Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скры́ня ‘драўляная пасудзіна для складвання ці ссыпання, скрынка’, ‘драўляная пасудзіна з вечкам і замком, сундук, куфар’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Мал., Мядзв., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Булг., Шатал., Бір. дыс., Нар. словатв., Сл. ПЗБ, Шушк., Жыв. сл.), ‘аконная або дзвярная шуфляда’ (Тарн., Шушк., ТС), ‘драўляная аправа ў жорнах’ (шальч., лід., Сл. ПЗБ), ‘дадатковы зруб на дне калодзежа’ (Некр., Сцяшк., Шатал., Бір. дыс., ТС, Нар. лекс.), ‘вулей’ (ігн., вільн., Сл. ПЗБ), ‘дамавіна з чатырох дошак’ (ТС), ‘шуфляда ў стале’ (Нар. сл.), ‘форткі акна’ (Шушк.), ‘ступка (медная)’ (Мат. Гом.), скры́нка ‘сундук’ (мазыр., Яшк. Мясц.), скры́нка ‘чатырохчленная пасудзіна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Асноўная версія: беларускае, як і ўкр. скри́ня, рус. скрин, скри́ня, скри́нка ‘тс’, запазычаны з польск. skrzynia, skrzynka ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 157; Кюнэ, Poln., 97) або чаш. skříně ‘тс’ (Фасмер, 3, 657). Крыніца заходнеславянскіх слоў у лац. scrīnum ‘цыліндрычная скрынка для захавання папер’; гл. Махэк₂, 550; Голуб-Копечны, 334–335; Младэнаў, 586; Скок, 3, 270) або з ст.-в.-ням. scrîni ‘шафа’ (Фасмер, там жа, Кіпарскі, Gemeinslav., 264 і наст., Сной₁, 575), якое ўзыходзіць да той жа лацінскай крыніцы. Праабражэнскі, 2, 312; Брукнер (498), Шустар-Шэўц (700–701) дапускаюць магчымасць спрадвечнаславянскага паходжання і роднасць з рус. крынка. Гл. яшчэ БЕР, 6, 796.

Скрып ‘хвошч палявы, Equisetum arvense’ (ваўк., Сл. ПЗБ, Скарбы, Кіс., Інстр. 2). Укр. дыял. скрип ‘тс’, рус. скрыпу́н ‘хвошч палявы’, польск. skrzyp, skrzyb ‘хвошч, Equisetum L.’, чэш. дыял. skřip ‘тс’, славац. дыял. škrip, в.-луж. šćipk ‘тс’. Да скрыпець, таму што расліна скрыпіць, калі яе мнуць або калі ёй чысцяць што-небудзь (Махэк₂, 550). Борысь (Etymologie, 665–666) разглядае паўночнаславянскае *skrip ‘Equisetum’ як супольную інавацыю часткі славянскіх дыялектаў, што ўзнікла ў перыяд распаду праславянскай моўнай супольнасці.

Скры́пацень ‘грузд’ (брэсц., пін., Жыв. сл.), скрыпі́ца ‘тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Сюды ж скрипица ‘грыб, Agaricus extinctorius L.’ (Меер Крыч.). Да скрыпець (гл.).

Скры́пацца ‘часта хадзіць у хату і з хаты, часта адчыняць дзверы’ (дзярж., карэліц., Нар. сл.), вы́скрыпаць хату ‘выстудзіць хату, часта ходзячы то на двор, то са двара’ (там жа). Магчыма, да скрыпе́ць (гл.); параўн. пару прасл. *skripěti*skripati ‘скрыпець, скрыгітаць’ (SEK, 4, 301), але Варбат (Этимология–1981, 19) бачыць магчымасць пры параўнанні з літ. skrýbauti ‘хутка рухацца’, роднаснага з літ. skriebti ‘чыркаць’, узнікнення значэння ‘часта хадзіць’ на базе ‘рэзаць’ у гняздзе і.-е. *(s)krei‑; г. зн. ‘рэзаць хуткімі шматразовымі рухамі’, ‘скрабсці’ — ‘хадзіць туды-сюды’, што пацвярджаецца, на яе думку, балг. скри́пъл ‘жывое рухавае дзіця’. Параўн. наступнае слова (гл.).

Скрыпа́цца ‘блытацца’: ніткі скрыпа́юцца (віц., ЛА, 4). Да крыпаць (гл.).

Скры́пель, скры́пень ‘гу́ба’ (мазыр., Жыв. сл.), скрыпе́ль ‘тс’ (ТС, Пятк. 2, Ян.; мазыр., Жыв. сл.), скры́пель ‘тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ), скры́пень ‘губка для высякання агню’ (бабр., ЛА, 4). Карскі (Труды, 479) заўважае “толькі палескае”, аднак гл. скры́пель, скрыпе́ль ‘грыб-трутавік’ (асіп., бярэз., бых., саліг., стол., лельч., ельск., ЛА, 1), скрыпе́нь ‘тс’ (добр., ганц., барыс., ЛА, 1). Да скрыпець (гл.). Параўн. балг. скрипе́ц ‘від ядомага грыба, які расце на дрэве’; дэрываты ад гэтага дзеяслова існуюць таксама ў іншых славянскіх мовах. Гл. БЕР, 6, 798.

