), ’падтыннік, Chelidonium majus L.’ (там жа), то́я садо́ва ’рагулькі высокія, Delphium elatum’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. то́я, то́ядь ’боцікі, Aconitum napellus L.’, тоя польо́ва ’крывяна-чырвоная герань, Geranium sanguineum L.’, ту́я, нето́я, чорното́я ’тс’, то́я лісна́ ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’, польск. дыял. toja ’боцікі’, tojad ’тс’, tojeść ’лазаніца, Lysimachia nummularia L.’, ст.-польск. toje, matki boże toje, tojeść, matki boże(j) tojeść, matki boży tojeść ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’. Арэальнае ўтварэнне з не да канца высветленай этымалогіяй (Пастусяк, Pogranicze, 320–322). Брукнер (572) у якасці зыходнай формы для польскай мовы лічыць tojeść, tojest, to je (літаральна ’гэта ёсць’) як табуізаваную назву для атрутных і проціатрутных раслін. Дзендзяліўскі (SFPS, 12, 195) тлумачыць украінскую форму з суф. ‑ядь як вытворную ад то́я, якая азначала спачатку ’зараснік тоі’, а то́я ён выводзіць як адваротнае ўтварэнне ад нето́я, табуізаванай назвы з семантыкай ’гэта не ёсць расліна, што мае звышнатуральную моц’, параўн. таксама ЕСУМ, 5, 612. Будзішэўска (JP, 1974, 4, 174) мяркуе пра нямецкае паходжанне назвы ад das ist ’гэта ёсць’, магчыма, нейкім чынам пераробленае з ням. Dost ’мацердушка, Origanum L.’, што няпэўна.