Манта́чка ’мянташка’ (нараўл., браг., Мат. Гом.), манта́шка ’тс’ (Растарг., Ян.). Укр., рус. бран., кур. манта́чка ’тс’. Да мянта́шка (гл.). Сюды ж манта́чыць ’мянціць’, ’вастрыць касу’ (нараўл., Мат. Гом., Бяльк.).
Манта́чыць ’выпрошваць’ (Касп.), укр. валын. манта́чите ’тс’. Пад уплывам манта́чыць < мантач (гл.) з польск. matyczeć, якое з mantyka ’торба’ > ’прасіць, жабраваць’.
Манта́шыць ’рваць тузаючы’ (Сцяцк.), мантошыць ’ганяць, біць, знішчаць’ (ТС). Да мяць (гл.) — прасл. męti, якое ў польск. мове атрымала дадатковыя суфіксы ‑t‑os‑, параўн. miętosić, miętusić ’мяць, ціснуць’, з якіх былі запазычаны бел. лексемы.
Манто ’жаночае (футравае) паліто свабоднага пакрою’ (ТСБМ). Позняе запазычанне з польск. manto ці з рус. манто ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79), якія з франц. manteau (Фасмер, 2, 570). Роднаснымі да іх з’яўляюцца паўд.-рус. ма́нта ’малдаўскае адзенне з доўгім каўняром, які накідваецца на галаву ў дождж’, укр. бук. манта́ва ’доўгае суконнае паліто на ваце’.
Манту́з ’мянтуз’ (нараўл., З нар. сл.). Да мянту́з (гл.). Тое ж рус. (Волга, Ака), арл. мантус ’тс’.
Манту́ла ’ход гульні ў баланты (у цуркі)’, манту́ліць ’біць, гуляць’ (ТС). Рус. перм. дать мантулу кому‑либо ’ўдарыць каго-небудзь’. Паводле Цыхуна (Бел.-укр. ізал., 86), семантычна найбольш блізка лексема стаіць да рум. mântuióla ’заканчэнне’, ’збаўленне, вызваленне, уратаванне’.
Манту́ліць ’прыкінуцца бедным, каб пажывіцца’ (Нас.), манту́лы ’ласункі, прысмакі’ (слаўг., Нар. словатв.), ’хаўтурны абед’, ’гасціна з прычыны якога-небудзь свята’, ’дармавая выпіўка’, ’палескія дранікі’, ’бліны і памінальныя стравы’, ’выгоды жыцця, лёгкія даходы’ (Нас. Сб.; паўд.-усх., КЭС), ’хлеб і іншыя харчы, сабраныя для духавенства’ (там жа), манту́лік ’сырнік’ (лоеў., Мат. Гом.), манту́льнік, манту́лка ’мужчына і жанчына, якія любяць жыць за чужы кошт’ (Нас.). Укр. мантули ’ахвяраванні, сабраныя для каляднікаў ці жабракоў’, гуц. ’пірагі з кукурузнай мукі з сырам’, манту́лки ’салодкія падарункі, баранкі, прывозімыя з кірмашу’, манту́лити ’выпрошваць падачкі’; рус. варон. манту́лить ’карміцца рэшткамі з панскага стала’, мантульник, мантульница ’той, хто корміцца рэшткамі з панскага стала’, ’хто напрошваецца да іншых на абеды, у госці’. Усходнеславянскае. Утварэнне з суфіксам ‑ул‑, якое не мае нейкага аднаго адпаведніка ў іншай мове. Утварылася ў выніку кантамінацыі; у ім перакрыжавалася некалькі першасных балтыйскіх і усх.-слав. (бел.) лексем. Так значэнне ’ласункі, слодыч’ звязваецца праз лексему ламту́ты (гл.) з літ. lemtùtas ’дабрачыннасць і інш.’, значэнне ’дармовыя частаванні, лёгкія даходы’ можна экстрагаваць з літ. mantà ’багацце’, mantas ’выгода, карысць’, mantáuti ’старацца нажыцца’ і бел. мантачыць ’выпрошваць’.
Манту́н ’ілгун’ (ганц., Нар. лекс.), як і ўкр. мантя́р ’тс’, з устаўным экспрэсіўным ‑н‑. Аналагічна бел. манты́ць (гл.), манцыкле́та (Мат. Гом.), польск. manteria < materia, mantacz < matacz ’хлус’. Да мані́ць ’хлусіць’ (гл.). Не выключана, аднак, кантамінацыя бел. маню́ка і зах.-палес. (драг.) мутюн.
Манты́лькі ’верхняя жаночая вопратка, накідка’ (Нас., Федар., 6). З польск. mantylka ’накідка, свабодны плашч, палярынка’, якое з mantyla ’тс’. Да манты́лья (гл.).