Квас ’кіславаты напітак, прыгатаваны на вадзе з хлеба, сухароў або жытняй мукі з соладам’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Яруш., Нар. сл., Нар. словатв., ТС, КЭС, лаг., Бяльк., Сержп. Грам., Вешт., Юрч.), ’кіслая страва з буракамі, грыбамі, бульбай’ (ТСБМ, Шн., Нар. лекс., Вешт., Сцяшк., Серб., Нар. словатв., Сл. паўн.-зах., Шатал.), ’закваска’ (Мат. Гом.), ’кіслата’ (Гарэц., Клім.), ’шкода’ (Юрч.). Укр. квас ’тс’, рус. квас ’тс’, ст.-слав. квасъ, балг. квас, макед. квас, серб.-харв. ква̑с, славен. kvas, польск. kwas, чэш. kvas, славац. kvas, в.-луж. kwas, н.-луж. kwas ’тс’. Прасл. *kvasъ ’квашаніна, закваска, квас’ узыходзіць да kysěti, kysnǫti ’мокнуць, кіснуць’, першасны каўзатыў ад якіх kvasiti ’квасіць’ (Ваян, Gram. comp., III, 422). Паралелі ў іншых індаеўрапейскіх мовах ненадзейныя. Аб розных версіях гл. Слаўскі, 3, 466.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)