Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тае́чка ’прыяцелька’ (Ласт.), ’сяброўка’ (Мат. Гом.), та́ічка ’таварышка, кума’ (Бяльк.). Гл. тайка.

Таёж, ст.-бел. таёжь ’таксама’ (?): таёжь соу(ть) та(мъ) многїє комары и їаскїне подземъне (XV ст.; Карскі 2-3, 455). Параўн. польск. też, каш. tëž, täiš, teiš, чэш. též, славац. tiež, в.-луж. tež, дыял. tejž, täž. З *toje‑že ’тс’, гл. той (ESSJ SG, 2, 672).

Таёмства ’таямнічасць, недасягальнасць для розуму, пазнання’ (1910 г., КСНН). Магчыма, багемізм, параўн. ст.-чэш. tajemstvie, рэдкае польск. tajemstwo, параўн. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 388.

Таз ’шырокая пасудзіна, мядніца’ (ТСБМ), ’вялікая міска’ (Сцяшк., Бяльк.), ’гаршчок’ (Вруб.). Запазычана, хутчэй за ўсё, праз рускую з цюркскіх моў, параўн. тур., крым.-тат. tas ’міска’, дзе з араб. tast ’кубак; таз’ < перс. täsht (tœʃt) ’тс’ (Фасмер, 4, 10; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 502–503 з літ-рай). Параўн. таца, гл.

Таза́к ’партупея; рэмень праз плячо для нашэння шаблі’ (Ласт.). Запазычанне, параўн. ст.-цюрк. tušaɣ ’путы’ (параўн. Анікін, 561).

Таі́м ’патаемна, употайкі’ (Бяльк.). У аснове прасл. *tajemъ, дзеепрыметнік залежнага стану ад таіць (гл. наступнае слова), параўн. таемны (гл.).

Таі́ць ’трымаць у тайне, хаваючы ад другіх, утойваць’ (Сл. ПЗБ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., ТС), таі́цца ’скрываць; утойваць; хавацца, скрывацца’, таі́ті ’ўтойваць’, таі́тісʼе ’падпільноўваць, цікаваць’ (Вруб.), ’запірацца’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Варл., ТС, Ян.), ст.-бел. таити ’ўтойваць’ (XV ст., КГС). Укр. таї́ти, таї́тися, рус. таи́ть, таи́ться, польск. taić (się), в.-луж. tajić (so), н.-луж. tajiś (se), tawiś, чэш. tajit (se), славац. tajiť (se), славен. tajíti (se), серб.-харв. та́јити (се), tájati, харв., чак. tōjȁt, балг. та́я, макед. таи, ст.-слав. таити, таити сѧ ’хаваць, утойваць’. Да прасл. *tajiti, дыял. *taja̋ti (рэканструкцыя Фурлан у Бязлай, 4, 147), якія з’яўляюцца вытворнымі ад *taj ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (роднаснага *tatъ ’злодзей’), параўн. старое серб.-харв. tȃj, tȁja, tãja ’таямніца’, ст.-слав. таи ’таемна, употайкі, скрытна’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’. Махэк (634) прапануе, аднак, некалькі іншае развіццё: *tajǫ < *taj‑jǫ < *taj‑ī‑tei. Далейшыя сувязі бачаць у хец. tai̯ela ’красці’, ст.-інд. (s)tāyú‑ḥ‑ ’злодзей’, авест. tãiiu/tãyu‑ ’тс’, ст.-ірл. tāid ’тс’, грэч. τήτη ’нястача’, τητάω ’пазбаўляю, адбіраю, рабую’, якія працягваюць і.-е. *(s)tă‑i‑ (Покарны, 1010); гл. таксама: Фасмер, 4, 11; Борысь, 625; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 503 з літ-рай; Рэйзак, 649.

Тай ’ды’: тай іде там ён возьме! (Растарг.). Параўн. укр. дыял. тай ’тс’, польск. дыял. taj ’ды, ды і’ (Варш. сл.). Спалучэнне злучніка та з і (ESSJ SG, 2, 633–634).

Тайба́ ’трыманне ў тайне, тайна’, ’утойванне, хаванне’: тайба грошай (Нас.). Прамая паралель у сучасных славянскіх мовах толькі ў славен. дыял. tȃjba (гл. Фурлан у Бязлай, 4, 147), што можна разглядаць як сепаратную беларуска-славенскую ізаглосу. Параўн., аднак, ст.-слав. таибьна ’тайна’, таибьно ’таямнічы, таемны’, таибьникъ ’асоба, якая валодае тайнай, жрэц, святар’ (толькі ў Супрасльскім кодэксе), стараж.-рус. таиба ’тайна’. Непасрэдна да прасл. *tajьba (сінанімічнага *tajьna, гл. тайна), якое з’яўляецца вытворным з суфіксам ‑ьbа (аб ім, але без кантынуантаў *taj‑ гл. Слаўскі, SP, 1, 61–62) ад *tajь ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (< *tajiti, гл. таіць). Гл. яшчэ Скок, 3, 434.

Тайга́ ’хвойныя лясы Поўначы’ (ТСБМ). З рус. тайга́ ’тс’, запазычанае сібірскае слова, непасрэднай крыніцай якога з’яўляецца цюрк.-манг. (Мурзаеў, РР, 1969, 1, 90 і наст.) або мясцовае тат. taiga ’лес’ (найменне зафіксавана каля 1735 г., але першая пісьмовая фіксацыя ў А. Радзішчава) з семантычным пераходам ’лес, тайга’ < ’скалістыя бязлесныя горы’ (падрабязна Анікін (524–525 з літ-рай) і слушным абвяржэннем версіі аб якуцкай крыніцы tai̯gatai̯ɣa ’лес; залатыя прыіскі’, якая хутчэй ужо з рускай мовы. Гл. таксама Фасмер, 4, 11; Чарных, 2, 224–225; ЕСУМ, 5, 503.