Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Варо́ўня ’цёплы свіран, куды ставяць на зіму капусту, бульбу і інш.’ (Мядзв.). Змяненне першапачатковага варыўня́ (гл.) пад уплывам дзеяслова *вараваць < польск. warować ’захоўваць, ахоўваць і да т. п.’? Ці ўтварэнне прама ад гэтага дзеяслова? Параўн. палес. варо́вны(й) (пра пасудзіну для квашанай гародніны) (Лысенка, ССП). Параўн. таксама вараўня́ ’пограб, яма, у якой хаваюць бульбу’ (Бяльк.). Гл. яшчэ варыўня́.

Варо́хаць, варо́хацца ’варушыцца з шумам; варочаць (сена і да т. п.)’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Адносіцца да вялікай сям’і слоў (прасл. *vorx‑), разгледжаных пад варушыць (гл.).

Варо́чаць, варо́чацца ’аддаваць назад’ (Шат., Касп., Нас., Яруш., 27, КЭС, лаг.; Гарэц.); ’варочаць, паварочваць; варушыць і г. д.’ (БРС, КЭС, лаг.; Яруш., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ); ’валіцца на дол і да т. п.’ (КЭС, БРС). Рус. воро́ча́ть, укр. вороча́ти, воро́ча́тися, чэш. vráceti, балг. вра́щам, серб. вра̏ћати і г. д. Прасл. *vorti̯ati ’тс’ — утварэнне ад прасл. *vortiti (ст.-рус. воротити, рус. вороти́ть, чэш. vrátiti, ст.-слав. вратити, балг. вра́тя і г. д.), якое ў сваю чаргу адносіцца да прасл. *vьrteti ’вярцець’. Адносна *vorti̯ati і *vortiti гл. Фасмер, 1, 355.

Ва́рпа ’веялка’ (Жд., Янк. Мат.). Дыялектная форма запазычанага слова а́рфа ’тс’ (гл.) з пратэтычным в‑ і зменай ф > п. Параўн. ва́рха. Сюды ж варпава́ць ’арфаваць, веяць’ (< арфава́ць).

Варсава́ты ’з крапінкамі (пра яблыкі)’ (Касп.). Няяснае слова. Магчыма, да варса́ць ’калоць’ (гл.). Тады першапачатковае значэнне: ’наколаты’ (→ ’з крапінкамі’).

Варсану́ць ’піхнуць, штурхануць’ (Янк. II, Бяльк., Арх. ГУ), варса́нуць ’штурхануць’ (Арх. ГУ). Бясспрэчна, адносіцца да варс́аць ’калоць, кідаць’ (гл.).

*Варса́ць, ворса́ть ’калоць з разбегу ў бок’ (Мядзв.), ва́рсаць ’кідаць’ (КЭС), варса́ць або́ры ’працягваць аборы праз вуха лапця’ (Маш.). Сюды ж і варсану́ць ’піхнуць, штурхнуць’. Параўн. рус. дыял. варсану́ть ’з сілай ударыць чым-небудзь вострым; штурхануць’. Слова цёмнага паходжання. Часам паралельна ўжываюцца барса́ць ’працягваць абору ў лапці’ і варса́ць (Шат.). Барса́ць таксама значыць і ’кідаць’, але і яно няяснага паходжання (гл.). Паралелізм барса́ць|варса́ць можа тлумачыцца тым, што зыходным з’яўляецца варса́ць. Так, Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) зыходзіў пры тлумачэнні барса́ць (укр. бо́рса́ти) з *ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Параўн. абарсаць.

Варсі́нка (БРС). Запазычанне (?) з рус. ворси́нка, якое з’яўляецца вытворным ад ворс, во́рса. Рус. ворс, во́рса, бел. во́рса, укр. во́рса лічацца запазычаннем з іран. моў. Гл. падрабязна Фасмер, 1, 355–356; Шанскі, 1, В, 169.

Варста́к ’ткацкі станок’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус. верста́к. Запазычанне з польск. warstat (> бел. варста́т, гл.) з афармленнем суфіксам ‑ак. Падрабязней гл. пад варста́т, варшта́т (Праабражэнскі, 1, 76; Фасмер, 1, 300; Шанскі, 1, В, 64; Брукнер, 603).

Варста́т ’ткацкі станок’ (Сцяшк. МГ, Шатал.); ’сталярны станок’ (Шатал., Сцяшк. МГ); ’драўляная квадратная скрыня пад жорнамі’ (КЭС). Ст.-бел. варстат, верстат, ворстат (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. (ст.-польск.?) warstat (не з польск. warsztat; з гэтага апошняга бел. варштат, гл.). Форма warstat была ў польск. мове ў XVI ст. (гл. Брукнер, 603); яе можна разумець і як мазурскую. Першакрыніца — ням. Werkstatt (Брукнер, 603; Булыка, Запазыч., 56; Фасмер, 1, 300). Параўн. варшта́т, варста́к.