Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Та́раны ’цёрты на тарцы’ (навагр., З нар. сл.). Гл. та́рыць.

Тарапа́ны ’здані, страх’ (навагр., Сл. ПЗБ), ’мітусня, мільгаценне ў вачах’ (лід., Сл. ПЗБ). Гл. тарапачэ́.

Тарапа́т ’спех, таропкасць’ (Барад.), сюды ж тарапа́ты ’нявытрыманы, прыдзірлівы’ (Сцяшк. Сл.), ’дурнаваты’ (люб., Сл. ПЗБ). Гл. торап, тарапіцца.

Тарапа́та ’гора, бяда’ (Сцяшк. Сл.), тарапа́ты ’клопат, турботы’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тарапата ’клопат, цяжкасць’ (1606 г., КГС). Параўн. польск. tarapata ’шум, грукат; клопат, турботы’, ’трашчотка’, якое лічыцца крыніцай запазычання (Булыка, Лекс. запазыч., 137), далей выводзяць з ням. Strapanze ’цяжкая праца, клопат’ (Брукнер, 565; ЕСУМ, 5, 520), што няпэўна. Звязваюць таксама з польск. trapacić, trapacować ’мучыць, гнясці, непакоіць’, што з іт. strapazzo, strapazzare ’мука, мучыць’ (Брукнер, 575).

Тарапачэ́ ’здані, мітусня (у вачах)’ (стаўб., Жыв. сл.), тарпачэ́ ’тс’ (карэліц., З нар. сл.), тарапачэ́ стано́вяцца ’пра стан чалавека, гатовага кінуцца ў бойку’ (стаўбц., Бел. дыял.); сюды ж, відаць, тарапа́ны, гл. Параўн. польск. дыял. tarapacz ’трашчотка’. Магчыма, звязана з прасл. *torpiti ’мучыць; палохаць’, якое роднаснае да *t​ьr̥pěti ’цярпець’ (рэканструкцыя — ЕСУМ, 5, 557). Параўн. тарапі́цца2, гл.

Тарапі́цца1 ’спяшацца’ (Бяльк.; паст., навагр., Сл. ПЗБ), сюды ж таро́пкі ’які спяшаецца’ (ТСБМ), тарапкі́ ’паспешлівы, жвавы’ (Ян.), тарапо́к, тарапу́н ’хто заўсёды спяшаецца’ (Барад.), торопʼя́к ’паспешлівы, хапатлівы чалавек’ (Клім.), тараплі́вы ’хуткі ў рабоце’ (дзятл., ЛА, 3), ’паспешлівы, хапатлівы’ (паст., Сл. ПЗБ), торопли́вый ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. дыял. торо́пи́ти ’прыспешваць’, рус. торопи́тъ ’тс’, торопи́ться ’спяшацца’, чэш. дыял. trap ’спех’, серб.-харв. тра̀пати ’хутка ісці, спяшацца’. З прасл. *torpiti, якое не мае агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з *torpěti ’бянтэжыцца, ніякавець, адчуваць нязручнасць’ (Чарных, 2, 252; Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 287 і наст.); супастаўляюць з грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’паварочвае’, ст.-інд. trápatē ’бянтэжыцца’ (першапачаткова ’адварочвацца’), tṛpráḥ ’неспакойны’ (Вальдэ-Гофман, 2, 702; Персан, Beitr., 954), адкуль першаснае значэнне ’вёрткі’; мяркуюць, што можа быць роднасным да літ. tarpà ’працвітанне, зрастанне’, tar̃pti ’працвітаць’, лат. tãrpa ’сіла, здатнасць’, tãrps ’дужы’, ст.-інд. tṛ́pyati (tṛpṇṓti, tárpati) ’насычаецца, атрымлівае задавальненне’, грэч. τέρπω ’насычаю, радую’ (Фасмер, 4, 85 і інш.). Звязваюць з літ. stropė́i ’быць старанным’, stropiti ’зрабіцца старанным’ (Махэк₂, 649). Пра магчымую сувязь з гукапераймальнымі словамі гл. Копечны, Зб. Младэнаву, 378. Гл. тарапат.

Тарапі́цца2 ’ўглядацца, пужліва насцярожвацца (пра каня)’ (Мал.), сюды ж торопі͡еті ’здрыгануцца, скалануцца’, торо́пко ’са страхам’ (Вруб.), таро́пно ’страшна’ (Скарбы). Укр. торопи́тися ’баяцца’, рус. торопе́ть ’бянтэжыцца, пужацца, палохацца’, польск. tropić się ’бянтэжыцца, ніякавець’, в.-луж. trapić so ’быць прыгнечаным; палохаць’, славен. trapiti ’мучыць; дакучаць’, балг. тра́пен ’збіты з панталыку, азадачаны’. З прасл. *torpěti ’палохацца’, якое звязана з *torpiti ’прыспешваць’, *t​ьr̥pěti ’цярпець’. Роднаснае да лац. torpeo ’знаходжуся ў здранцвенні, аслупяненні’, літ. strópti ’рабіцца сухім, цвёрдым (пра печыва)’ з развіццём семантыкі ’цвёрды’ — ’здранцвелы’ — ’спалоханы’ (Фасмер, 4, 85–86; Брукнер, 575; Чарных, 2, 252; ЕСУМ, 5, 607; Голуб-Ліер, 487, 491; Шустар-Шэўц, 1525). Гл. торап.

Тарапо́м ’няшчыльна; абы-як’: сена не тапталі, тарапом у брыку накідалі (мядз., Нар. словатв.), можна зразумець і як ’спехам, спяшаючыся’. Тады да тарапіцца1, торап, гл. У сувязі з гэтым вывядзенне з літ. tarpas ’прамежак’ (гл. тарпа1), якое прапануе Санько (Крыўя, 1996, 1, 92), здаецца неабавязковым.

Тарап’я́ ’спяшаючыся, у спешцы’ (Ян.). Гл. тарапіцца1.

Тарапя́нка ’страціўшая раўнавагу’. Да тарапіцца2.

Тарара́ ’пра гук барабана; шматслоўная балбатня’ (Нас.). Параўн. укр. тарара́ ’выгук, які перадае крык курыцы’, рус. тарара́, тарары́ ’балбатня’, польск. tararа ’пра гук трубы’. Гукаперайманне.