Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

На1 прыназоўнік (з він. і месн. скл.) і прэфікс, параўн. укр., рус. на, польск. na, палаб. no, в.-луж., н.-луж. na, чэш., славац. na, славен. na, серб.-харв. на, макед., балг. на. Побач з прасторавым і часавым значэннем можа выражаць кірунак, мэту, прызначэнне, на базе якіх узнікла больш спецыфічнае значэнне аб’екта (адрасата), якое звычайна выражаецца дав. скл.: кажу на яго (= яму), гаварыць на маці (= маці), што лічыцца «латгала-крывіцкай інавацыяй» (гл.: Прохарава С. М. Сов. славяноведение, 1986, 3, 76), аднак апошняе вядома і інш. слав. мовам, асабліва на поўдні Славіі, параўн. балг. казвам на него, давам на Иван, макед. му зборува на можот і інш., што можа сведчыць пра больш раннюю тэндэнцыю да такога ўжывання прыназоўніка на. Прасл. *na, роднаснае да літ. nuõ, лат. nùo ’ад, з’, ст.-прус. no/na ’адпаведна, па’, далей параўноўваюць з грэч. ἀνά ’на, уверх’, гоц. ana ’на, у, супраць’, ст.-в.-ням. an(a) ’на’. У якасці прэфікса ўжываецца пры дзеясловах, прыметніках і (рэдка) назоўніках, што адпавядае літоўскай прыстаўцы nu‑ ў дзеясловах і nuo‑ ў назоўніках, параўн. Фрэнкель, 511; у прыметнікаў у большасці зах.-слав. і паўд.-слав. моў мае дэмінутыўнае значэнне, параўн. в.-луж. naběl ’белаваты’, серб.-харв. на́црн ’чарнаваты’ і пад., ва ўсх.-слав. і польск. — узмацняльнае значэнне, параўн. рус. на́крепко, польск. naprzykry ’вельмі прыкры’ і пад., што адпавядае значэнню прыстаўкі най-, пры дапамозе якой утвараюцца формы найвышэйшай ступені ў слав. мовах, параўн. укр. най-, рус. наи‑, польск. naj‑, в.-луж. naj‑, чэш. nej‑, славен. naj‑, серб.-харв. нај‑, макед. naj‑, балг. най-, гл. Фасмер, 3, 33, параўн. Копечны (ESSJ SG, 1, 121), які ўслед за Міклашычам (4, 213) лічыць градацыйнае на- іншага паходжання. Гл. таксама Махэк₂, 387 (адмаўляе роднаснасць паміж на і літ. nuo з-за антанімічнага значэння), Скок, 3, 495, ESSJ SG, 1, 115 і далей (з аглядам літаратуры і версій).

На́2, на́це ’на, бяры(це), вазьмі(це)’ (Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., БРС, Байк. і Некр., Грыг.), сюды ж на́, на́ — падзыўныя словы для сабакі, палеск. ня́, ня́ ’тс’ (ТС); укр. на́, на́те, рус. на́, на́те, польск. na, nacie, чэш. na, nate, славац. na, славен. nȃ, nate, серб.-харв. на, макед. на, балг. на́ ’вазьмі; вось’. Роднаснае да літ. , лат. na ’ну’, ст.-інд. nā́‑nā ’ў розных месцах, па-рознаму’ і інш., гл. Фасмер, 3, 33; Махэк₂, 387; Брукнер, 351; Скок, 3, 495; Шустар-Шэўц, 13, 977.

Наагу́л ’увогуле, наогул’ (Гарэц., Яруш., Касп., Бяльк.), наогул (ТСБМ), укр. навгу́л ’агульна, усе разам’, польск. na ogół ’увогуле, агульна, без дэталізацыі’. Ад агу́л ’усе разам, гурт’ (гл. агульны); адносна літаратурнай формы можна выказаць меркаванне аб запазычанні з польск. (націск, адсутнасць пратэзы перад о́).

Наадварот (Шат., Яруш.), наодворо́т (ТС), на атварот ’наадварот, узаемна’ (Нас.); параўн. польск. naodwrót ’насуперак, адваротна, у іншы бок’. З на + адварот, гл. варочаць.

Наадле́г ’наводмаш’ (Арх. Федар.). Гл. наводліў ’тс’.

Наазе́м ’на зіму’: нааром наазем (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё са спалучэння на + о + зіме́.

Наапосле, наопасле ’пасля; нарэшце’ (Нас.). З на+апосле, гл. апошні.

Нааста́так ’нарэшце, у канцы’ (Яруш.), на аста́так ’нарэшце’, на аста́тку ’у рэшце рэшт’ (Нас.). Ад аста́так, параўн. укр. наоста́нку, наоста́нці ’нарэшце, у канцы’, гл. астацца.

Наатскоце, на атскоце ’на некаторай адлегласці, асобна, далей’ (Нас.). Хутчэй за ўсё ўтворана ад адскок, адскочыць, гл. скака́ць.

На́ба ’добра што’ (слуц., Сержп.: нава яшчэ скора хамянуўся), на́ба і на́бо ’тс’ (Янк. 1, мазыр., Шн. 3, 412; жытк., Арх. ГУ), на́бе і на́бо ’добра што; паколькі’ (ТС), на́бу ’дзякаваць богу, на шчасце’ (драгіч., З нар. сл.); параўн. рус. арханг. на‑б, якое Даль тлумачыць ’надобы, надобе, надо’, што можа разглядацца як магчымая этымалагічная версія: на́ба з на́даба ’патрэба, своечасовасць’, на́бе з на́добе, на́бу з на́добу і пад., параўн. славац. nábe, nadbe, nadbä ’патрэбна’, якое Махэк₂ (387) разглядае як русізм. Гл. на́дабі, даба́. Відаць, не звязана з на бах ’акурат, якраз’ (Арх. Федар.) і серб.-харв. nàbas ’прыгожы, харошы’, якое Скок (3, 496) выводзіць з na bas ’хуткім крокам’.

Набабэ́ніць ’накласці’ экспр. (Жд. 2). Да бабэніць ’піхаць, набіваць’ (гл.).