Васіле́ц ’журавель звычайны’ (КЭС). Параўн. таксама веселе́ц, вэсэ́лык ’журавель шэры, Grus grus L.’ (КЭС). Укр. весе́лик ’назва жураўля, якую трэба ўжываць, калі яны прылятаюць вясной, замест жураве́ль, іначай будзеш жури́тися ўвесь год’ (Грынч.). Такім чынам, васіле́ц < веселе́ц; усё да вясёлы (слав. *veselъ). Назва табуістычная па паходжанню.
Васілёк ’валошка’ (БРС, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк. МГ); ’пустазелле’ (КЭС), васількі́ ’Centaurea cyanus L.’ (Бейл.), ва́сількі ’тс’ (Мядзв.), ва́сілька (Шатал.). Рус. василёк, укр. васильо́к. Старое (яшчэ ст.-рус.) запазычанне з грэч. мовы (грэч. βασιλικόν) (Мацэнаўэр, Cizí sl., 364; Фасмер, Этюды, 42; Праабражэнскі, 1, 67; Шанскі, 1, В, 22). Брукнер (18) лічыў, што назва кветкі запазычана з польск. bazylika, што менш верагодна.
Васкаве́нь ’мяшок для сыроў’ (Мат. дыял. канф., 74). Першапачаткова, бясспрэчна, значэнне гэтага слова было ’мяшок для воску’ (вытворнае ад воскавы + суф. ‑ень). Параўн. дакладную семантычную паралель: во̂ско̂ві́к ’мяшочак для прасавання топленага воску’ (Анох.) — васкаві́к ’палатняны мяшочак для прыгатавання тварагу і сыру’ (Вешт., 393).
Васко́ўка ’васкоўка (папера)’ (БРС). Рус. воско́вка ’тс’. Ад васко́вы (да воск, гл.). Уласна, ’васковая папера’. Запазычанне з рус.
Васко́ўнік ’расліна васкоўнік’. Запазычанне з рус. воско́вник ’тс’ (Myrica). Да воск, васко́вы. Параўн. яго ням. назвы Wachsbaum, Wachsbeere, Wachsmyrte (Wachs ’воск’).
Васо́лы ’вясёлы’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. wesoły ’тс’ (аб польскім слове Брукнер, 607).
Ва́спан ’зваротак ваша міласць, пан’ (БРС, Нас., Шат., Мядзв., Бір. Дзярж.), васпа́н ’тс’ (Гарэц., Касп.). Запазычанне з польск. waspan ’тс’ (а гэта скарачэнне з waszmość pan; гл. Брукнер, 603). Рус. дыял. (смал.) ва́спан ’тс’. Параўн. ва́сан ’тс’, васпа́ні.
Васпа́ня, васпа́ні ’зваротак пані’ (Нас., Касп., БРС, Бір. Дзярж., Гарэц.). Запазычанне з польск. (параўн. ва́спа́н < waspan). Магчыма, таксама, што гэта ўтварэнне на базе запазычанага ва́спа́н ужо ў беларускай мове. Параўн. ва́спа́н, ва́са́н. Рус. дыял. васпа́ня ’васпані’ (смал.).
Васпо́льза ’карысць, польза’ (Бяльк.). Утварэнне на базе запазычанага з рус. дзеяслова васпо́льзываць (гл.); параўн. і рус. по́льза ’карысць’. У рус. мове (у Даля і ў СРНГ) слова тыпу воспольза няма.
Васпо́льзываць ’скарыстаць, выкарыстаць’ (Бяльк.), васпо́льзывацца (Бяльк.). Запазычанне з рус. мовы. Параўн. рус. воспо́льзоваться ’скарыстацца’ (са ст.-слав. мовы?). Адсюль новае бел. дыял. утварэнне васпо́льза (гл.). Адзначым, што ў форме воспо́льзовать рускі дзеяслоў не зафіксаваны ні ў Даля, ні ў СРНГ Таму бел. васпо́льзываць узнікла ўжо на базе васпо́льзывацца.