Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Свіста́ць. Гл. свіст.

Сві́сты экспр. ‘адзенне вузкае, цеснае’ (Юрч. Сін.). Параўн. польск. świstek ‘звітак’. Да свіст, свішч ‘вузкая адтуліна’ (гл.), параўн. размоўнае штаны дудачкамі (з вузкімі калашынамі).

Свісце́ць. Гл. свіст.

Свісцёл ‘маркоўнік, Anthricus silvestris Hoffm.’ (ТС). Іншыя назвы стволле, ствольны цвет. Полыя сцёблы парасонавых раслін часта маюць назву дудка,; гл. Мяркулава, Очерки, 67. Тады свісцёл да свісцець; параўн. наступнае слова.

Свісцёлка ‘духавы народны музычны інструмент’, ‘свістулька’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк.), сюды ж свісце́лка, свісце́лік, свісту́шка, свісто́лік ‘свісток’ (ТС). Да свістаць (гл.). Аналагічна ўкр. свисті́лка, рус. свисте́лка, польск. świszczałka ‘свістулька’.

Сві́та1 ‘асобы, якія суправаджаюць важную высокапастаўленую асобу’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘кампанія’ (Сл. ПЗБ, ТС). З рус. сви́та (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 71), вядомага з 1709 г., або праз польск. świta з ням. Suite < франц. suite ад suivre ‘ісці следам’ (Праабражэнскі, 2, 262; Фасмер, 3, 581; Борысь, 624).

Сві́та2, сві́тка ‘доўгая сялянская верхняя вопратка з даматканага сукна’ (Нас., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), світно́ ‘тс’ (Арх. Федар., Серб. Вічын, ЛА, 4). Укр. сви́та, рус. паўдн. сви́та, сви́тка ‘світа’, пск. ‘лыкавая вяроўка’, ст.-рус. съвита, свита ‘від вопраткі’, польск. świtaусх.-слав., Брукнер, 538; Тарн., 20), серб.-харв. сви̏та ‘сукно’, ‘сінія і чырвоныя палоскі сукна як нагрудныя ўпрыгожанні белых сялянскіх каптаноў’, славен. svȋta ‘вопратка’, балг. сви́тка ‘від старой жаночай вопраткі; нашытыя ўпрыгожанні ў выглядае тасёмкі’, макед. сви́та ‘від тонкай шарсцяной тканіны’, ст.-слав. свита ‘від вопраткі’. Этымалогія і рэканструкцыя зыходнай формы спрэчныя. Прапаноўвалі прасл. *sъvita і сувязь з віць, гл. Праабражэнскі, 2, 262; Скок, 3, 373. Фасмер (3, 581) указвае, што гэта форма быццам бы падтрымліваецца рус.-ц.-слав. съвить ‘палатно’, але фінскае запазычанне з слав. viitta ‘плашч’ прадугледжвае прасл. *svita, бо *sъvita дало б suviitta. Зыходзячы з *svita, параўноўвалі з лат. svietas ‘шарсцяныя анучы на нагах у жанчын’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1167; гл. яшчэ БЕР, 6, 558–559; ЕСУМ, 5, 193.

Світа́нне ‘світанак; золак (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Сл. ПЗБ). сьвіта́ньня ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. свитане: зпоранку на свитаню (XVII ст.; Карскі 2-3, 433), параўн. славен. svitanje ‘тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад світа́ць ‘днець’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), што да прасл. *svitati, параўн укр. світа́ти, свита́ти ‘світаць, слаба свяціцца’, польск. świtać ‘світаць’, чэш. svítati ‘тс’, в.-луж. switać, н -луж. switaś ‘тс’, харв. svȉtati, славен. svítati ‘тс’, ст.-слав. свитати ‘світаць, днець’. Праславянскі дзеяслоў выводзіцца як шматкратны з прасл. *svьtěti ‘свяціць’ (гл. свяціць) і мае паралелі ў літ. švitéti ‘ззяць, свяціць’ < і.-е. *kʼu̯ei̯t‑ ‘свяціцца, светлы, белы’, параўн. гоц. hweits ‘белы’, нарв. kvit, дац. hvid, ст.-англ. hwít, англ. white, ст.-в.-ням. (h)wïz, ням. weiss ‘белы’ (Глухак, 600; Бязлай, 3, 352; Сной₂, 716). Сюды ж світа́льна зорка ‘заранка’ (гродз., Сл. ПЗБ).

Світа́ш ‘неакаванае кола’ (глыб., Сл. ПЗБ). Няясна.

Сві́тэр ‘цёплая вязаная фуфайка без засцежак з высокім каўняром (ТСБМ). Праз рус. сви́тер ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79) з англ. sweater ад sweat ‘пацець’. Гл. таксама адаптаваную форму сві́тра (пруж., Сл. ПЗБ).

Свіце́цца, свіці́цца ‘прасвечвацца’, ‘быць чуць бачным’ (Гарэц., Касп., Шат., Стан., Сл. ПЗБ, ТС): голэ це́ла сьвіці́цца (Сл. нар. фраз.). Магчыма, з свяці́цца ‘тс’ (гл. свяці́ць): страха свяці́лася (Сл. ПЗБ) у выніку прыпадабнення да наступнага складу, аднак не выключаны ўплыў літ. svitéti ‘ззяць, свяціць’, параўн. світы́й ‘шчаслівы, радасны’, якое выводзяць з літ. дыял. šviñtas ‘святы’ (Сл. ПЗБ, 4, 399).