Вась-вась-вась ’падзыўныя словы для кормнага кабана’ (Янк. III). Рус. дыял. вац!, ва́цу́! ’тс’, укр. ваць!, вацю́! ’тс’. Як думаў Р. Смаль–Стоцкі, гэта варыянты слова паць! < паця́ ’парася’. Супраць гэтай версіі Рудніцкі (1, 329), які лічыць, што усё гэта варыянт выклічніка ацю! (адгоннае слова для свіней; да форм апошняга параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 123–124).
Васэ́ля ’вяселле’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. wesele ’тс’ (а гэта са слав. *veselьje ’радасць’; гл. Брукнер, 607). Параўн. укр. весі́лля ’тс’.
Васэрва́га ’інструмент для вызначэння гарызантальнай лініі пры будаўніцтве’ (Сцяшк. МГ). Укр. васерва́ґа, васерва́га. З ням. Wasserwaage ’тс’ (можа, праз польскую мову; параўн. польск. дыял. waserwaga). Гл. Рудніцкі, 1, 322.
Ват ’ват валочаць па затокам (лавіць рыбу)’ (Серб.), ва́та (Шат.). Параўн. рус. ва́та ’сетка для лоўлі рыбы’, укр. ва́та ’тс’, польск. wata. Першакрыніцай з’яўляецца ням. Wate ’тс’ (аб ням. слове Клюге, 842), а паводле Рудніцкага, 1, 324, запазычанне прама з с.-в.-ням. wate (Шалудзька (Нім., 25) лічыўся з пасрэдніцтвам польск. wata < с.-в.-ням. Wate, wade). У форме вата слова зафіксавана ў ст.-бел. мове (з XVI ст.); Булыка (Запазыч., 57) бачыць першакрыніцу ў ням. Watta (?). Бел. форму ват (калі гэта не памылковы запіс) вытлумачыць цяжка.
Ва́та ’вата’ (БРС); ’баваўняная пража дамашняга прадзення’ (Влад., 198). Рус. ва́та, укр. ва́та ’вата’, польск. wata і г. д. Запазычанне з ням. Watte ’вата’ або франц. ouatte (першакрыніцай ням. слова праз пасрэдніцтва раманскіх моў з’яўляецца с.-лац. vadda) (Праабражэнскі, 1, 67; Фасмер, 1, 278; Клюге, 843; гл. таксама Шанскі, 1, В, 23).
Вата́га ’ватага’ (Др.-Падб.); ’арцель сплаўшчыкаў’ (Кольб.). Укр. вата́га ’атрад, натоўп; атара, чарада’. Ст.-рус. ватага ’шацёр, палатка, жыллё качэўнікаў’, рус. вата́га ’натоўп; статак, чарада, стая; рыбалавецкая арцель; месца промыслу, сяліба рыбакоў; рыбацкая хатка; сям’я і г. д.’ Старое запазычанне з цюрк. моў (ст.-чуваш. *våtaɣ, *uotaɣ, ст.-цюрк. otaɣ ’палатка; пакой; сям’я’; параўн. і тур. oda, odak ’пакой, хата’) (Меліаранскі, ИОРЯС, 10, 4, 118 і далей; Корш., AfslPh, 9, 659; Младэнаў, 58; Фасмер, 1, 278). Іншыя тлумачэнні пераконваюць менш: 1) запазычанне з паўн.-цюрк. vataga (гэта хутчэй само запазычанне з рус.; гл. Фасмер, там жа, там і літ-ра); 2) запазычанне з рум. vătaş ’стораж’ (літ-py гл. Фасмер, 1, 278). Параўн. яшчэ Шанскі, 1, В, 23–24.
Ватачнік ’расліна ватачнік, Asclepias L.’ (БРС, Кіс.), рус. ва́точник, укр. ваточник. Да ва́та ’вата’ (гл.), відавочна, паводле некаторых уласцівасцей расліны. Параўн. іншыя яе назвы: укр. бавовна дика, шовк дикий (Макавецкі, Sł. botan., 42). Матыў «ваты» паўтараецца ў франц. назве расліны herbe à ouatte, herbe à coton, а «шоўку» — у англ. silkweed, ням. Seidenpflanze, серб.-харв. свиленица, свилни дубац (Сіманавіч, 53).
Ва́тман ’ватман, ватманская папера’ (БРС). Рус. ва́тман, укр. ва́тман. Запазычанне з рус. ва́тман (а гэта на базе спалучэння ва́тманская бума́га < англ. Whatman paper па прозвішчы англійскага фабрыканта; гл. Гараеў, 40; Фасмер, 1, 278–279; падрабязна Шанскі, 1, В, 25–26).
Вато́ ’нядаўна, зусім нядаўна’ (Янк. II); ’хутка’ (Жд.: «Вато́ я вы́йду, пачака́й»). Здаецца, адпавядае рус. вот ’вось’ у розных дыял. формах: во́та, во́то. Не выключаецца і паходжанне ад *въ то (параўн. чэш. vtom ’у гэты момант; але вось; раптам’).
Вато́вы ’ватны’ (БРС, Нас., Шат., Касп.). Прыметніка гэтага тыпу і з такім націскам няма ў рус. і ўкр. мовах. Таму, мяркуем, гэта запазычанне з польск. watowy ’тс’. Параўн. ватоўка.