Вато́ўка ’ватнік, ватоўка’ (БРС); ’адзежына на ваце’ (Бяльк., Нас., Касп.); ’кароткая вопратка на ваце’ (Жд., Шат.); ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру з купленага матэрыялу’ (Інстр. I, 76). Рус. дыял. (смал.; у рус. гаворках Літвы; гл. СРНГ) вато́вка. Зыходзячы з геаграфіі, рус. слова ўзята з бел. У бел. мове або ўтварэнне ад вато́вы ’з ваты’ (гл. БРС), або прамое запазычанне з польск. watówka ’тс’. Гэту апошнюю версію падтрымлівае і тое, што націск прыметніка вато́вы дакладна адпавядае польскаму watowy. Гл. Кюнэ, Poln., 113.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)