Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Наза́д (Нас., БРС, ТСБМ), рус. назад, укр. назад, польск. nazad, чэш. nazad, славац. nazad, в.-луж. nazad, славен. nazaj, серб.-харв. на̏зад, балг. назад, макед. назад. Са спалучэння прыназоўніка *na і назоўніка *zadъ у форме він. скл. адз. л., параўн. з формай дав.-месн. скл. — наза́дзе ’ззаду’ (Сцяшк. Сл.), назадзі́ (гродз., З нар. сл.) назаду́ (ТС). Гл. Брукнер, 643; Шустар-Шэўц, 13, 995.

Наза́рак ’на наступны год’ (Сцяшк. Сл.). Са спалучэння на (прыназоўнік) і зарак (прыслоўе), аналагічна да назиўтра *на наступны дзень’; другая частка ў сваю чаргу са спалучэння прыназоўніка за і назоўніка рок ’год’, якое ў выніку зліцця аформілася ў адно фанетычнае слова з пераносам націску на першую частку. Падобным чынам утворана і назатакрок ’пазалетась’ (Сцяшк. Сл.), гл. такрок.

Наза́ўтра ’на наступны дзень’. Іншыя формы: наза́ўтрэ, наза́ўтрае, наза́ўтрая, наза́ўтрыя, наза́ўтрага (Сл. ПЗБ, Жд. 1; жлоб., Мат. Гом.; калінк., З нар. сл.), наза́ўтро, наза́ўтрэй (ТС). Са спалучэння на і заўтра (гл.), што ўяўляе род. скл. адз. л. ад назоўніка *utro з прыназоўнікам *za. Паводле Карскага, апошняя форма часта разглядаецца ўжо як наз. скл. і можа стаяць пасля розных прыназоўнікаў, у залежнасці ад чаго змяняецца і канцавое ‑а: na zau̯tra, u̯ zau̯try, da zau̯try (Федар.), можа таксама прымаць канчаткі прыметнікаў (Карскі 2-3, 74–75), як гэта дэманструюць прыведзеныя формы. Падобныя ўтварэнні вядомы іншым славянскім мовам, параўн. рус. наза́втра, наза́втрие, наза́втрия, наза́втрее, наза́втраго і пад., укр. наза́втра, наза́втре, польск. nazajutrz, nazautrze, чэш. nazítrí, в.-луж. nazajtra, н.-луж. nazajtša і інш., аднак узніклі яны, відаць, самастойна ў кожнай з іх, параўн. Шустар-Шэўц, 13, 995.

Наза́ўша ’назаўсёды’ (зэльв., Жыв. сл.), назаўшэ ’тс’ (Сл. ПЗБ). Цалкам запазычана з польск. na zawsze ’тс’ або ўтворана на мясцовай глебе пры дапамозе прыназоўніка на ад польск. zawsze, гл. зиўшэ.

На́збыт ’празмерна, надзвычайна’ (Нас.), ст.-бел. назбытъ ’занадта’ (1518 г.). З польск. nazbyt ’тс’ (Жураўскі, 1961, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 200).

На́збышам ’з надбаўкай, з вярхом’ (Арх. Федар.). Прыслоўе ў форме твор. скл. адз. л. назоўніка *назбыш, які ўяўляе хутчэй за ўсё вынік кантамінацыі назбыт ’празмерна, надзвычай’ (гл.) і назвыш (< на + звыш) ’вышэй, звыш’ (Нас.).

На́зва ’назва, найменне’ (Байк. і Некр., БРС, ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), назва́нне (nazwáńnie) ’тс’ (Пятк.), назва́нье, назва́ніе, называ́нье ’тс’ (ТС), на́звішчэ ’тс’ (ТС), назы́вішча ’тс’ (Сл. ПЗБ), рус. назва́ние, на́звань, назва́нка, на́звище, укр. на́зва, на́звище, польск. nazwa, nazwanie, nazwisko, балг. назва́ние. Аддзеяслоўны назоўнік ад *nazъvati, *nazyvati, гл. зваць.

Назві́ска ’прозвішча’ (астрав., Сцяшк., Сл.; лін., З нар. сл.), назвіска, назвісае ’найменне’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. назвиско (назвыско) ’імя, прозвішча, мянушка’, ’назва’ (1576 г.). Запазычана з польск. nazwisko (Булыка, Лекс. запазыч., 185), у значэнні ’прозвішча’ стабілізавалася, паводле Матушэўскага (Rozpr. Kom. Językowej Zódzkiego Tow. Nauk., 21, 83–99), толькі ў XX ст.

Наздра́ ’кішкі ў гарбузе’ (докш., Жд. 1). Гл. мяздри ’тс’, пачатак слова зменены, відаць, у выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з ноздры ’ноздры’ і асабліва ’поры ў харчовых прадуктах’ (Сл. ПЗБ).

На́зімка ’азімая пшаніца’ (Сцяшк.; брэсц., Нар. лекс.). Хутчэй за ўсё вынік семантычнай кандэнсацыі словазлучэння тыпу пшаніца на зіму (пасеяная) або са сцягнутага *назімая пшаніца, параўн. укр. назімий ’азімы’, такая мадэль з прыназоўнікам *na вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб.-харв. на́зиме ’парася да аднаго года’, назимац ’паршук’; іншае значэнне прыназоўніка (прэфікса) у в.- і н.-луж. nazyma ’восень’, першапачатковая семантыка ’ў напрамку зімы, паказваючы на зіму’ (Шустар-Шэўц, 13, 995), польск. дыял. nazima ’позняя восень’, параўн. налёцце ’будучы год’ (гл.).