Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Варо́на. Рус. воро́на, укр. воро́на, ц.-слав. врана, польск. wrona, чэш. vrána, балг. вра́на, серб. вра̏на і г. д. Прасл. *vórna (з узыходнай інтанацыяй каранёвай часткі слова ў выніку падоўжання галоснага ў вытворным слове). Сюды ж (як базавае слова) прасл. *vornъ ’крумкач’, ст.-рус. воронъ, рус. во́рон, укр. во́рон, польск. (старое) wron, чэш. uran, ст.-слав. вранъ, балг. вранът, серб. вра̑н і г. д. Роднаснае: літ. var̃nas ’крумкач’, várna ’варона’, лат. vãrna ’варона’, прус. warnis ’крумкач’, warne ’варона’. У аснове слова ляжыць гукапераймальнае vr‑. Параўн. і ў іншых мовах: венг. varjú ’варона’, фін. vares ’тс’. Гл. Траўтман, 343; Фасмер, 1, 353; Шанскі, 1, В, 166–167; Махэк₂, 698 і інш.

Варо́нік ’піражок з ягадамі’ (Федар., 7). Ад варо́ны < вары́ць. Слав. *varenъ, *varenikъ. Параўн. рус. варе́ник, укр. варе́ник.

Варонін сыр, вароніна жыта ’галаўня ў жыце’ (палес., Выг.). Зах.-укр. вароні сыр (Макавецкі, Sł. botan.). Назва гэта ўзнікла таму, што атрутнае дзеянне спарыша не пашыраецца на птушак (так мяркуе Выгонная, Лекс. Палесся, 71).

Варо́нка ’адтуліна; лаз на гару, ход у склеп і г. д.’ (Тарн., Маш., Сцяшк. МГ, Жд., 2); ’дупло’ (Шатал.). Укр. воро́нка, рус. воро́нка ’варонка’, ворона́ ’адтуліна ў карме судна, дзе праходзіць руль’, польск. wrona, wronka ’адтуліна ў бочцы’, чэш. vrana, vranka ’тс’, балг. вра́на ’корак, затычка’, серб.-харв. вра̑њ ’затычка ў бочцы’. Прасл. *vorna ’прылада для закрывання і адкрывання пасудзіны (затычка і адтуліна)’; утварэнне ад кораня *u̯er‑: *u̯or‑, які выступае ў прасл. *verti ’адкрываць, закрываць, утыкаць, хаваць’ (параўн. варо́ты) (Фасмер, 1, 354; Міклашыч, 382; Шанскі, 1, В, 167; Брукнер, 632 і інш.).

Варо́ннік ’Veronica officinalis’ (Кіс.). Відавочна, сапсаванае слова з ад’ідэацыяй, па народнай этымалогіі, да варо́на ’птушка’, паколькі ўнутраная форма ўзятага з лац. мовы (veronica) слова была незразумелай.

*Варо́нца, варо́нцэ мн. л. ’бульбяны суп; суп наогул’ (Вешт.). Марыць, ад варане́ц (ці варо́нец) < вары́ць, варо́ны. Параўн. рус. варене́ц (аб гэтым слове гл. Шанскі, 1, В, 20).

Варо́паўка ’зялёная жаба’ (Сцяшк. МГ); ’каравая земляная жаба’ (Мядзв.); ’жаба; слабы, непаваротлівы чалавек’ (Бір. Дзярж.), варопаўка, вярэпаўка (Інстр. II). Назва дадзена па маршчыністай скуры. Для гэтага слова дакладвай адпаведнасці ва ўсх.-слав. мовах няма, але параўн, чэш. vrap, vrapa ’зморшчка, маршчына’, в.-луж. (w)ropa, н.-луж. ropa, славен. vrapa, якія Махэк₂ (698) выводзіць з прасл. *vorpъ. Можна было зыходзіць з *voropavъka < *vorp‑avъka ’жаба’ (літаральна «маршчыністая»), але, здаецца, няма рэфлексаў *vorp‑ ’маршчына’ ў іншых усх.-слав. мовах. Беларускі архаізм? Можна таксама зыходзіць з усх.-слав. *vorop‑ (< *vorp‑): ст.-рус. воропъ ’аграбленне, напад’ (аб гэтым слове Фасмер, 1, 354; таксама Махэк₂, 698); тады варо́паўка — гэта драпежная жаба, якая нападае на сваю дабычу. Іншая магчымасць: Параўн. укр. ро́па́вка ’жаба’, польск. ropucha ’тс’, укр. ропу́ха, бел. рапу́ха (гл. Фасмер, 3, 502–503 і Трубачоў, Дополн., 503). Варо́паўка можа паходзіць ад ро́паўка з пратэтычным гукам: о́паўка > аро́паўка > варо́паўка. Гл. варапаха.

Варо́ты ’вароты’, ворота ’дзверы ў хляве’ (Шушк.). Ст.-рус. ворота, рус. воро́та, укр. воро́та, польск. wrota, чэш. vrata, ст.-слав. врата, балг. врата́, серб. вра́та ’дзверы’ і г. д. Прасл. *vorta ’вароты, дзверы’ (мн. л. да назоўніка н. р. *vorto ’тс’, які не захаваўся) — утварэнне суфіксам ‑t‑ да прасл. кораня *ver‑: *vor‑ ’адкрываць, закрываць і да т. п.’ Падобныя ўтварэнні ёсць і ў іншых і.-е. мовах: літ. var̃tai мн. л., лат. vàrti мн. л. ’вароты, дзверы’, прус. warto, ст.-англ. weorð, worð ’агароджа каля будынка’, тахар. B wärto, warto ’сад’, ст.-інд. vr̥tís ’агароджа’ (Фасмер, 1, 354–355; Траўтман, 353; Махэк₂, 699; Шанскі, 1, В, 168; Брукнер, 632–633 і інш.).

Ва́роўка ’вяроўка’ (КЭС). Форма слова (у параўнанні з вяро́ўка, гл.) не вельмі ясная. Акрамя зыходнага *vьrvь у слав. мовах былі словы і з іншым вакалізмам (параўн. рус. воро́ви́на ’вяроўка’, воровьё ’вяровачныя вырабы’; гл. Фасмер, 1, 275; асабліва Трубачоў, Дополн., 275), палес. воро́вка (Лысенка, ССП). Тэарэтычна мяркуючы, варо́ўка можа адлюстроўваць гэты другі вакалізм. Але можна таксама дапусціць, што варо́ўка — гэта гіперкарэктная форма (замест вяро́ўка) — якраз адваротнае таму, што назіраецца ў слове варэ́нік, якое ў дыялектах мае форму вярэ́нік. Параўн. яшчэ і рус. дыял. (вяц.) варо́вка ’вяроўка’ (СРНГ).

Варо́ўкі ’пчолы, якія крадуць мёд у другіх вуллях’ (Інстр. I). Ад *вараваць ’красці’, рус. воро́вка ’зладзейка’.