Раскрыжава́ць, раскрыжо́ўваць ’распілаваць хлыст на часткі патрэбнай даўжыні’ (навагр., Нар. лекс.; Мат. Гом.). Да *крыжава́ць ’рэзаць, пілаваць’ < *križati, параўн. рус. дыял. крыжева́ть ’рубаць на часткі дрэва’, серб.-харв. кри́жати ’рэзаць, разразаць (на кавалкі)’, выводзіцца ад *(s)križ‑ < і.-е. skrei‑ ’рэзаць’ (ЭССЯ, 12, 178).
*Раскрышчэ́ння, роскрышчэ́нье ’скрыжаванне дарог’ (лун., Шатал.). Да крыж 1 (гл.) з заканамернымі фанетычнымі зменамі на стыку марфем; параўн. аналагічныя, але з захаваннем этымалагічнага кораня раскрыжаванне, крыжавыя дарогі і пад.
Раскрэ́сы ’скрыжаванне, перакрыжаванне дарог, развілка’ (Мат. Гом.; чач., Жыв. НС), роскрэ́сны ’перакрыжаваны, скрыжаваны’: роскрэсные дорогі (ТС). Прыставачнае ўтварэнне ад крэст ’крыж’, параўн. перакрэст, перакрэ́сніца (гл.).
Раскудзе́ліцца ’рассваволіцца’ (івац., ЖНС). Відаць, да кудзеля (гл.) з няясным метафарычным пераносам, магчыма, праз сінанімічнае распусціцца, параўн. рус. арханг. раскудели́ть ’распускаць ніткі’ і пск. раскудели́ться ’раззлавацца’. Не выключана сувязь з праку́дзіць ’гарэзнічаць, вычвараць’, праку́да ’ахвотнік да свавольстваў, гарэза’ (гл.).
Раску́лтацца ’раскалмаціцца’ (ашм., Стан.). Паводле аўтара слоўніка, да гу́лта ’логава свінні ва ўскалмачанай саломе’ (там жа), няяснага паходжання.
Раскура́т (рыскура́т) ’распуста’ (слаўг., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, з пракура́т ’прайдзісвет’ (гл.), з заменай атаясамленага з прыстаўкай пачатковага пра- прыстаўкай рас-.
Раску́рстаць (раску́рштаць, раску́страць) ’разбудзіць, раскатурхаць’ (Сл. ПЗБ), раску́рстацца ’прыйсці да памяці’ (Варл., Сл. ПЗБ). Да ку́рстацца 2 ’корпацца, церабіцца’ (гл.), для якога прапануецца крыніца ў літ. kùrstytis ’спяшацца’, што цяжка вытлумачыць у семантычным плане. Магчыма ўзыходзіць да прасл. *kustrati, параўн. славен. razkuštrati ’узбіць, разлахмаціць валасы’, славац. kustriť, kuštriť ’трапаць, растрапаць’ і інш. (гл. ЭССЯ, 13, 136).
Раскярэ́тацца ’шырока расставіць ногі’ (швянч., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, фармальна звязана з літ. išsi‑kerė́ti ’тс’. Параўн. раскірэ́ка, гл.
*Раскярэ́ша, розкере́ша ’няхлюя, мурза’ (пруж., Непакупны, Связи, 194–195), ’маруда’ (іван., там жа), укр. дыял. ’крываногі’, ’развілка на сасне’. Параўноўваецца (там жа) з літ. kerė́ža ’разгалістае дрэва, куст’, прэфіксальная форма ў выніку кантамінацыі названай формы з славянскай лексемай тыпу укр. розкоря́ка, гл. раскарака. У якасці зыходнай формы фанетычна бліжэй літ. kereišà ’няўклюда, нязграбны чалавек’, гл. керайша. Параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 67.
Раслі́на ’прадстаўнік расліннага свету’ (Нас., Касп., ТСБМ), раслі́на ’культурная расліна’ (ТС). Параўн. укр. росли́на, польск. roślina, чэш. rostlina, славен. rastlina ’тс’, рус. дыял. раслина́ ’росласць’. Ад *росль, росля (гл.) пры дапамозе суф. ‑ін(а), параўн. рус. поросль, заросли, польск. narośl. Сюды ж расле́нны ’надта ўрадлівы’ (светлаг., SOr, 34, 357).