Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Наагу́л ’увогуле, наогул’ (Гарэц., Яруш., Касп., Бяльк.), наогул (ТСБМ), укр. навгу́л ’агульна, усе разам’, польск. na ogół ’увогуле, агульна, без дэталізацыі’. Ад агу́л ’усе разам, гурт’ (гл. агульны); адносна літаратурнай формы можна выказаць меркаванне аб запазычанні з польск. (націск, адсутнасць пратэзы перад о́).

Наадварот (Шат., Яруш.), наодворо́т (ТС), на атварот ’наадварот, узаемна’ (Нас.); параўн. польск. naodwrót ’насуперак, адваротна, у іншы бок’. З на + адварот, гл. варочаць.

Наадле́г ’наводмаш’ (Арх. Федар.). Гл. наводліў ’тс’.

Наазе́м ’на зіму’: нааром наазем (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё са спалучэння на + о + зіме́.

Наапосле, наопасле ’пасля; нарэшце’ (Нас.). З на+апосле, гл. апошні.

Нааста́так ’нарэшце, у канцы’ (Яруш.), на аста́так ’нарэшце’, на аста́тку ’у рэшце рэшт’ (Нас.). Ад аста́так, параўн. укр. наоста́нку, наоста́нці ’нарэшце, у канцы’, гл. астацца.

Наатскоце, на атскоце ’на некаторай адлегласці, асобна, далей’ (Нас.). Хутчэй за ўсё ўтворана ад адскок, адскочыць, гл. скака́ць.