Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Све́так ‘сведка’ (Нас.), свіэток ‘тс’ (Бес.). Гл. сведка; магчыма, пад уплывам польск. swiadek, ‑т‑ з светка, светкі (гл.).

Све́тач ‘каганец, лучнік, прыстасаванне трымаць лучыну’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Жд. 2, Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл., Мат. Маг., ЛА, 4), перан. ‘пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды і культуры’ (ТСБМ); іншыя варыянты: сьве́тыч (Бяльк.), све́таш, свя́таш, све́туш, світа́ч (Сл. ПЗБ). Укр. сві́та́ч ‘маленькі жалезны падсвечнік пры іконе, жалезная рашотка для лучыны ў палескай курной хаце’, све́тич, сві́тич ‘каганец, ліхтар’, рус. кніж. све́точ ‘вялікая свечка, ліхтар’ да паловы XIX ст., потым толькі ў пераносным значэнні ‘свяцільнік, зніч’ у высокім рытарычным стылі, гл. Вінаградаў, Этимология–1963, 87 і наст.; дыял. (зах.) светыч ‘прыстасаванне для асвятлення’, ст.-рус. свѣтычь ‘каганец, свяцільня’. Да асновы свет‑ (гл. свет, святло). Суфіксацыя выклікае цяжкасці. Для рускага слова Вінаградаў (там жа) першаснай лічыць форму светыч, а форма светоч магла ўзнікнуць па фанетычных прычынах у акаючых гаворках, а таксама пад уплывам марфалагічных змяненняў з-за ізаляванасці суф. ‑ыч‑, яго архаічнага і дыялектнага характару. Аднак Слаўскі (SP, 1, 103) выводзіць з пашыранага фармантам ‑jь суф. ‑okъ праславянскі суф. ‑očь, прадстаўлены ў польск. дыял. żarłocz ‘абжора’, widocz ‘прывід; уяўленне’ і інш., што не выключае яго рэалізацыі ў светач. Вярхоў (Бел. мова, 80 і наст.) дапускае магчымасць запазычання слова з рускай мовы, але падкрэслівае, што поўнасцю гэта можна сцвярджаць толькі для пераносных значэнняў беларускага слова, якія з’явіліся пад уплывам рускай мовы. Не выключана і адваротнае запазычанне ў рускую мову зыходнага светач, улічыўшы шырокае распаўсюджанне слова ў народнай мове, формы з канцавым націскам на суф. а́ч і дзеяслоў све́таць ‘свяціць’ (іўеў., Сл. ПЗБ).

Све́тка (свѣтка) ‘сведка’ (Нас., Шымк. Собр.), сьве́тка ‘тс’, мн. л. светкі ‘тс’ (Бяльк.; петрык., Яшк. Мясц.): немашака светак (Сержп. Казкі), све́тка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свя́тка ‘тс’ (Скарбы), ст.-бел. свѣтки ‘сведкі’ (1450 г.), светок ‘сведка’ (XVI ст.). Апошняе, згодна з Карскім (1, 275), пад уплывам формы мн. л. свѣтки, ад яго, відаць, і свѣтчити, свѣтчу (1487 г.), што адлюстроўваюць аглушэнне д (Карскі, 1, 274; 2–3, 261), гл. сведчыць. Адсюль запазычана і літ. sviẽtkas ‘сведка’ (Буга, Rinkt., 2, 495), форма з ‑я‑ пад уплывам польск. świadek ‘сведка’. Сюды ж дыял. све́тчыць (свѣтчиць) ‘пацвярджаць; дапамагаць; даносіць’ (Нас.). Станкевіч (Язык, 643) бачыць тут корань ‑вет‑ (*‑vět‑), гл. веціць, адно са значэнняў якога было ‘гаварыць, абвяшчаць’, што, магчыма, паўплывала на першасную форму. Гл. сведка.

Све́тлік ‘прыстасаванне для асвятлення хаты лучынай’ (Сцяшк.). Да светлы, святло (гл.).

Све́тлы ‘які ярка свеціць’, ‘добра асветлены’, ‘не цёмнага колеру’, ‘чысты, празрысты (аб вадкасці)’ (ТСБМ, Нас.). Укр. сві́тлий, рус. све́тлый, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтьлъ, польск. światły, в.-луж., н.-луж. swětły, чэш. světlý, славац. svetlý, серб.-харв. сви̏јетао, свијѐтла, свијѐтло, славен. svétel, балг. све́тъл, макед. светол. Прасл. *světьlъ, дэрыват ад *světъ (гл.) з суф. ‑ьlъ (Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 595). Інакш Сной₁ (622), які разглядае слова як дзеепрыметнік на ‑l‑ ад прасл. дзеясл. *svěsti, svísti ‘свяціць’, якія потым былі выцеснены новым дзеясловам *světiti (гл. свяціць), што, мабыць, залішне. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1387; БЕР, 6, 543–544; Борысь, 621; Мартынаў, Лекс. взаим., 169.

