Праку́да ’ахвотнік да свавольстваў, розных штук; гарэза; смешны’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Гарэц.), ’кемлівы’ (Нас.), ’незвычайная з’ява’ (Яруш., Нас.), ’насланнё, вера ў забабоны’, (Сцяшк. Сл.), ’надакучлівы’ (Сл. ПЗБ), праку́днік, ‑ніца, праку́дны. Рус. проку́да ’бязглуздая выхадка; шкода; прайдзісвет’, кудь ’злы дух, вядзьмарства, чары’, ц.-слав. прокуда ’вядзьмарства’, серб. дыял. проку̏да ’нягоднік’, балг. проку́да ’дрэнная звычка; выгнанне з роднага месца’, ст.-слав. прокуда ’сорам, ганьбаванне’, прокоудити ’ганьбіць; рабіць шкоду’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад праку́дзіць ’гарэзнічаць, вычвараць’, параўн. рус. проку́дитъ ’тс’, польск. przekudzic ’псаваць; дакучаць’, балг. проку́дя ’рабіць выгнанцам; праганяць’, ст.-слав. коудити, коуждѫ ’караць, асуджаць, ганьбаваць’. Да незафіксаванага *кудзіць (гл. кудзеснік), што ўзыходзіць да прасл. *kuditi. Гл. Фасмер, 3, 374, з літ-рай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)