Нат (наʼт) ’нават’ (Гарэц., ТСБМ, ТС). Скарочана ад на́ват (гл.), што ў сваю чаргу з польск. nawet (< na wet ’напаследак’, ад сярэдневяковага ням. wet, сучаснага Wette ’заклад, пары’), не раней XVII ст., параўн. у Бярынды: Ла́комый на веты на канфекты (’на дэсерт’). Паводле Карскага (1, 337), праз стадыі наэ́т — на́ат, зафіксаваныя ў Федароўскага. З бел. нат > літ. net ’тс’, збліжанае народнаэтымалагічна з формамі з адмоўем ne‑, гл. Трубачоў, Зб. Курыловічу, 334.
◎ Натага́ніць ’наліць, накласці з верхам’ (жлоб., Жыв. сл.), укр. натаганити ’многа накласці, многа наварыць’, рус. натаганить ’наварыць (у вялікай колькасці)’. Відаць, да тагин ’падстаўка пад кацёл для прыгатавання ежы ў полі’, першапачаткова наварыць на тагане, г. зн. ’многа’. Няясна, ці звязана са смал. натагин (тянуть) ’у розныя бакі (цягнуць)’.
◎ *Натакрок, натакруок ’на будучы год’ (Бес.). Гл. такрок.
Наталі́ць ’насыціць; задаволіць’ (ашм., Сцяшк. Сл.), ’насыціць (у ядзе, адзенні)’ (Янк. 3.), натолы́ты ’тс’ (Клім.). Гл. талі́ць.
◎ Натальмаху́ ’няёмка, нязручна’: Ехаў натальмаху (Сцяшк. Сл.), трымаць натальмаху ’не датыкаючыся (да чаго-небудзь)’ (Сцяц.). Няясна, магчыма да тыльма ’бабка ў каня’, на тальмах (ехаць) ’ледзь трымаючыся (ехаць)’, параўн. (ехаць) на запятках ’прычапіўшыся ззаду (ехаць)’; або да польск. дыял. tylma ’ледзве, амаль’.
Натапы́рыць ’падняць, расставіўшы, пер’е; пышна адзецца’ (Нас.), ’настаражыць вушы; наставіць шэрсць, расставіць пер’е з перапуду, ад дажджу і пад.; растапырыць, ускалмаціць’ (Гарэц.), натопу́рыць ’наставіць, прыўзняць’ (ТС), натапы́рыцца, натупы́рыцца ’распусціць пер’е; надзьмуцца, разгневацца’ (Нас., Сл. ПЗБ; Ян.), натопу́рыцца ’тс’ (ТС), рус. натопы́рить ’падняць, паставіць дыбам пер’е, шэрсць; наставіць вушы; надуцца; пышна адзецца’, натопы́риться ’напыжыцца, ашчацініцца; надуцца, зазлаваць’, польск. дыял. natoperzyć, natoperzyć się ’тс’; сюды ж, відаць, і балг. дыял. натопо́ра, натопо́рвам ’паднімаць, задзіраць угору’. Паводле Пятлёвай (Этимология–1984, 200), на‑то‑пырить, на‑то‑пыриться пры параўнанні з на‑пыриться ’наткнуцца на што-небудзь вострае’ дазваляе вычляніць узмацняльны элемент ‑то‑, які ўяўляе сабой архаічны непрадуктыўны суфікс, параўн. смал. на‑то‑пы‑жить, на‑то‑пыжиться ’пышна апрануцца; ашчацініцца, прыняць ваяўнічы выгляд’; у такім разе да пы́рыць ’распіраць, пучыць’ (гл.). Аднак варыянты з іншым вакалізмам, якія сустракаюцца ў славянскіх мовах, параўн. прыведзеныя вышэй балгарскія словы і рус. дыял. топо́риться ’франціць’, растопо́рить ’рассунуць, растапырыць’, чэш. topořiti ’стаяць калом, не згінацца’ і інш. (Махэк₂, 647 лічыць зыходным корань stop‑, што параўноўвае з літ. stapìnti ’рабіць тугім, цвёрдым’), прымушаюць аднесці разглядаемыя словы да тапы́рыць (гл.).
◎ *Натаракох, наторокох ’напагатове, у чаканні’ (ТС). Да горак ’сцежка, якой ходзіць звер’ (гл.), літаральна — ’як паляўнічы, які стаіць на тораку©
Ната́рыць ’надраць бульбу на тарцы’ (Жд. 1, Ян.), натарква́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ). Гл. та́рыць, таркава́ць.
Ната́тка ’заметка’ (ТСБМ), ’запісанае на памяць’ (Бяльк.). З польск. notatka ад лац. notātus ’адзначаны’, notāre ’рабіць заметкі’.
◎ *Нататое, натотое ’наўмысна, назло’ (драг., З нар. сл.). Вынік замены другой часткі слова тыпу на-зло займеннікавым спалучэннем татое ’тое самае’ (рэдуплікацыя ўказальнага займенніка, гл. той), магчыма, з-за танізацыі. Параўн. падобныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: рус. нарастото (на‑рас‑тото) з на распустинку ’асаблівы спосаб завязвання хусцінкі на галаве ў жанчын’ (Фасмер, 3, 446), польск. nietota ’расліна Lycopodium’ з *nie to ta, «бо чараўнічых раслін нельга называць па імені» (Брукнер, 362), чэш. toten ’расліна Sanguisorba’ са спалучэння to ten ’гэта той’, сапраўдная назва табуізуецца, каб расліна не страціла сваіх магічных здольнасцей (Махэк₂, 648). Бел. тол ’рагулькі’, відаць, з * мацер божэй то е ’што належыць божай мацеры’, параўн. мацер божое слёзкі ’дрыгучка’ (ТС).