Све́тнік ‘расліна Coronaria L.’ (ТСБМ, Кіс.), ‘жаўтацвет, Adonis L.’ (ТСБМ). Ад свет (гл.). Назва дадзена па форме кветак, якія нагадваюць ліхтарыкі, або з-за іх яркасці, параўн. светнік росце по горках, здалек вон видно (лельч., Арх. ГУ).

Све́тніца ‘мноства, безліч’: на базары яблыкаў светніца (слонім., Нар. словатв.). Да свет (гл.) у адпаведным значэнні.

Све́чка ‘палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам у сярэдзіне, якая служыць для асвятлення’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Бяльк.), ‘капелька тлушчу на паверхні вадкай стравы’ (смарг., паст., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ; Барад.; рас., Шатал.), свяча́ ‘свечка’ (Нас., Ласт.), свеча́ ‘свечка’, ‘прамы сук у сасны’ (ТС), сві́чкі ‘перыяд ад каляд да вадохрышча’ (Сл. Брэс.), све́чнік ‘падсвечнік’ (Ласт., ТСБМ), сьве́чня ‘тс’ (Ласт.), свеча́к ‘светач’ (лях., Сл. ПЗБ). У большасці гаворак ужываецца памяншальная форма ад свяча; параўн. укр. свіча́, рус. свеча́, ст.-рус. свеча, польск. świeca, в.-луж. swěca, н.-луж. swěča, чэш. svíce, славац. svieca, серб.-харв. свијећа, славен. sveča, балг. свещ, макед. све́ка. Прасл. *světja ад асновы *svet‑; гл. Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 596, Сной₁, 622. Параўноўваюць з ст.-інд. svetyás ‘белы, светлы’, svetyá; гл. Уленбек, 323; Траўтман, 311; гл. яшчэ БЕР, 6, 545–546; Шустар-Шэўц, 1384–1385; Борысь, 622.

Свёкар ‘бацька мужа’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ), свёкарка (Кос.), свяко́р (смарг., вільн., шальч., Сл. ПЗБ), свёкор ‘тс’ (ТС). Рус. свёкор, укр. све́кор, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свекръ, польск. старое świekier, чэш. svekr, славац. svekr, sveker, svokor, серб.-харв. све̏кар, серб.-ц.-слав. свекръ, славен. svéker, балг. све́кър, макед. свекор. Прасл. *svekrъ (Фасмер, 3, 571 і наст.). Узнаўляюць яшчэ (Махэк₂, 595; Слаўскі, SP, 2, 17) і прасл. *svekъrъ; супраць Трубачоў (История терм., 118 і наст.), які лічыць, што мяркуемая і.-е. праформа *su̯ekuros не тлумачыць слав. *svekrъ, лац. socer ‘цесць, свёкар’, гоц. swaihra, с.-в.-ням. swāger ‘свёкар’, якія паходзяць з *su̯ekros, і разглядае ‑ъ‑ і замяняючыя яго галосныя ў розных славянскіх формах як галосныя эпентэтычнага паходжання. Параўн. яшчэ літ. šẽšuras, ст.-інд. śvaśura, арм. skesur ‘цесць, свёкар’. Усе і.-е. паралелі сведчаць аб ‑к‑ палатальным; цвёрдае ‑к‑ у слав. *svekrъ застаецца няясным. Яго тлумачаць пранікненнем з свякроў (гл.); Фасмер, 3, 571–572; Скок, 3, 370; Мартынаў, Слав. акком., 159–160, мяркуюць, што цвёрдае ‑к‑ у прасл. *svekrъ з’явілася ў выніку дысіміляцыі, але не з *svesrъ, а з *svexrъ (x < і.-е. ‑k‑). Агляд версій гл. яшчэ БЕР, 6, 539; Шаўр, Etymologie, 41–45; Глухак, 597.

Свёкліна ‘месца на сенажаці з высокай густой травой’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма, з *сёкліна ‘вільготнае месца’, параўн. рус. пск. сёкать ‘мачыцца’.