Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раске́па ’расцяпа, някемлівы, рассеяны, няўважлівы чалавек’ (карэл., З нар. сл.; дзярж., Нар. сл.; Сл. рэг. лекс.). Непалаталізаваны варыянт да расцяпа, які, паводле Векслера (Гіст., 92), рэалізаваўся на поўдні Беларусі на месцы спалучэння sk у skʼ у пачатку і сярэдзіне слова. Пра сувязь з кеп ’дурань; блазан’ (гл.) спецыяльна Слаўскі, 2, 151. Сюды ж і раске́па ’раздвоены дышаль у вупражы валоў’ (Лексика Пол.), раске́паць ’зразумець, здагадацца’ (Жд. 2), магчыма, пад уплывам кепова́ць, гл.

Раске́піць ’расшчапіць’ (Касп.), раскяпі́ць ’раскалоць, расшчапіць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Жд. 3, Юрч.), раскяпі́цца ’расшчапіцца’ (Касп.), раскёпка ’расшчапленне, расколванне’, сюды ж з метафарычным працягам семантычнага развіцця раскепіцца ’рассесціся’ (рагач., Наша Ніва, 2004, 16 крас.). Да ске́піць (гл.) са спрашчэннем падвойнага ‑с‑ на стыку прыстаўкі і кораня; гл. таксама скапа́ць. Параўн. рус. смал. раскепи́ть ’раскалоць (бервяно, дровы)’. Параўн. раскеп (гл.).

Раскі ’завязкі ў фартуху’ (малар., Помнікі гіст. і культуры Беларусі, 1971, 3, 42). Да раса́2 (< прасл. ręsa ’акравак, кутасік, фрэнзлік’).

Раскідо́н ’неберажлівы чалавек; мот’ (Гарэц., Юрч. Вытв.). Да раскіда́ць, раскі́дваць (гл. кідаць) з метафарычным пераносам, які фармальна рэалізуецца ў экспрэсіўным суфіксе, параўн. такога ж кшталту раскіду́ха ’тс’ (Мат. Гом., Юрч. Вытв.); сюды ж таксама раскі́да ’тс’ (Юрч. Вытв.), раскі́длівы ’марнатраўны’ (Гарэц.). Параўн. суч. рус. раскидо́н ’дарэмная трата грошай’, закидо́н ’дзівацтва’, расслабо́н (ад расслабіцца ’зняць стрэс’) з жарганізацыяй суфікса ‑он (Земская і інш., Слав. языкозн., XII, 301).

Рас́кілі ’прыстасаванне, у якім носяць сена’ (драг., ДАБМ, камент.). Дээтымалагізацыя ў выніку трансфармацыі пры засваенні ў гаворцы балтыйскага запазычання, адлюстраванага ў літаратурнай мове як рэ́згіны (гл.), а ў дыялектах вядомага ў вялікай колькасці варыянтаў, гл. ЛА, 2, 104; Лаўчутэ, Балтизмы, 21–22; Анікін, Опыт, 265. Магчымы ўплыў тэрытарыяльна і семантычна блізкага раскі (гл.).

Раскірэ́ка (раскире́ка) ’крываногі’ (Нас., Касп., ТСБМ), раскіра́ка (рыськіра́ка) ’тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ). Дыялектна абмежаваны фаналагічны карэлят, магчыма, пад балтыйскім уплывам, параўн. раскірэ́йда ’тс’ (Варл.), да раскара́ка (гл.). Дэвербатыў ад раскірэ́чыць ’шырока расставіць ногі’ (Нас.), раскіра́чыцца ’тс’ (Ян.) і пад.

Раско́л ’збойца, разбойнік’, ’гарэза, свавольнік’, ’вісус, шыбенік’ (Бяльк., Мат. Гом.; дзярж., Нар. сл.; Жд. 3, ТС, Янк. Мат.), ’злы, нялітасцівы чалавек’ (Сцяшк. Сл.), раско́ла ’хуліган’ (Сл. Брэс.), роско́л, роско́льнік ’шыбенік, свавольнік’ (ТС). Як здаецца, няма падстаў ідэнтыфікаваць з рус. роско́л, раско́льник, якія Фасмер (3, 444) выводзіць ад рас- і колоть у значэнні ’разбіваць, ламаць’; мяркуецца, што яны ўвайшлі ў мову пасля расколу ў праваслаўі пры патрыярху Нікане ў 1654 г., адсюль маглі набыць значэнне ’разбойнік’. Параўн. накольнік, гл.; развіццё семантыкі аналагічна да сэнсава блізкіх вісус, шыбенік (гл.), і, відавочна, азначала злачынцу, што павінен быў быць пасаджаны на кол (гл.), але змог застацца непакараным. Раско́л у значэнні ’сектант’ (Сержп. Казкі), відаць, запазычана з рускай мовы.

Раско́ль ’стары, зношаны венік’ (ст.-дар., Бел. дыял.). Няясна; магчыма, да ро́ска ’дубец, розга’, гл. розга1.

Раско́хацца ’развохкацца, развойкацца’, ’расквахтацца’ (Ян.). Ад гукапераймальнага кох (гл.).

Раско́ша, ро́скаш ’празмерны дастатак, пышнасць, велічнае хараство’, ’прастор, свабода, пачуццё свабоды, волі’, ’спакой’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Ян.), ’воля, прыволле, прастор’ (Касп., Байк. і Некр.), ’багацце’ (Байк. і Некр.), роско́ша ’дадатак’ (ТС). Параўн. укр. р́оскіш ’празмерны дастатак, задавальненне, асалода’, рус. ро́скошь ’прыемнасць, раскоша’, польск. rozkosz ’роскаш, багацце’, чэш., славац. rozkoš ’радасць, асалода’, славен. razkošje ’роскаш, багацце, радасць’, серб.-харв. ра̀скош ’раскоша’, балг. разко́ш ’асалода’. Звычайна рэканструюецца як *orzkošь (< *orzkoxj‑) і звязваецца з *koxati (гл. кахаць). Гл. Фасмер, 3, 504; Брукнер, 242; Бязлай, 3, 159; БЕР, 6, 155.