Атэ́ль ’гасцініца’ (БРС). Рус. отель, укр. готель. З рускай (Крукоўскі, Уплыў, 79). Рус. з франц. hôtel (Фасмер, 3, 170).
Атэлье́. З рус. ателье́, запазычанага ў канцы XIX ст. з франц. atelier ’майстэрня’, Шанскі (1, 170. Курс суч., 167) выводзіць беларускае праз рускую з французскай; Крукоўскі (Уплыў 78) указвае на рускае пасрэдніцтва. Трэба ўлічыць яшчэ польск. atelier.
Атэста́т лацінскага паходжання (attestatum) праз ням. Attestat і рус. аттеста́т, дзе слова фіксуецца з 1729 (Біржакава, Очерки, 344; Шанскі, 1, А, 173).
Атэста́цыя. Ст.-бел. атестация з 1627 (Гіст. мовы, 1, 257). Рус. аттестация з 1719, укр. атестація з 1668. З лац. attestatio праз польск. atestacja (Булыка, Запазыч.); такое ж паходжанне рускага слова (Шанскі, 1, А, 174). Паводле Крукоўскага, Уплыў, 78, сучаснае беларускае слова — праз рускую, што не выключана, паколькі не засведчаны працяг старабеларускага слова ў пісьменнасці; аднак слова магло падтрымлівацца польскай дзелавой мовай.
Атэ́ўнік ’кацялок’ (Касп.). Няясна.
Ат’яжо́жынне ’адмаўленне, аднекванне’ (Бяльк.). Аддзеяслоўны назоўнік з суфіксам ‑нне ад дзеяслова *атʼяжожыць (‑вацца), утворанага з прэфіксам ат‑/ад‑. Беспрэфіксальная форма прадстаўлена ў рускіх гаворках: язать(ся) ’абяцаць’. Язать Фасмер (4, 549) звязвае з (в)яз‑а‑ть як зваротнае ўтварэнне ад об(в)язать(ся); семантычна пераход ад ’абавязацельства’ да ’адмовы’ ад яго (выражанай прэфіксам ат‑) цалкам магчымы. Не зусім ясная ў гэтым выпадку фанетыка рускіх адпаведнікаў: язжить, яжжить ’бурчаць, лаяць’, ягать крычаць’. Фасмер параўноўвае гэтыя словы з яга (гл.). Асобнасць фіксацыі беларускага слова не дае магчымасці больш ясна тлумачыць яго паходжанне.