Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Наву́шнік ’вуха ў шапцы-вушанцы; спецыяльнае прыстасаванне для аховы вушэй ад холаду; прылада, якая надзяваецца на вушы для праслухоўвання гукаперадач і гуказапісаў’ (ТСБМ). Усходнеславянскае ўтварэнне ад вуха (ухо), параўн. рус. наушник, укр. наушник ’тс’; падобныя незалежныя ўтварэнні вядомы ў многіх славянскіх мовах, параўн., напрыклад, в.-луж. nawušnik ’завушніца’ і г. д.

Наву́шніца ’шапка-вушанка’ (акцябр., Мат. Гом.). Відаць, мясцовы наватвор ’шапка, што адзяваецца на вушы, закрывае іх’, параўн., аднак, рус. пск. наушница ’тс’, што можа сведчыць аб адноснай старажытнасці слова на ўсходнеславянскай тэрыторыі.

Навушча́ць ’падбухторваць’ (калінк., Арх. ГУ). Укр. науща‑ ти ’навучаць, настаўляць; падгаворваць, падбухторваць’, рус. наущить ’падбухторваць’; усе са спалучэння на+усти (Фасмер, 3, 49), гл. вуста, што добра відаць у формах закончанага трывання: ст.-рус. наустити, рус. наустить ’угаварыць, падбух-торыць© укр. наустити ’падвучыць, падбухторыць’, семантычнае развіццё, відаць, ад ’пастаянна мець на вуснах’ — ’угаворваць’, як у рус. внушать ’намаўляць’, літаральна ’ўкладваць у вушы’. Не выключана сувязь з вуськаць ’падбухторваць; цкаваць’ (Яўс.), якое выводзяць з вусь, усь ’вокліч, якім нацкоўваюць сабак’ (што ў сваю чаргу з кусь ’тс’, гл. ЭСБМ, 2, 234) ці рус. науськать ’намовіць; паслаць’, якое Фасмер (там жа) лічыць расшырэннем з наустить; блізкасць беларускага і рускага слоў прымушае не пагадзіцца з апошнім меркаваннем, хутчэй за ўсё гэта другаснае збліжэнне, таксама як і збліжэнне з навучаць, што паўплывалі на семантыку слова. Роднаснае літ. äuscioti ’балбатаць, шаптаць’∼прасл. *ustjatiy гл. Трубачоў, Проспект, 36; Мартынаў, Лекс. Палесся, 14.

Навы́глыд ’наадварот’ (Бяльк.): а ты ўсё навыглыд дзелыіш. Няясна. Магчыма, недакладнае тлумачэнне значэння, бо кантэкст дапускае і іншае разуменне слова: ’для выгляду, для блізіру’; тады хутчэй за ўсё з на+выгляд.

Навы́дла ’падобна, накшталт’ (Гарэц.), параўн. рус. смал. наудла ’тс’: Рыба наудла змеи (СРНГ). Няясна, другая частка слова вельмі падобна да заканчэння слова наводле ’па’ (гл.), якое ўтворана пры дапамозе прыназоўніка на- і -водле, што ўзыходзіць да агульнаслав. vodle/vodli (< i‑dьl‑/‑dьlg‑), гл. доўгі (ESSJ SG, 2, 203, 265); тады на + (в)одле з фанетычнымі пераўтварэннямі, характэрнымі для гаворак усходу Беларусі. Параўн. навідлуг.

На́выр ’пад карову, даіць карову; на двор’: Ці хадзіла ты, таічка, навыр? (Бяльк.). Гл. на́вар.

Навыру́нку ’навідавоку’ (?): Тут, у нас, любы чалавек навырунку, відзен увесь (Масарэнка). Няясна; магчыма, звязана з навыр (Бяльк.), якое можа мець значэнне ’на двор’; тады першаснае значэнне ’як на двары’ (відаць). Гл. на́вар.

Навы́тар ’практыкаванне’ (Дуж-Душ.), навытарынный ’навучаны, звычны да справы, набіўшы руку, не навічок’, дзеепрым. залежнага стану ад дзеяслова навытырыць (Нік., Оч.). Этымалогія няпэўная; паводле Ластоўскага, бел. навытар ’навык да выканання чыннасцяў’ паходзіць ад тор ’шлях, дарога’, торыць ’праціраць дарогу’ (Ласт. 106) і, відаць, звязана з рус. поднатореть ’навучыцца, набіць руку ў якой-небудзь справе’, аднак няясным застаецца пачатак слова. Спробы звязаць з новы, параўн., напрыклад, чэш. novotář ’аматар новага, наватар’, славен. novotorija ’навіна, новыя парадкі’ і пад., ствараюць семантычныя цяжкасці. Мартынаў (вусна) выводзіць з *na‑o‑tor‑.

Навы́шній ’усявышні’ (Юрч. Сін.). Вышэйшая ступень ад прыметніка вышній, утвораная пры дапамозе архаічнай прыстаўкі на- (гл.), сінанімічнай да най-, параўн. набольшый ’найбольшы’ і пад.

Навэ́длуг, наведлуг, наву́длуг ’у параўнанні’ (Сцяшк. Сл., ТС), навэдлух ’тс’ (мядз., Сл. ПЗБ). Мясцовае ўтварэнне на базе польск. według ’паводле, у параўнанні’ (гл. вэдлуг) па тыпу накшталт і пад., магчыма, па ўзору архаічнага, захаванага на ўсходзе Беларусі навы́дла (< на‑водле) (гл.).