Натапы́рыць ’падняць, расставіўшы, пер’е; пышна адзецца’ (Нас.), ’настаражыць вушы; наставіць шэрсць, расставіць пер’е з перапуду, ад дажджу і пад.; растапырыць, ускалмаціць’ (Гарэц.), натопу́рыць ’наставіць, прыўзняць’ (ТС), натапы́рыцца, натупы́рыцца ’распусціць пер’е; надзьмуцца, разгневацца’ (Нас., Сл. ПЗБ; Ян.), натопу́рыцца ’тс’ (ТС), рус. натопы́рить ’падняць, паставіць дыбам пер’е, шэрсць; наставіць вушы; надуцца; пышна адзецца’, натопы́риться ’напыжыцца, ашчацініцца; надуцца, зазлаваць’, польск. дыял. natoperzyć, natoperzyć się ’тс’; сюды ж, відаць, і балг. дыял. натопо́ра, натопо́рвам ’паднімаць, задзіраць угору’. Паводле Пятлёвай (Этимология–1984, 200), на‑то‑пырить, на‑то‑пыриться пры параўнанні з на‑пыриться ’наткнуцца на што-небудзь вострае’ дазваляе вычляніць узмацняльны элемент ‑то‑, які ўяўляе сабой архаічны непрадуктыўны суфікс, параўн. смал. на‑то‑пы‑жить, на‑то‑пыжиться ’пышна апрануцца; ашчацініцца, прыняць ваяўнічы выгляд’; у такім разе да пы́рыць ’распіраць, пучыць’ (гл.). Аднак варыянты з іншым вакалізмам, якія сустракаюцца ў славянскіх мовах, параўн. прыведзеныя вышэй балгарскія словы і рус. дыял. топо́риться ’франціць’, растопо́рить ’рассунуць, растапырыць’, чэш. topořiti ’стаяць калом, не згінацца’ і інш. (Махэк₂, 647 лічыць зыходным корань stop‑, што параўноўвае з літ. stapìnti ’рабіць тугім, цвёрдым’), прымушаюць аднесці разглядаемыя словы да тапы́рыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)