Скры́пень ‘расліна Epilobium angustifolium Scop.’ (ТСБМ, Кіс., Дэмб.), скрыпе́нь (Касп.), скрыпун, скрыпель, скрыпнік (Кіс.), скрыпіцень (Мядзв.), скрыпу́н (Сцяшк.) ‘тс’, скрыпе́ль ‘дзедзвель, Sonchus paluster L.’ (кругл., ЛА, 1), іншая народная назва — хробуст. Рус. дыял. скрипу́н, скры́пень, скры́пник, скрыпе́й і г. д. ‘тс’. Да скрып, скрыпець; прынамсі Махэк (Jména, 149) мяркуе аб адным паходжанні гэтай назвы з чэш. skřípina ‘чарот’. Матывы намінацыі не заўсёды зусім ясныя; магчымы перанос назвы з адной расліны на іншыя па знешнім падабенстве.

Скрыпе́ць ‘утвараць скрыпучыя гукі; рыпець’, ‘жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы’ (ТСБМ), скры́паць ‘тс’ (Байк. і Некр.). Укр. скрипі́ти, рус. скрипе́ть, ст.-рус. скрипати, польск. skrzypać, в.-луж. křipać, н.-луж. kśipaś, чэш. skřípati, славац. škripať, škripieť, серб.-харв. шкри́пати, славен. škrípati, балг. скрѝпя ‘тс’. Прасл. *skripati, *skripěti ‘скрыпець’. Фасмер (3, 657 і наст.), Махэк₂ (550) лічаць гукапераймальным. Параўноўваюць з лат. skripstêt ‘хрусцець, скрыпець, грымець’, kripš(k)êt ‘тс’, літ. krípštereti ‘ціха шамацець’, ст.-в.-ням. scrîan, screiôn ‘крычаць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 2, 280; Вальдэ-Гофман, 1, 291–292. Сной₁ (637) удакладняе, што гэта да і.-е. базы *(s)krei‑p, *krei‑k (параўн. крычаць, што азначала хрыплыя натуральныя гукі). Варбат (Этимология–1981, 16 і наст.) падцвярджае гіпотэзу Цупіцы (Gutturale, 126) аб роднасці слав. *skripati з групай ст.-ісл. hrīfa ‘рэзаць’ і далей з гняздом і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’ на матэрыяле паўднёваславянскіх дзеясловаў і імён са значэннем ‘шчыліна, расшчэп’, а таксама назваў пазоў, блокаў і г. д. Гл. яшчэ БЕР, 6, 799; Шустар-Шэўц, 701; Борысь, 555.

Скрыпёнкі: сядзець на скрыпёнках ‘сядзець на кукішках’ (Касп.). Няясна. Магчыма, звязана з серб.-харв. дыял. скри́пим ‘скочыць’.

Скрыпі́ца ‘кошык’ (Бяльк.). Гл. скрыпка2.

Скрыпі́цы: pan… kajdanoszy hotuje, a skrypicy na ruczycy (Зянк.). Кольберг (Kolb., 385) тлумачыць ‘пастронкі’, што недакладна, параўн. тлумачэнне Шымкевічам укр. скрипни́ци ‘драўляныя клешчы, якія надзявалі на ногі злачынцам’ (Шымк. Сл., 127), параўн. таксама скрипи́ца, скрепи́ца ‘драўляныя кайданы або калодка’. З іншай суфіксацыяй укр. дыял. скри́пці ‘блокі ў кроснах’, польск. skrzypic, skrzypce ‘кайданы, калодка’, чэш. skřipec ‘блок у кроснах’, ‘дыба, прыстасаванне для катавання’, славац. škripec ‘тс’, в.-луж. skřipk ‘блок у кроснах’, серб.-харв. шкрипац ‘блок’, славен. škrípec ‘блок’, ‘клешчы’, балг. скрипе́ц ‘частка кроснаў; блок’, макед. скрипец ‘блок’. Прасл. *skripьcь. Трубачоў (Ремесл. терм., 135) адносіць да *skripěti ‘скрыпець’. Варбат (Этимология–1981, 17–18) у сувязі з апошняй версіяй падкрэслівае, што ўсе вышэйпамянёныя рэчы маюць паз, шчыліну, адкуль ‘прыстасаванне з пазам, жолабам для змацавання, сціскання, сцягвання’ і г. д., што дэманструе сувязь з зыходным дзеясловам. Гл. таксама БЕР, 6, 798 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 288 (слова не звязана з гукапераймальнай асновай *skrip‑, а непасрэдна выводзіцца ад і.-е. *sker‑ ‘рэзаць, калоць’ з семантычным развіццём ‘раскол’ — ‘кляшчотка, клешчы’, ‘дыба’, ‘блок’). Борысь (Etymologie, 666–669) выводзіць назвы рознага тыпу дэталяў, сярод іх каш. skřëpk ‘бэлька, у якой паварочваюцца вароты; калодка, ступа з гняздом для восі варот’, з прасл. *skripъ, *skripa, фармальна тоеснага прасл. *skripъ, *skripa ‘скрып, трэск, скрыгат’, якое ў познепраславянскую эпоху набыло спецыфічнае (тэхнічнае) значэнне. Паводле Басая і Сяткоўскага (Słownik, 668), польск. skrzypiec ‘прылада для катаванняў’ можа быць багемізмам, але не выключаецца і захаванне ўласнага архаізма.