Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Расква́ліць, росква́ліць ’разбіць, расквасіць’: роскваліў ему голову (ТС). Няясна, магчыма, звязана з кволы (гл.).

Расква́сіць1 ’размягчыць, зрабіць мяккім, гразкім’ (ТСБМ, Мат. Гом.), росквасну́ць ’размокнуць ад залішняй вільгаці, стаць гразкім, размякнуць’, ро́сквась ’бездараж’ (ТС). Гл. ква́сіць.

Расква́сіць2 ’разбіць; разбіць да крыві (нос, твар); рассячы’ (Нас., ТСБМ, Бяльк., Ян.): misku raskvasić (Варл.), расквасіў ён зьмею ўсе двананцаць галоў (Сержп. Казкі). Параўн. польск. rozkwasić разбіць, растаўчы, моцна параніць (да частак цела)’. Непасрэдна звязанае з расква́сіць1 (гл.), у пераносным выкарыстанні значэння ’ўвільгатніць’ ці ’размякчыць’, ’размясіць (як цеста)’, значэнне ’рассячы’ вынікае з ’разбіць да крыві’. Паводле Запруднага (дыс., 34), значэнні ’выдзеліць кроў’ і ’выдзеліць кіслую вадкасць’ звязаны наўпрост. Малаверагодная версія пра семінарызм ад лац. quatiō, quassus ’разбіваю’, хаця Фасмер (3, 444) пасля Патабні звяртае ўвагу на рус. квас.

Расквахта́цца ’наракаць, прычытаць, прыгаворваць’ (ТСБМ, Бяльк.), расквакта́цца ’наракаць, стагнаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Растарг.). Гл. квахта́ць, квактаць,

Расквялі́ць, росквелі́ть ’раздражняць (рану)’, таксама з далейшым фанетычным развіццём кв‑цв‑: расцвялі́ць, расцве́ліць, расцвілі́ць, росцвілі́ць ’тс’ (мазыр., лельч., лях., петрык., валож., стол., ЛА, 3). Параўн. рус. расквели́ть — ’давесці дзіця да плачу’. Да квяліць, цвяліць (гл.), але прыведзеныя тут значэнні ’дражніць, крыўдзіць’ з’яўляюцца, як падаецца, другаснымі. Сюды ж раскве́ліць ’разжаліць’ (Сцяшк. Сл.).

Раске́ліна ’язва, рана’ (Ласт.). Хутчэй за ўсё, фанематычны варыянт раско́ліна ’шчыліна ад расколу’ (Бяльк.), аднак нельга выключыць сувязь з магчымым, але не зафіксаваным слоўнікамі *расшчы́ліна < шчы́ліна (гл.) пры захаванні вядомага гаворкам гістарычнага спалучэння ‑ск‑ (адносна фаналагічнай праблематыкі прабеларускага sk‑ перад ě гл. Векслер, Гіст., 91–92). Адзінкавая фіксацыя з вельмі спецыялізаванай семантыкай можа сведчыць у аднолькавай ступені як аб экспрэсіўным характары націскнога, так і на карысць штучнага ўтварэння. Параўн. наступнае слова.

Раске́п ’раскол, шчыліна’ (Нас., ТСБМ). Сюды ж раске́п, роске́п ’раздвоены дышаль у вупражы валоў’ (ПСл, Лексика Пол.). Зыходнай формай лічыцца *расскеп, параўн. рус. дыял. расскеп ’тс’, што, паводле Фасмера (3, 445), ад скепать ’расшчапляць, калоць’. Ад раске́піць, гл.; паводле Карскага (1, 368), вядомае і ў старабеларускі перыяд, пры звычайным рашчэп (ращеп). Захаванне першасных спалучэнняў ске‑ (< прасл. *skoaip‑) Векслер (Гіст., 92) звязвае са старажытным падзелам славянскіх моў, параўн. макед. расцеп ’разлом, шчыліна ў скале’. Меркаванне пра запазычанасць гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 72.

Раске́па ’расцяпа, някемлівы, рассеяны, няўважлівы чалавек’ (карэл., З нар. сл.; дзярж., Нар. сл.; Сл. рэг. лекс.). Непалаталізаваны варыянт да расцяпа, які, паводле Векслера (Гіст., 92), рэалізаваўся на поўдні Беларусі на месцы спалучэння sk у skʼ у пачатку і сярэдзіне слова. Пра сувязь з кеп ’дурань; блазан’ (гл.) спецыяльна Слаўскі, 2, 151. Сюды ж і раске́па ’раздвоены дышаль у вупражы валоў’ (Лексика Пол.), раске́паць ’зразумець, здагадацца’ (Жд. 2), магчыма, пад уплывам кепова́ць, гл.

Раске́піць ’расшчапіць’ (Касп.), раскяпі́ць ’раскалоць, расшчапіць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Жд. 3, Юрч.), раскяпі́цца ’расшчапіцца’ (Касп.), раскёпка ’расшчапленне, расколванне’, сюды ж з метафарычным працягам семантычнага развіцця раскепіцца ’рассесціся’ (рагач., Наша Ніва, 2004, 16 крас.). Да ске́піць (гл.) са спрашчэннем падвойнага ‑с‑ на стыку прыстаўкі і кораня; гл. таксама скапа́ць. Параўн. рус. смал. раскепи́ть ’раскалоць (бервяно, дровы)’. Параўн. раскеп (гл.).

Раскі ’завязкі ў фартуху’ (малар., Помнікі гіст. і культуры Беларусі, 1971, 3, 42). Да раса́2 (< прасл. ręsa ’акравак, кутасік, фрэнзлік’).

Раскідо́н ’неберажлівы чалавек; мот’ (Гарэц., Юрч. Вытв.). Да раскіда́ць, раскі́дваць (гл. кідаць) з метафарычным пераносам, які фармальна рэалізуецца ў экспрэсіўным суфіксе, параўн. такога ж кшталту раскіду́ха ’тс’ (Мат. Гом., Юрч. Вытв.); сюды ж таксама раскі́да ’тс’ (Юрч. Вытв.), раскі́длівы ’марнатраўны’ (Гарэц.). Параўн. суч. рус. раскидо́н ’дарэмная трата грошай’, закидо́н ’дзівацтва’, расслабо́н (ад расслабіцца ’зняць стрэс’) з жарганізацыяй суфікса ‑он (Земская і інш., Слав. языкозн., XII, 301).