Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Варушы́ць ’варушыць, пераварочваць’ (Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.); ’рухаць’ (Яруш., БРС), варушы́цца ’рухацца, катацца’ (Касп., Гарэц., БРС, Яруш., КЭС, лаг.). Сюды ж вару́хаць, вару́хацца ’рухаць, рухацца, кратацца’ (Др.-Падб.), варо́хаць (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вороши́ть, ворохну́ться ’варухнуцца’, укр. ворухну́ти ’варухнуць’, воруши́ти ’варушыць’. Відаць, утварэнне ад прасл. *vorxъ ’куча, ворах’: укр. во́рох, ц.-слав. врахъ, балг. врах ’ток, снапы, прыгатаваныя для абмалоту’. Прасл. vorxъ з *vorsъ. Няясна, ці сюды ж польск. zawroch ’вецер са снегам, віхар’. У аблаутнай форме сюды прасл. *veršti (*verx‑ti) *vьrxǫ ’малаціць’, ц.-слав. врѣшти вьрху ’тс’, балг. връха́ ’малачу’, серб. вре́ћи, славен. vršiti ’малаціць збожжа, пускаючы жывёлу таптацца па ім’. І.‑е. *u̯ers‑: лат. vârsms (vàrsmis) ’збожжа, прыгатаванае для абмалоту, ворах правеянага зерня’, грэч. ἔρρω ’цягнуся, валачуся і да т. п.’ (*u̯ersi̯ō), лац. verrō ’цягну, валаку, замятаю’ (*versō), ст.-в.-ням. wërran ’блытаць, заблытваць, рабіць беспарадак’ (першаснае значэнне і.-е. *u̯ers‑ ’валачы, цягнуць’). Укр. ворухну́ти, воруши́ти з ворохну́ти і да т. п. як рэзультат укаючага вымаўлення ‑о‑ не пад націскам або хутчэй пад уплывам семантычна блізкага дзеяслова тыпу ру́хати (бел. ру́хаць). Аб гэтым сведчыць і бел. форма варушы́ць (замест фанетычнага *варашы́ць). Гл. Фасмер, 1, 355.

Ва́рфыл ’вэрхал, трывога’ (Бяльк.). Дыялектнае змяненне запазычанага з польск. мовы слова ва́рхал ’тс’ (гл.) праз стадыі ва́рх(ы)л > ва́рхвыл > ва́рфыл.

Ва́рха. Гл. вархава́ць.

Вархава́ць ’ачышчаць зерне, веяць’ (КЭС, Касп.), ва́рха ’арфа, веялка’ (Шат., Касп.). Дыялектнае змяненне слоў а́рфа, арфава́ць: пратэтычнае в‑ і субстытуцыя ф > хв > х. Параўн. ва́рпа ’арфа, веялка’.

Ва́рхал ’скандал, шум’ (Касп., Нас.). Ст.-бел. вархол ’бунт, склока’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. (смал.) ва́рхал ’тс’. Запазычанне з польск. warchol ’тс’ (Булыка, Запазыч., 57). Аб магчымым паходжанні польск. слова гл. Брукнер, 601–602.

Вархо́ліцца ’патрохі сварыцца’ (КЭС, лаг.). Запазычанне з польск. warcholić się ’тс’ (да warchoł > бел. ва́рхал; гл. таксама Брукнер, 601–602). Наўрад ці можна думаць пра беларускае ўтварэнне ад ва́рхал (< польск.).

Ва́рхыт ’вэрхал, бесталковы шум, гам’ (Бяльк.). Запазычанне з польскай мовы: ва́рхыт < а́рхат < а́рхот. Параўн. польск. warchotny, warchotliwy ’неспакойны’ (слова таго ж кораня, што і warchoł, адкуль бел. ва́рхал). Аб польск. гняздзе слоў гл. Брукнер, 601–602.

Варца́бы ’шашкі’ (Нас.). Ст.-бел. варцабы (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). З польск. warcaby (аб польск. слове гл. Брукнер, 601; Махэк₂, 700).

Варца́кі ’ваніты’. Рус. дыял. (смал.) варца́ки ’тс’. Утварэнне ад варца́ць ’ванітаваць’ (гл.).

*Варца́ць, ворца́ть ’ванітаваць (пра дзяцей)’ (Мядзв.). Мядзведкі заўважае, што адносна дарослых ужываецца козлы драть або вынитова́ть. Рус. (смал.) варца́ть ’ванітаваць’, варца́ки ’ваніты’. Не вельмі яснае слова. Можна меркаваць, што гэта запазычанне (з трансфармацыяй, перастаноўка гукаў) з польск. дыял. wracać ’ванітаваць’ (яно вядома як польскі правінцыялізм на Украіне; гл. Карловіч, 6, 161). Параўн. форму вараца́ць ’нудзіць’ (Касп.).